Аналагаў у Еўропе няма!

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Атмасфера ў сценах Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета напярэдадні яго адкрыцця пасля рэстаўрацыі і рэканструкцыі нагадвала той своеасаблівы настрой, які папярэднічае прэм’еры грандыёзнага спектакля. Але паўсюдны імпэт не меў прысмаку празмернай спешкі, нервознасці і тлуму. Зрэшты, тым, хто ўпэўнены ў сваіх сілах, такі настрой і не ўласцівы.

 /i/content/pi/cult/198/2241/Operny1.jpg
Будаўнікі завяршалі свае справы пад урачыстыя гукі аркестра: у глядзельнай зале ўжо поўным ходам рэпеціравалі святочны гала-канцэрт.
Оперныя салісты выходзілі на сцэну ў спецыяльных поліэтыленавых бахілах, якія выдаваліся кожнаму, чые падэшвы ступалі па чысцюткай падлозе тэатра.
Заспець у Оперным намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Грыдзюшку карэспандэнту “К” было нескладана: як своеасаблівы куратар рэстаўрацыі ён праводзіў у сценах тэатра куды больш часу, чым за звычайны працоўны дзень.
— Звышскладаныя работы ў Тэатры оперы і балета сталі сапраўдным экзаменам для беларускіх будаўнікоў, асабліва для генеральнага падрадчыка — знакамітай “Эльвіры” і яе кіраўніка Валерыя Поткіна, — адзначыў намеснік міністра. — І гэты іспыт яны вытрымалі вельмі годна, здзейсніўшы сапраўдны працоўны подзвіг. Паводле нарматыву, рэстаўрацыя гэтага аб’екта патрабавала 54 месяцы. Але яе ўдалося зрабіць усяго за 36!Аднак ці не паўплывала апошняя акалічнасць на якасць гэтых работ? Мусіць, такое пытанне ўзнікла не толькі ў мяне. Таму Уладзімір Грыдзюшка адразу ж запэўніў, што кантроль над якасцю быў няспынны і вельмі пільны.
— Усе будаўнікі, уключна з простымі рабочымі, разумелі значнасць аб’екта, на якім яны працуюць, — дадаў ён. — І таму працавалі з поўнай аддачай.
Крышачку “голай фактуры” (балазе яна выглядае пераканаўчай і без ацэначных эпітэтаў). Агульны кошт выкананых работ і набытага абсталявання склаў 307 мільярдаў рублёў. На аб’екце працавала каля сотні субпадрадных будаўнічых арганізацый розных напрамкаў дзейнасці. Генеральны праекціроўшчык “Белдзяржпраект” меў на субпадрадзе каля 30 праектных арганізацый.
Прылеглая да тэатра тэрыторыя — а гэта амаль 60 тысяч квадратных метраў — была добраўпарадкавана сродкамі і высілкамі Мінгарвыканкама. Карысная плошча будынка павялічылася з 27 тысяч квадратных метраў да 36 тысяч. Гэта адбылося за кошт былога “паддашка”: раней ён не выкарыстоўваўся, а цяпер там удалося зрабіць ажно тры паверхі, куды перасяліліся майстэрні і тэхнічныя службы.
Чыгунка і спадчына ледавіковага перыяду
У кабінеце Валянціна Пышнога, які выконвае абавязкі генеральнага дырэктара тэатра, звярнуў увагу на схематычную выяву Opera de Paris у разрэзе. Не ўстрымаўся ад пытання: як жа будзе выглядаць наш тэатр, у параўнанні з праслаўленым парыжскім?
— Электрамеханічнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў Парыжскай оперы, можна смела назваць састарэлым, — адказаў Валянцін Пышной. — Скажам, тых найноўшых гідраўлічных сістэм пад’ёму сцэны, якія ўсталяваны ў нас, там пакуль што няма.
Перавага гідраўлічнага прынцыпу ў тым, што ён забяспечвае больш плаўныя рухі механізмаў, чым электрамеханічны. Прычым трансфармацыя сцэны адбываецца без “лішніх” гукаў, што могуць сапсаваць уражанне ад відовішча.
 /i/content/pi/cult/198/2241/Operny2.jpg

