Віцэ-губернатар са Станькава

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Імя графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага для знаўцаў і аматараў беларускай даўніны добра знаёмае. Не выпадкова па-за ўвагай грамадскасці не засталіся 180-годдзе з дня нараджэння вядомага калекцыянера, самага славутага прадстаўніка старога роду Чапскіх.

 /i/content/pi/cult/197/2232/Gubernatar1.jpg
 Эмерык фон Гутэн-Чапскі.
Эмерык фон ГутэнЧапскі займаў пасады віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга і губернатара Ноўгарада, дырэктара Ляснога дэпартамента Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Расійскай імперыі. Выйшаўшы ў адстаўку, граф вяртаецца на радзіму, у Станькава, дзе займаецца зборам і даследаваннем нумізматыкі, папаўненнем бібліятэкі, а таксама калекцыянаваннем разнастайных старажытнасцей, у прыватнасці мэблі, зброі, геаграфічных карт, старадрукаў. За сваю навуковую дзейнасць Чапскі быў узнагароджаны сярэбраным медалём Рускага археалагічнага таварыства.

З нагоды юбілею славутага земляка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася гісторыка-мастацкая выстаўка “Эмерык фон Гутэн-Чапскі. На фоне эпохі”, падрыхтаваная ўстановай сумесна з народным гісторыка-краязнаўчым аб’яднаннем “Прылуцкая спадчына”, Прылуцкім цэнтрам народнай творчасці і Польскім інстытутам у Мінску. На яе адкрыцці доктар біялагічных навук, прафесар Анатоль Федарук адзначыў, што сёння адкрываецца ўсё больш новых старонак плённай дзейнасці беларускай шляхты ў рэчышчы культуры, прадстаўнікі якой на абсягах нашага краю мелі шыкоўныя мастацкія і этнаграфічныя калекцыі. Гэта, безумоўна, тычыцца і роду Гутэн-Чапскіх, якія яшчэ ў 1231 годзе атрымалі графскі тытул Свяшчэннай Рымскай імперыі, а ў XV стагоддзі пераехалі ў Рэч Паспалітую.

На стэндах прадстаўлены мастацкія партрэты роду Чапскіх, габелены на гістарычную тэматыку, а таксама кнігі, альбомы і архіўныя дакументы. На выстаўцы таксама —
 /i/content/pi/cult/197/2232/Gubernatar2.jpg

 Вокладка нумізматычнага каталога Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.

экспанаты з гісторыка-краязнаўчага музея Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея.

І хоць сёння калекцыі Гутэн-Чапскага знаходзяцца ў польскім Кракаве, на Міншчыне захоўваецца памяць пра вядомага земляка.

Трэба заўважыць, што гэты праект не першы для Прылуцкага цэнтра народнай творчасці ў сталіцы. Як адзначыў начальнік аддзела культуры Мінскага раёна Сяргей Кудзін, выстаўка “Прылукі праз вякі. XV — XXI стагоддзі” ў 2007 годзе экспанавалася ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі і выклікала вялікую цікавасць у мінчан.