Ці спатрэбяцца аддзелу культуры садоўнік ды капітан?

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Для вандроўніка горад пачынаецца з вакзала і гасцініцы. Аўтавакзал у Нароўлі рамантуецца, а гасцініца ўжо некалькі гадоў як даведзена да ладу — і цёплая (за кошт, натуральна, шклопакетаў), і ўтульная, і танная: аднамесны нумар абыходзіцца за суткі недзе ў 19 тысяч... І не пачынаў бы з гэтага гаворку, калі б не давялося ў свой час начаваць, скажам, у Глыбокім, Чавусах, Хойніках, пра развіццё гасцінічнага сервісу якіх пісаць без слёз не выпадае... А для нараўлянскіх улад, па перакананні намесніка старшыні мясцовага райвыканкама Васіля Кузьмянкова, дыхтоўнасць гасцініцы — справа гонару. І справа гэтая — красамоўны доказ перспектыўнага бачання развіцця раённага цэнтра. Галоўны вектар гэтага развіцця — сацыякультурны. І не за гарамі той час, калі Нароўля паўнапраўна ўвойдзе (як колісь Тураў, Жыткавічы і Мазыр) у турыстычнае “Залатое кольца Гомельшчыны”. І прывабяць турыстаў не толькі прыпяцкія краявіды, але і знакавыя аб’екты культуры, адраджэннем якіх цяпер і заняты мясцовыя культасветнікі. Аднаўленне, рэканструкцыя ці рамонт такіх аб’ектаў абумоўлены Дзяржаўнай праграмай развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007 — 2010 гады. І менавіта з улікам гэтага вядзецца цяпер уладкаванне кавярні ў гатэлі, дзе ў бліжэйшай перспектыве любы падарожнік зможа замовіць звечара паўнацэнны сняданак проста ў нумар...

Жыллё з... басейнам, або Крокі па ўмацаванні гарадскога статуса

Хоць і датуецца раён з дзяржаўнага бюджэту, хоць і не ачуняў як след пасля Чарнобыльскай бяды, але сацыяльна-культурныя змены за апошнія гады (быў тут у верасні 2007-га) назіраюцца істотныя.

Дзіцячая школа мастацтваў, у адпаведнасці з названай Дзяржпраграмай, займела шатровы дах і адрамантаваны фасад. Заказчыкам выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, а работы, на якія з абласнога бюджэту было выдаткавана 624 мільёны рублёў, выканала летась перасоўная мехкалона 107.

Дарэчы, ДШМ знаходзіцца непадалёк ад гарадской гасцініцы, Нараўлянскага музея этнаграфіі (будынак яго — былы жылы дом, узведзены 100 гадоў таму, а цяпер — помнік драўлянага дойлідства), цэнтральнай райбібліятэкі, старасвецкага парку і ў сукупнасці з гэтымі аб’ектамі ўтварае сацыякультурную дамінанту райцэнтра. А побач — неўтаймоўная Прыпяць, па берагах якой гадоў 20 — 25 таму не было месца ад турыстычных палатак, і помнік адселеным вёскам, што стаў сімвалічным памежжам таго, што было да і засталося, узбудавалася і развілася пасля чарнобыльскай навалы. І час ужо, як сцвярджае намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкама Васіль Кузьмянкоў, з усёй паляшуцкай трываласцю замацоўвацца на новых стваральных паслячарнобыльскіх пазіцыях, і не толькі замацоўвацца, але і планамерна рушыць наперад.