Таму ў захопленых спектаклем гледачоў не ўзнікне дадатковай нагоды задумацца пра тое, што сцэна тэатра — гэта толькі бачная “вяршыня айсберга”. Пад ёю — цэлы падземны завод па вытворчасці захапляльных відовішчаў. Агульная вага металічных канструкцый, размешчаных у 20-метровым катлаване, перавышае 900 тон.
Абсталяванне, зробленае ў Германіі па эксклюзіўнай замове, сёння яшчэ ў стадыі наладкі. Але выглядае яно ўсё адно ўнушальна. Асабліва ў спалучэнні з расповедамі спецыялістаў. Канструкцыя складаецца з 20 рухомых кампанентаў, кожны з якіх можна ўздымаць на розную вышыню і надаваць яму адпаведны задуме рэжысёра вугал нахілу.
Уладзімір Грыдзюшка адзначыў, што менавіта ўсталяванне гэтых канструкцый стала ці не найскладанейшай часткай пераўвасаблення тэатра.
Экскаватар, які працаваў непасрэдна ў яго сценах, з цяжкасцю заглыбляўся ў нетры зямлі. Яе, дарэчы, пры будаўніцтве катлавана было вывезена больш за дзве тысячы кубаметраў.
Для таго, каб зрабіць трум пад сцэнай, трэба было ўвагнаць у зямлю больш за 300 паляў. У суткі ўдавалася забіваць усяго па адной. Тым болей, будаўнікі выявілі нечаканую і прыкрую для сябе акалічнасць: аказваецца, у тоўшчы зямлі, непасрэдна пад сцэнай тэатра, хаваліся вялізныя валуны, якія засталіся “ў спадчыну” ад ледавіковага перыяду...
Яшчэ адна складаная праблема — дастаўка ў будынак цяжкіх кампанентаў металічных канструкцый — была вырашана даволі вынаходліва: у тэатры на час работ была збудавана своеасаблівая чыгунка, якая вяла з вуліцы на саму сцэну.
Зрэшты, пад’ёмныя канструкцыі — далёка не адзіная “разыначка” тэатра. Іх тут нямала. Прыкладам, аркестравая яма таксама здатная трансфармавацца, пры патрэбе “выроўніваючыся” з узроўнем сцэны. Націснуўшы на “чароўную” клавішу пульта, можна прымусіць фуру з інструментамі аркестра вокамгненна “знікнуць” у спецыяльнай нішы, размешчанай пад глядзельнай залай.

Нягледзячы на тое, што мікрафоны оперным спевакам не патрэбны, зала забяспечана стацыянарнай акустычнай сістэмай, зробленай у Канадзе па спецыяльнай замове, якая прызначана для правядзення “няпрофільных” імпрэз. Такая апаратура лічыцца адной з лепшых у свеце. Увогуле, Оперны тэатр заўсёды славіўся сваімі акустычнымі ўласцівасцямі, але, пабываўшы 26 лютага на першай рэпетыцыі аркестра, спецыялісты адзначылі: акустыка стала нават лепшай, чым была раней.

 /i/content/pi/cult/198/2241/Operny3.jpg
— Можна з упэўненасцю казаць пра тое, што такога комплексу сцэнічнага абсталявання няма ні ў адным тэатры оперы і балета не толькі постсавецкай прасторы, але і Заходняй Еўропы, — з гонарам адзначыў Уладзімір Грыдзюшка. — У некаторых тэатрах ёсць люкі правалу, у некаторых — пад’ёмна-апускныя пляцоўкі, у некаторых — фура з паваротным колам ці балетная фура... А ў нас усе кампаненты сучаснага тэатра спалучаны разам! Сцэна Опернага ўвабрала ўсё самае лепшае, што ёсць у сусветнай практыцы для такіх тэатраў.
Патэнцыял, які чакае асваення

Вядома, у кожнага з нас адразу ўзнікне пытанне: калі ж мы здолеем ацаніць усе ўласцівасці новай сцэны тэатра не на словах, а на свае ўласныя вочы? Па словах Валянціна Пышнога, з гэтым давядзецца трохі пачакаць. Галоўная прычына заключаецца ў тым, што спектакля, які б напоўніцу выкарыстоўваў патэнцыял сцэны, у рэпертуары тэатра пакуль няма. Яно і зразумела: рэжысёр-пастаноўшчык заўсёды зыходзіць з наяўных магчымасцей, а яны ў мінулыя гады былі куды больш сціплыя, чым цяпер.

