Першая за паўстагоддзя

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Незвычайны праект адбыўся ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі — выстаўка, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, што працавала толькі 22 і 23 лютага.

 /i/content/pi/cult/197/2233/Pershaja.jpg
 Калет музыкі. Расія, 1812 — 1813 гг.
На выстаўцы былі прадстаўлены каштоўныя рэчы, у прыватнасці, прадметы абмундзіравання другой паловы XVIII — пачатку ХХ стст., якія немагчыма доўга экспанаваць з-за старых тканін, вырабленых у адпаведнасці з тагачаснымі тэхналогіямі, што надзвычай залежаць ад таго асяроддзя, дзе яны размешчаны. Дэманстравалася і даўгаствольная ручная зброя ХІХ — пачатку ХХ стст. Як адзначыў старшы навуковы супрацоўнік музея Дзмітрый Шляхцін, такая выстаўка праходзіць упершыню, бо большая частка мундзіраў не выстаўлялася апошнія 50 гадоў. На выстаўцы прадстаўлены і рэканструяваныя прадметы больш ранніх эпох — сярэднявечныя кальчуга і меч. Адчуць жа вагу эпохі можна было, патрымаўшы ў руках зброю, напрыклад, часоў Першай сусветнай вайны.

Наведвальнікі вялікую ўвагу надавалі вопратцы, элементам тагачаснага крою. Сярод экспанатаў — і трафейны аўстрыйскі мундзір 1800 года, адзенне арміі Расійскай імперыі часоў вайны з Напалеонам 1812 года, а таксама савецкі шынель узору 1935 года і многае іншае.

Сярод прадметаў двухдзённай выстаўкі Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі дэманстраваў і атрыбуты афіцэрскага чыну ХІХ — пачатку ХХ стст. Гэта маршальскія генеральскія паясы, аксельбанты ды эпалеты.

Па словах Дзмітрыя Шляхціна, у будучым прадметы, прадстаўленыя на выстаўцы, можна будзе ўбачыць ці ў асобных экспазіцыях, ці ў падобных кароткачасовых праектах.