“Яна мая”: абВаяльнасць вясны

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Хоць на вуліцы яшчэ гурбамі ляжыць наздраваты снег, а люстэркі лужын зацягнуты крохкай лядовай плёнкай, аркі з ледзяшоў ужо граюць музыку вясны, якая бярэ ў палон сэрца кожнага гараджаніна. А што лепей дапаможа скінуць апошнюю зімовую скаванасць, як не цеплыня жаночай усмешкі, асабліва напярэдадні Міжнароднага жаночага дня? З гэтай нагоды ў галерэі “Атрыум” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставачнага праекта “АбВаяльнае мастацтва”, чыімі аўтарамі сталі адзінаццаць дзяўчын-скульптараў.

 /i/content/pi/cult/198/2242/Jana1.jpg

І.Швець. “Малое”.

На вернісажы былі прадстаўлены 35 скульптурных кампазіцый, зробленых з розных матэрыялаў. Гіпс, бронза, пясчанік, граніт — у кожным з іх маладыя скульптары прадэманстравалі адмысловы жаночы светапогляд, які дае жыццё непрадказальным, вытанчаным, часам — фантастычным вобразам.

— На маю думку, жанчына ў мастацтве — проста анёл, — сказаў на адкрыцці загадчык выставачнай дзейнасці НББ Фёдар Ястраб. — Асабліва тыя крохкія дзяўчаткі, якія бяруцца за стварэнне скульптуры. Гэта складаная прафесія, што патрабуе не толькі таленту і дасканаласці, але і фізічнага напружання. У ёй мала разлічваць на моцны духоўны патэнцыял і на памочнікаў. Можа, таму гісторыя мастацтва дэманструе нам не так многа прыкладаў жанчын-скульптараў высокага таленту.

Спадзяюся, сённяшнім аўтаркам, якія свядома абралі дадзены шлях, будзе спадарожнічаць зорка мастацкіх перамог. І напярэдадні 8 Сакавіка хочацца пажадаць ім раскрыць творчы патэнцыял на поўную моц, каб зрабіць сур’ёзны ўклад у новае мастацтва Беларусі.

У “Атрыуме” дзяўчаты раскрылі ўсе адценні пачуццяў і жаданняў, з якіх складаецца жаночая сутнасць.

Ірына Швець прадставіла непасрэднае “Малое”, у чыіх вачах ззяюць іскрынкі прагнага спазнання асяроддзя. Побач размясцілася ідэальная “Сям’я” Алены Рагатка. Дзявочае сэрца шукае разумнага тлумачэння для кожнага ўчынку, таму і “Ваяр” Вольгі Высоцкай выпраменьвае не жорсткасць і прагу да помсты, а велічнасць мудрасці.

Галоўным напрамкам выстаўкі стаў пошук раўнавагі чалавека і свету. Захаваць індывідуальнасць у “Натоўпе” прагне Кацярына Зантарыя.

 /i/content/pi/cult/198/2242/Jana2.jpg
А.Рагатка. “Княгіня Вольга”.

Алена Ліпінская марыць аб душэўным балансе жыхара ў джунглях “Горада”. Работы Ганны Старавойтавай гавораць пра тое, што гэтыя пытанні можна вырашаць, калі шчыра дарыць “Пяшчоту” кожнай жывой істоце.

Мы звыклыя да таго, каб аб скульптары гаварылі яго работы. Моладзь жа вырашыла пайсці далей і побач з экспанатамі паказаць і сябе. Для незвычайнага эксперыменту паклікалі маладога фатографа Юлію Лейдзік. Для кожнай аўтаркі яна падрыхтавала серыю здымкаў. Спецыяльна да экспазіцыі падрыхтаваны каталог “Яна мая”, куды ўвайшлі рэпрадукцыі твораў усіх удзельніцвыстаўкі “АбВаяльнае мастацтва”.


Людміла МАКОЎСКАЯ