Што да адаптацыі старых спектакляў да новых магчымасцей… Валянцін Пышной не лічыць мэтазгодным змяняць іх сцэнаграфію, бо адзін з найважнейшых прынцыпаў тэатра — павага да аўтарскай працы.

Другое пытанне, якое ўзнікла пад час агляду ўражальнага агрэгата сцэнічнага комплексу, таксама падаецца заканамерным: ці не паўстане праблема з асваеннем новых механізмаў тэхнічным персаналам тэатра?

— Безумоўна, абсталяванне вельмі складанае, але праблему з яго асваеннем нам удасца вырашыць, — кажа Валянцін Панцялеевіч. — Раней у нашым тэатры не было пасад інжынераў-механікаў, аднак цяпер яны ўведзены ў патрэбнай колькасці. Увогуле, тэхнічны персанал Тэатра оперы і балета пасля рэстаўрацыі папоўніўся ажно на 160 адзінак. Нам удалося падабраць добрую каманду спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, і ўжо сёння яны працуюць над падрыхтоўкай сцэны, пераймаючы досвед у нямецкіх наладчыкаў. Дзякуючы таму, што паводле Указа Прэзідэнта заробак работнікаў нашага тэатра павялічыўся на 75%, а таксама даплатам з Фонду спажывання, нам удаецца ствараць для кваліфікаваных тэхсупрацоўнікаў прывабныя ўмовы.

— Мы ставілі задачу перад тэхнічнымі службамі тэатра, каб яны працавалі разам з тымі, хто робіць мантаж абсталявання, займаецца пусканаладачнымі работамі, — працягвае тэму Уладзімір Грыдзюшка. — Больш за тое, ёсць дамоўленасць з замежнымі партнёрамі адносна стажыровак для беларускіх спецыялістаў у тых фірмах, якія пастаўлялі абсталяванне. Але шмат якія навыкі можна засвоіць на месцы, тут і зараз, і трэба прыкладаць высілкі, каб такая унікальная магчымасць выкарыстоўвалася напоўніцу.

На сцэне тэатра заспеў яго галоўнага інжынера — Валерыя Макароўскага. У адказ на пытанне, як адбываецца асваенне новых прыстасаванняў, пачуў, што працэс ідзе плённа. Хаця асвойваць трэба багата чаго. Сцэна мае тры кабінеты, вытрыманыя у рознай колеравай гаме, і забяспечана ажно 110 дэкарацыйнымі пад’ёмамі.
 /i/content/pi/cult/198/2241/Operny4.jpg

— Уяўляеце, колькі розных дэкарацый можна выкарыстаць у адным спектаклі! — адзначыў з гэтай нагоды Уладзімір Грыдзюшка.

Зрэшты, адаптацыя старых дэкарацый да новай сцэны — гэта яшчэ адзін вялікі “кавалак працы”. Па словах начальніка ўчастка мехабсталявання Міхаіла Мярковіча, спраў хопіць на ўсё лета. Асабліва калі згадаць, што новая сцэна мае чатырохпрацэнтавы нахіл, прызначаны для таго, каб нават тыя гледачы, якія набылі не самыя дарагія квіткі, маглі добра бачыць тэатральную дзею.

Нават такі, здавалася б, прыземлена-утылітарны аспект, як уборка памяшканняў тэатра, не застаўся без увагі. Каб захоўваць у ідэальным выглядзе мармур і граніт — а плошча, пакрытая гэтымі матэрыяламі, перавышае сем з паловай тысяч квадратных метраў, — спатрэбілася адмысловая тэхніка. Адмысловыя вышкі былі закуплены і для мыцця высокіх вокнаў.

Звышскладаны механізм Тэатра оперы і балета не будзе спраўна працаваць без такога складніка, як ахова працы. Тым болей, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы прымушае звярнуць на прафілактыку траўматызму асаблівую ўвагу. Як адзначыў загадчык сектара па ахове працы Анатоль Зотаў, кваліфікаваных спецыялістаў, якія працуюць пад яго кіраўніцтвам, у штаце тэатра прыкметна паболела. А новыя інструкцыі, датычныя бяспекі працы, ствараюцца паралельна з асваеннем новага абсталявання.

Звышсучаснае “начынне” гістарычнай “праўдзівасці”

Рэстраўрацыя тэатра спалучалася з яго рэканструкцыяй і мадэрнізацыяй. Менавіта ў неабходнасці вырашыць гэтыя дзве задачы адначасова заключалася асноўная складанасць аб’екта.