Жыллё для маладых спецыялістаў сацыякультурнай сферы ў Нароўлі — справа, так бы мовіць, рэгламентаваная. Вакансій на пасады ўрачоў, настаўнікаў і работнікаў культуры ў райцэнтры няма. Там-сям узнікаюць новыя жылыя мікрараёны, і кватэрнае пытанне вырашаецца без асаблівых прамаруджванняў. Толькі за апошні час службовае жыллё ў дамах па вуліцы Мінскай атрымалі выкладчыкі ДШМ Наталя Полаз, Андрэй Кертычны, Аляксандр Панаід... Да слова, гэтая жыллёвая забудова — унікальная і сапраўды маладзёжная. Паміж двума шматкватэрнымі дамамі летась распачаліся работы па рэканструкцыі былой канторы аграпрамтэхнікі ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, саунай, спартыўнай залай і трэнажорнымі пакоямі. Гэты праект — мясцовая ініцыятыва. І выконваецца ён па-за рамкамі Дзяржпраграмы развіцця малых гарадоў. Тым не менш, важнасць яго цудоўна ўсвядомілі і ў вобласці, выдаткаваўшы на ўзвядзенне комплексу 315 мільёнаў рублёў (з улікам складання праектна-каштарыснай дакументацыі). Карацей, Нароўля развіваецца і маладзее не на словах...

Але вернемся да культурных аб’ектаў, рамонт ці рэканструкцыя якіх закладзены ў Дзяржаўную праграму развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў.

У мінулым годзе была падрыхтавана дакументацыя на рэканструкцыю РДК. З гэтай мэтай выкарыстана 160 мільёнаў “праграмных” рублёў. У сёлетніх планах — прыбудова да Дома культуры рэпетыцыйнай залы з памяшканнямі для заняткаў двух дзесяткаў гурткоў, рэканструкцыя даху, уцяпленне фасада, замена сістэмы ацяплення, унутраная аддзелка. На ўсё пра ўсё, як той казаў, патрэбна 2 мільярды рублёў...

Цір як клубная структура

І яшчэ адно адступленне. Гаворка — пра жаданне мясцовых культасветнікаў атрымаць ад сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы максімальную грашовую аддачу ў выглядзе даходаў ад аказання платных паслуг. Аддзел культуры Нараўлянскага райвыканкама цягам апошніх гадоў устойліва выходзіць на выкананне асноўных прагнозных паказчыкаў. Пра работу вясковых устаноў культуры ў гэтым кірунку пісаў у 2007-м. Цяпер колькі слоў пра горад. Культасветнікі Нароўлі, каб глядзець з упэўненасцю ў будучыню, не стамляюцца шукаць і выкарыстоўваць усё новыя віды паслуг.

Дырэктар РДК Марына Альховік, да прыкладу, асноўную стаўку цяпер робіць на тэатралізаваныя прадстаўленні для дзяцей: у райцэнтры — дзве сярэднія школы і гімназія. У асноўным менавіта ад канцэртна-тэатральнай дзейнасці раённы Дом культуры зарабіў у 2008 годзе 24 мільёны рублёў пры плане платных паслуг у 21 мільён. Колішні жылы дом за РДК, які знаходзіцца на балансе аддзела культуры і выкарыстоўваўся пэўны час для гаспадарчых мэт, цяпер пераабсталяваны пад... цір. Начальнік аддзела культуры Віктар Захаранка прыдбаў некалькі пнеўматычных вінтовак, прасачыў, каб строга захоўвалася тэхніка бяспекі, прызначыў адказных. У выніку ад моладзі няма адбою. Хтосьці з чытачоў можа запярэчыць: ці ж з’яўляецца гэтая паслуга культурнай? У адказ, як мне падаецца, можна прывесці процьму контраргументаў. Сярод іх — і тое, што спорт і культура працуюць на адзіную мэту, з’яўляючыся ўзаемадапаўняльнымі складнікамі работы па фарміраванні маладой асобы, і тое, што дапрызыўная падрыхтоўка падлеткаў — прэрагатыва не адно толькі школы, а і ўсяго грамадства, у тым ліку раённай культуры...

Як цяпер ні спрачаўся б з віртуальнымі апанентамі, але камандзіроўка ў Нароўлю канчаткова пераканала: культасветнікам рэспублікі патрэбна больш ініцыятывы ў пошуках падрабязных тлумачэнняў і рэкамендацый па ўвядзенні новых відаў паслуг. Калі мы гаворым пра неабходнасць крэатыўных, інавацыйных падыходаў да работы клубаў ды бібліятэк, дык і прававое, юрыдычнае забеспячэнне ўсіх эксперыментаў павінна быць узгодненым з упраўленнямі культуры, а калі ёсць такая патрэба — і з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. І гаворка тут не пра спіс усіх магчымых паслуг, створаных Міністэрствам, а пра мясцовую ініцыятыву ў рамках заканадаўства і межах здаровага сэнсу. Каб не ладзілі ў раёнах шоу-праграмы, а запісвалі іх у справаздачах як “дыспуты”, каб не баяліся новага, а нястомна яго шукалі і рэалізоўвалі...

Між тым, у Нароўлі поруч з некалькімі дзесяткамі відаў платных паслуг існуе і такі — арэнда аддзелаўскага аўтобуса для ўсіх жадаючых арганізацый і прыватных асоб. Паслуга, натуральна, не культурнага кірунку, але жывыя і стабільныя грошы для развіцця ўласнай сферы гарантуе заўжды. І яшчэ. Нараўлянскі этнаграфічны музей спрабуе ініцыяваць мэтавыя паездкі ўсіх ахвотных гараджан на тым самым аўтобусе ў Гомельскі цырк. Паслуга самая што ні ёсць культурная і перспектыўная ў плане стабільнасці грашовых паступленняў. Ды вось бяда: няма такога віду ў афіцыйных інструкцыях. А музей, між іншым, леташні план уласных паслуг (3 мільёны 690 тысяч рублёў) значна перавыканаў і зарабіў амаль 5 мільёнаў.

З якой мэтай кажу пра гэта ў кантэксце перспектыўнага сацыякультурнага развіцця горада? Для таго, каб падкрэсліць: ніхто з культасветнікаў раёна не супраць таго, што планы паслуг штогод павялічваюцца. Але іх неаспрэчнае выкананне на сёння залежыць не толькі ад крэатыўных вынаходніцтваў, але і ад матэрыяльнай базы культурнай сферы. Таму, не без дапамогі Дзяржпраграмы развіцця малых гарадоў, у Нароўлі, так бы мовіць, абвешчана вайна культурным хацінам, а перспектыва бачыцца за культурнымі палацамі.

Пярэбары — гарантыя грашовай аддачы

Трэці аб’ект Дзяржпраграмы ў нараўлянскім кантэксце — мадэрнізацыя Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Разам з ДШМ яна ўтварае ледзь не адзіны архітэктурны комплекс. Школа мастацтваў ужо ззяе, як велікоднае яечка, бібліятэка яшчэ чакае свайго часу. На падрыхтоўку каштарыснай дакументацыі выкарыстана 56 мільёнаў рублёў.

На мадэрнізацыю, якая ўключае не толькі замену даху, уцяпленне сцен, замену вокнаў, аддзелку памяшканняў, але і арыгінальнае колеравае афармленне фасада, патрэбен мільярд....

Некалькі гадоў таму давялося размаўляць у Мінску з міністрам культуры Украіны. Запытаўся ў яго: “А як адраджаецца ваша сельская культура?” Міністр паклаў руку на маё плячо: “Ды няма чаго ў нас адраджаць, усё збузавалі!”

Нам, беларусам, ёсць што адраджаць і развіваць. І без салідных капітальных укладанняў тут проста не абысціся. У кожнай краіны, неаспрэчна, — свой шлях, але, як паказвае сусветная практыка, ігнараванне рэгіянальнай сістэмы асветы і культуры занадта дорага абыходзіцца ў аспекце маральнасці, патрыятызму і нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Мы не паўтараем чужых памылак, імкнёмся не рабіць сваіх. Сфера беларускай культуры вучыцца зарабляць, і гэты капітал вымяраецца не толькі рублямі. А пра высокую духоўнасць грамадства без матэрыяльнай дзяржаўнай падтрымкі гаварыць проста не выпадае. Так што спрэчкі пра колькасць мільярдаў, укладзеных у нашу культуру, раз і назаўжды пакінем за дужкамі: гэта тыя грошы, што гарантуюць будучыню Беларусі...

А цяпер пра яшчэ адну гарадскую ініцыятыву, не прадугледжаную Дзяржпраграмай развіцця малых гарадоў. Чарговая задумка начальніка аддзела культуры Віктара Захаранкі ў тым, каб перавесці раённы Цэнтр рамёстваў са старога будынка ў адносна новае памяшканне, дзе месціўся скасаваны цяпер пагранічны атрад. Сродкі на касметычны рамонт новага будынка, што размешчаны за райбібліятэкай, не перавысяць трох мільёнаў. Як паведамляе дырэктар РЦР Алена Дзергачова, установа летась зарабіла на платных паслугах ледзь не ўдвая больш.

Сёння раённы Цэнтр рамёстваў літаральна задыхаецца ад дэфіцыту плошчы. Дзейнічаюць толькі чатыры гурткі, няма дзе ладзіць рамесніцкія майстар-класы, выставачны пакой не ўмяшчае унікальныя творы мясцовых народных майстроў, у тым ліку і рэканструяваны жаночы строй Нараўляншчыны. А з пярэбарамі, як сцвярджае Алена Васільеўна, магчымасці РЦР павялічацца ці не ўдвая. Ды плюс да ўсяго — з’явяцца ўмовы для адкрыцця сувенірнай крамы (ліцэнзія на рэалізацыю твораў традыцыйнага мастацтва ўжо ёсць).

Парк, сядзіба Горвата і экскурсійны параход

У кожнага павінна быць запаветная мара, якая грэе, натхняе на стваральную працу і з’яўляецца доўгатэрміновым арыенцірам для штодзённай дзейнасці. Пра гэтую мару мясцовага кіраўніцтва даведаўся яшчэ ў 2007-ым, але гаворка пра яе падалася тады не надта своечасовай. Сёння ж мара пачала пакрысе набываць матэрыяльную форму. І няхай матэрыяльнасць гэтая пакуль увасоблена толькі ў эскізных аркушах і рэканструкцыйных планах, але першы крок па аднаўленні сядзібна-паркавага ансамбля, якім так славілася Нароўля ў ХІХ стагоддзі, ужо зроблены. Менавіта гэты аб’ект стаў чацвёртым па ліку, але, бадай, самым першарадным па важкасці ў раённых мерапрыемствах па рэалізацыі Дзяржпраграмы развіцця малых гарадоў. І важкасць пацверджана Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Сяргеем Сідорскім, які наведаў Нароўлю ў красавіку 2008 года. Неабходнасць тэрміновага адраджэння старасвецкага парку і сядзібнага палаца яшчэ раз падкрэслена ў пратаколе даручэнняў Прэм’ера. А падлікі ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, зробленыя пры дапамозе “Праектрэстаўрацыі”, — цалкам адназначныя: на аднаўленне і парку і сядзібы патрэбны не менш за 30 мільярдаў рублёў...

Маленькая гістарычная даведка. Мураваны двухпавярховы палац у стылі ампір пабудавалі над Прыпяццю ў 1850 годзе па загадзе апошняга ўладальніка Нароўлі Эдварда Горвата. Праект — архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Былі тут бібліятэка, карцінная галерэя, славілася сядзіба і калекцыяй чучал мясцовых звяроў і птушак...

Раствароўскі, яшчэ і заўзяты мастак, стварыў для сябра Горвата серыю партрэтаў з выявамі высакародных антычных мадоннаў, натуршчыцамі для якіх сталі найпрыгажэйшыя вясковыя дзяўчаты Нараўляншчыны.

Адначасова з узвядзеннем палаца вакол яго высадзілі парк, які называлі адным з найпрыгажэйшых у Беларусі. З ягоных малых архітэктурных форм захаваліся альтанка-маяк ды рэшткі фантана перад галоўным фасадам, звернутым на Прыпяць.

У час Вялікай Айчыннай палац і парк былі літаральна зруйнаваны фашыстамі. Адрэстаўраваная сядзіба неўзабаве стала ўласнасцю школы-інтэрната, займела эклектычную прыбудову ў духу сацрэалізму і пакрысе, асабліва ў паслячарнобыльскі час, прыйшла ў заняпад. Але і цяпер сядзібна-паркавы ансамбль уражвае маштабамі, згубленай прыгажосцю ды застаецца ўлюбёным месцам адпачынку жыхароў райцэнтра. А павінен стаць, па іхнім жа меркаванні, галоўным цэнтрам гарадской шматграннай культуры, а значыць — адным са знамянальных прыпынкаў на турыстычным маршруце “Залатога кольца Гомельшчыны”. Ёсць яшчэ ў аднаўленні аб’екта і звышзадача, якая тлумачыцца мясцовымі ўладамі досыць канкрэтна і пераканаўча: вернутыя з нябыту парк і палац павінны стаць чарговым сімвалам горада, няскоранага чарнобыльскай навалай. “Не павінны стаць, а — стануць!” — падкрэслівае важнасць ажыццяўлення мары намеснік старшыні райвыканкама Васіль Кузьмянкоў.

Што ўжо зроблена? Праектна-каштарысная дакументацыя коштам у 220 мільёнаў на аднаўленне парку з узнаўленнем ягонага першапачатковага дэндралагічнага і архітэктурна-ландшафтнага складу (новы праект рыхтаваўся па архіўных першакрыніцах, знойдзеных аж у Польшчы, — сама па сабе унікальная даследчая праца!). Натуральна, у старасвецкую паркавую прастору гарманічна ўпішуцца і сучасныя аб’екты — летняя танцпляцоўка, службовыя памяшканні і г. д. У штатным раскладзе аддзела культуры з’явіцца пасада садоўніка...

Праектна-каштарысная дакументацыя на палац — у стадыі падрыхтоўкі. 56 мільёнаў ужо асвоена, а патрэбны яшчэ 130... У тым, што ажыццяўленне гэтага пункта Дзяржпраграмы стане для горада ледзь не рэвалюцыйнай падзеяй, ніхто ў Нароўлі не сумняваецца. Але ў сувязі з няпланавай аптымізацыяй фінансавання грошай на далейшую рэалізацыю праекта пакуль няма.

Аднак нараўлянцы не губляюць надзеі...

У адноўленым палацы, па меркаванні начальніка аддзела культуры Віктара Захаранкі, з’явяцца канферэнц-зала і вялікая студыя выяўленчага мастацтва (серыя ж нараўлянскіх мадоннаў яшчэ не завершана), менавіта ў палацавыя пакоі будзе перанесена карцінная галерэя з перагружанага да немагчымасці этнаграфічнага музея, уладкуецца тут і Зала славутых землякоў, дзе экскурсіі мяркуюць ладзіць з адмысловым аўдыёаздабленнем. (Ну чым не мясцовае ноў-хаў, калі з гісторыяй горада школьнікі будуць знаёміцца пад гучанне, скажам, вершаў земляка Давіда Сімановіча, няхай і ў магнітафонным, але ўсё роўна аўтарскім выкананні?!)

І задумак яшчэ ў культасветнікаў шмат, і пошук крэатыву для новага аб’екта культуры лічаць яны няспынным, а таму мой досціп: “Вам пасля рамонту палаца толькі экскурсійнага цеплахода не будзе хапаць ля сядзібнай набярэжнай!” успрымаюць не як жарт, а як ідэю цалкам канструктыўную. Яна сапраўды абяцае нямала матэрыяльных выгод ад канцэртаў і экскурсій у карабельных умовах. Маўляў, побач “параходны” Мазыр, і праблем з фрахтам падыходзячага плаўсродку не павінна быць. Таму і не здзіўлюся, што праз час у штатным раскладзе аддзела культуры з’явіцца і адзінка “капітан-экскурсавод”. Што б там ні было, але я ўжо дамовіўся на ўдзел у прэм’ерным канцэртным круізе па прыпяцкай акваторыі.

Яўген РАГІН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Нароўля — Мінск