Кінапяцёрка перад васьмёркай

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Што ні кажыце, а жанчыны ў нашым кіно — галоўная рухаючая сіла. Традыцыйна лічыцца, што кінематограф — занятак мужчынскі. Падаецца, гэтае сцвярджэнне засталося рудыментам мінулага стагоддзя. Эмансіпацыя кінематаграфічных жанчын даўно прывяла да фемінізацыі гэтага віду мастацтва. Дзве трэці тэлебачання, палова “Беларусьфільма”, а галоўнае, трэцяя частка актыўна здымаючых рэжысёраў — так званы слабы пол.

На чале мужчынскага аб’яднання
Пра ўсіх не раскажаш. Таму крытэрый просты: тыя, хто толькі што адзначылі свой юбілей, альбо ў каго ён, як кажуць, вось-вось. Першая мая гераіня — Любоў БАТАЛАВА з моцнага вытворчага звяна вырасла да дырэктара абсалютна мужчынскага аб’яднання — студыі дакументальных фільмаў “Летапіс”. А што такое “Летапіс” і кінахроніка, у
 /i/content/pi/cult/198/2230/Kino4.jpg

Любоў Баталава

прыватнасці? Хутчэй — налева, бягом — направа, шпарчэй — наперад,
стаяць на месцы! Пры гэтым усё павінна быць забяспечана і арганізавана. І Баталава паспявае ўсё ды паўсюль — пасада такая. Ды яшчэ і грамадскіх клопатаў хоць адбаўляй: член камісій і многіх саветаў, член Праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў. Што ж, так і трэба сустракаць свой юбілей — у суцэльных нагрузках.
А вось калі сустракаешся з сям’ёй Любові Баталавай, складваецца абсалютна памылковае ўражанне, што і дома яна — камандзір. Хаця муж ейны, у мінулым намеснік дырэктара “Беларусьфільма”, а сёння — спецыяліст па вытворчых пытаннях Станіслаў Смалко, зусім не “пад абцасам”. Але ўражанне гэткае ўзнікае таму, што падобных сямейных пар сёння бадай што няма. Не такія ўжо маладыя, яны нібыта прыйшлі з мінулых стагоддзяў, захаваўшы цеплыню адносін і павагу адно да аднаго. Магчыма, гэта і ёсць каханне?Пацікавіўся:
— Любоў Леанідаўна, а ці лёгка працаваць з “мужыкамі”
— Ух! З мужыкамі, канешне, складана, але і без іх аніяк нельга. Яны надзейныя, моцныя, часам... таленавітыя.
— Ну, затое на 8 Сакавіка кветкамі ды пірожнымі заваляць…
Любоў Леанідаўна пасміхнулася хітравата:
— Думаю, наўрад ці. Нават упэўнена. Я ж для іх перш за ўсё — начальнік. 
 /i/content/pi/cult/198/2230/Kino3.jpg

Ала Проліч


 

Самая жаночая
Свята жаночае — трэба ж закрануць і жаночыя прафесіі. Напрыклад, акцёрскую.
Алу ПРОЛІЧ, актрысу Тэатра-студыі кінаакцёра, на вуліцах пазнаюць не часта. Не таму, што не вядомая актрыса, а з той прычыны, што моцны ў яе дар пераўвасаблення, поўнай змены вобраза.
Славу сваю Проліч зарабіла бясконцай прывязанасцю і шчырай любоўю да тэатра. Апрача майстэрства пераўвасаблення, у яе надзвычай рэдкі дар — інтуіцыя і адчуванне публікі. Яна прымушае закахацца ў вобразы, створаныя ёй на сцэне. Гэтая невысокая, далікатная, не падобная на топ-мадэль актрыса можа літаральна дырыжыраваць настроем глядзельнай залы. У кіно, на жаль, здымалася няшмат, але, упэўнены, экранныя ролі ў яе наперадзе. А тое, што ўжо створана, — жыве на экране самабытна і непаўторна. Кажу пра вобразы, створаныя Алай Проліч у тонкай драме Валерыя Рыбарава “Прыкуты”, у серыялах Юрыя Мароза “Каменская” і А.Велядзінскага “Закон”. Калі вылучаць сцэнічныя ролі, неабходна адзначыць, у першую чаргу, дзве галоўныя: у гарадскім рамансе “Міленькі ты мой” з Уладзімірам Гасцюхіным у галоўнай ролі і ролю Айседоры Дункан. У першым спектаклі гледача мо і прыцягвае ўдзел знакамітага акцёра. Але калі адмовіцца ад кампліментарнасці на адрас гэтага выдатнага майстра кіно, то неабходна прызнаць, што поспех усёй п’есы, цэласнасць спектакля, неаслабная ўвага гледача залежаць ад Алы Проліч, ад яе маналогаў, прывіднай мітусні, ад упартасці, ад яе душы, нарэшце. Таму што яна ўмее адна “трымаць залу”. І калі з’яўляецца ў монаспектаклі “Айседора. Танец кахання”, то ўжо ніхто ні на імгненне не засумняваецца: яна ўтрымае залу ў напружанні ад пачатку і да канца дзеі.
Напэўна, таму так прыемна бачыць Алу на фестывалях, канцэртах, брыгадна-творчых выступленнях, сустрэчах з гледачамі. Проста, умее — і ўсё.