Дасведчаныя людзі кажуць, што збудаваць гмах “з нуля” часам бывае куды прасцей і танней, чым правесці яго грунтоўную рэстаўрацыю. Уладзімір Грыдзюшка ахвотна пагаджаецца з гэтым тэзісам. Але... Справа не толькі ў кошце.

— Мы ні на хвіліну не забываліся пра тое, што работы вядуцца на помніку архітэктуры, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці — адзначыў намеснік міністра. — І таму даткліва прытрымліваліся ўсіх правілаў рэстаўрацыйнай справы. Для нас было важна аднавіць гістарычную справядлівасць, вярнуць тэатру тое аблічча, якім яго бачыў— ці, прынамсі, хацеў убачыць — сам Лангбард. Гэты прынцып дбайна вытрымліваўся ва ўсім, ажно да дробязей: і форма даху, і колер фасадаў, і фае, і лесвіцы набылі выгляд, адпаведны задуме архітэктара. Нават жырандолі і заслона ў глядзельнай зале былі зроблены па вобразе і падабенстве тых, якія прадугледжваў праект Лангбарда.

Жырандоляў і свяцільнікаў у тэатры прыкладна 1200, але асаблівую ўвагу прыцягвае іх “каралева” — такі ж саамы неад’емны іміджавы атрыбут глядзельнай залы, як і заслона. Шыкоўная канструкцыя памерам тры з паловай на чатыры метры важыць каля тоны. І, што самае адметнае, родам яна не з “заморскіх” краёў, а са старадаўняй Ліды.

А заслона, дарэчы, паходзіць з Баранавічаў, як і “адзенне” сцэны. Удзел у пераўвасабленні Тэатра оперы і балета стаў для некалькіх дзесяткаў айчынных прадпрыемстваў сапраўдным выпрабаваннем на канкурэнтаздольнасць. І негаласлоўным аргументам на карысць закліку “Купляйце беларускае!”.

Крэслы ў зале таксама цалкам адпавядаюць бачанню Лангбарда — у адрозненне ад тых, што з’явіліся тут у 60-я гады. Прычым іх колькасць трохі паболела: сёння зала змяшчае амаль на паўсотні гледачоў больш.

Даводзілася чуць меркаванне, нібы ўсталяванне на фасадзе тэатра скульптур не надта адпавядае эстэтыцы канструктывізму, у якой вытрыманы будынак.

— Ёсць дакументальныя сведчанні таго, што наяўнасць скульптур на будынку была “прапісана” ў праекце самім архітэктарам, — кажа Уладзімір Грыдзюшка. — Хаця задума пад час будаўніцтва ў 1930-я гады не была рэалізавана.

І, бадай, самае важнае: гістарычная “праўдзівасць” тэатра ідэальна спалучаецца з яго звышсучасным “начыннем”. Будынак літаральна нашпігаваны інтэлектуальнымі інжынернымі сістэмамі, прызначанымі клапаціцца не толькі пра бяспеку гледачоў, але і пра іх камфорт. Наведвальнікі тэатра абавязкова звернуць увагу на сістэму кандыцыянавання паветра.

* * *

Сапраўды, “слоўны партрэт” абноўленага тэатра быў бы няпоўны без такой яго рысы, як камфортнасць. Прычым камфортней будуць адчуваць сябе і гледачы, і артысты. Першым не давядзецца тоўпіцца ў антракце ў доўгай чарзе па каву: замест аднаго буфета ў тэатры адгэтуль іх будзе ажно чатыры. Другія неўзабаве маюць ацаніць утульныя грымёркі. І ўжо ацанілі магчымасць ладзіць свае рэпетыцыі на спецыяльнай сцэне, якая, паводле сваіх параметраў, з’яўляецца дакладнай копіяй асноўнай.

Таму і нядзіўна, што прапановы арандаваць тэатр для правядзення там прадстаўнічых імпрэз сталі паступаць яшчэ перад адкрыццём. Тэлефануюць таксама і вядомыя мастакі — з прапановамі зладзіць свае выстаўкі ў фае. Не дзіўна — бо гэтая пляцоўка мае ўсе перадумовы, каб стаць адным з найпрэстыжнейшых культурных цэнтраў краіны.

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА