Ад “Купалінкі” да Моцарта

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

У рэспубліцы ў чарговы раз шырока прайшлі тэматычныя выстаўкі, канцэрты і іншыя мерапрыемствы, з’яднаныя ідэяй “Чарнобыльскага шляху”. Іх арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Камітэт па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, кіруючую ролю ажыццяўляў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Аднымі з першых праклалі сёлета гастрольны “Чарнобыльскі шлях” артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 26 красавіка фальклорная група “Купалінка” завяршыла буйны гастрольны тур па Беларусі, які ішоў з першых дзён красавіка. “Чарнобыльскі шлях” ансамбля пачаўся з Мінскай вобласці, потым артысты паехалі на Брэстчыну, Гомельшчыну, Магілёўшчыну, закрануўшы нават некалькі прыгранічных расійскіх мястэчак, і, нарэшце, на Гродзеншчыну. Усяго за месяц адбылося 45 дабрачынных канцэртаў, заключнае ж выступленне “Купалінкі” прайшло ў Івянцы.

— Сустракалі нас вельмі добра, — расказаў дырэктар калектыву Генадзь Цялькоў. — Канцэрты адбываліся і ў раённых дамах культуры, і ў сельскіх клубах, усе залы заўсёды былі паўнюткія. Дый канцэрты нашы былі разнастайныя: мы ўключалі і духоўную музыку, і вясёлыя народныя мелодыі. Бо беларусы па натуры — аптымісты. І, нягледзячы на выпрабаванні лёсу, жыццё працягваецца. Паралельна, у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай па адборы і выяўленні таленавітых і адораных дзяцей, праводзіўся дзіцячы конкурс. Журы яго ўзначальвала кіраўнік ансамбля “Купалінка”, заслужаная артыстка Беларусі Алена Цялькова. Дзеці паказвалі ўсё, на што яны здольны: і спявалі, і танцавалі, і малюнкі прыносілі — іншымі словамі, былі прадстаўлены ўсе жанры. Пераможцы гэтага конкурсу прадэманструюць сваё майстэрства ў Мінску ў пачатку чэрвеня.

Творчую акцыю, прысвечаную памяці ахвяр катастрофы, правёў і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Адбыліся выязныя выступленні калектыву ў Бабруйску, Гомелі, Баранавічах. Акрамя праграмы “Чайкоўскі-гала”, быў паказаны аднаактовы спектакль “Моцарт і Сальеры”, прагучаў знакаміты Рэквіем Моцарта. У паездках узялі ўдзел вядомыя маладыя піяністы Андрэй Сікорскі і Наталля Котава, салісты Беларускай оперы Юрый Гарадзецкі, Настасся Масквіна, Эдуард Мартынюк, Наталля Акініна і іншыя.

На працягу месяца па ўсёй рэспубліцы ішлі тэматычныя кінавідэапаказы. У Мінску, у Музеі прыроды і экалогіі, адкрылася выстаўка “Чорны боль Беларусі”. Сімфанічныя канцэрты пад грыфам “Памяці Чарнобылю” адбыліся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У адным з іх прагучалі прэм’еры твораў беларускіх кампазітараў — 12-ай сімфоніі Дзмітрыя Смольскага, буйной партытуры Алы Барзовай “Да новага свету”, упершыню ў Мінску выконваўся Альтовы канцэрт сусветна знакамітага Альфрэда Шнітке. У другім канцэрце Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі на чале з Пятром Вандзілоўскім прапанаваў праграму, складзеную са “Stabat mater” Расіні і 7-ай сімфоніі вядомага ўкраінскага кампазітара Яўгена Станковіча.

Наш кар.