 /i/content/pi/cult/198/2230/Kino5.jpg
Святлана Сухавей разам з народным артыстам СССР Яўгенам Мацвеевым і кінакрытыкам Леанідам Паўлючыкам.

Некалькі слоў яшчэ пра адну актрысу гэтага ж Тэатра-студыі кінаакцёра.
Святлана СУХАВЕЙ. Маленькая дзяўчынка ў масоўцы знакамітага рэжысёра Льва Голуба ў фільме “Дзяўчынка шукае бацьку”: той любіў здымаць у Мазыры, а Света адтуль родам. Пятнаццацігадовы падлетак у “Бабскім царстве” майстра кіно Аляксея Салтыкова. У семнаццаць гадоў — першая імянная роля: Ліка ў фільме беларускага класіка Віктара Турава “Сыны ідуць у бой”. І гэтак далей: ролі, вобразы, характары... А характар у нашай Светачкі вельмі нават мужчынскі. Стойкі і ўпарты настолькі, што цягам дваццаці гадоў узначальвае яна Беларускую гільдыю акцёраў кіно. Але Святлана Сухавей здолела ў заканадаўчым парадку распрацаваць і зацвердзіць цэлы шэраг прывілей і абаронных правоў для беларускіх кінаартыстаў, якія дазваляюць ім паспяхова ўдзельнічаць у самых розных, не толькі беларускіх, фільмах. У размовах з чыноўнікамі Света часцяком спасылаеццана “слабы і пяшчотны пол”. Ды нічога падобнага! Заўсёды застаючыся максімальна ветлівай і цярпімай, паважлівай да субяседніка, яна гатова горы звярнуць, але свайго яна дабівацца ўмее. А гераічную мужнасць тлумачыць сціпла: “Мы людзям патрэбны, а глядацкая любоў — гэта тое, што дае нам сілу і падтрымку”.
Святлана Сухавей працавала ў фільмах масцітых рэжысёраў: “Прыміце тэлеграму ў доўг” Леаніда Нячаева, “Любіць па-руску” і “Губернатар” Яўгена Мацвеева. І, відаць, на тых, расійскіх, палях навучылася абараняць беларускае мастацтва. “Напачатку, — кажа Святлана, — самым крыўдным было, калі на здымках, сустракаючыся з акцёрамі з іншых краін, даведвалася: іх ганарары не ў дзесяткі — у сотні разоў перавышалі нашы. Цяпер шмат чаго дабіліся. І заўсёды прыемна ўсведамляць, што мы, беларусы, маем сваю акцёрскую школу і захоўваем свой узровень — высокую планку, якую трымаем і сёння”.
Застаецца дадаць, што Святлана — дэпутат Парламента, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь. А зусім нядаўна адшумеў яе юбілей. Тымі днямі Прээзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў Сухавей медаль Францыска Скарыны. 

Крытычным поглядам
Загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдат філасофскіх навук Людміла САЯНКОВА, нібыта, згодна з пасадай, непасрэднага дачынення да кіно не мае. Аднак ніводнае значнае
 /i/content/pi/cult/198/2230/Kino2.jpg

 Людміла Саянкова

кінематаграфічнае мерапрыемства не абыходзіцца без яе: агляд,
канферэнцыя, конкурс, фестываль... Крытык, кіназнаўца, педагог, аўтар грунтоўных падручнікаў і захапляльных пазнавальных кніг, а таксама — удзельнік гарачых дыскусій, яна проста любіць кіно, і, як кажуць, любоў гэтая — узаемная. У нас часта і шмат кажуць пра недахопы нашай беларускай кінаадукацыі, аб адсутнасці прафесійнай крытыкі. Але вось у Белых Сталбах пад Масквой, у Дзяржфільмафондзе Расійскай Федэрацыі ладзяцца курсы па доўгатэрміновай падрыхтоўцы спецыялістаў галіны. Лекцыі чытаюць там буйныя майстры савецкага, а цяпер — расійскага кіно. І, не трацячы лішніх слоў, Людміла накіроўвае на вучобу ў Маскву маладых, найбольш перспектыўных прадстаўнікоў беларускай кінаіндустрыі.
Тое самае — з замежнымі стажыроўкамі. З’яўляючыся не толькі даследчыкам, але і крытыкам-інтэлектуалам, яна імкнецца рыхтаваць кадры гэткага ж сучаснага інтэлігентна-адукаванага ўзроўню. А гэта тое, чаго нашай літаратурна-мастацкай крытыцы катастрафічна бракуе. Чалавек сціплы, яна неяк не навучылася адмаўляцца ад “навешвання” грамадскіх спраў: напрыклад, у Беларускім саюзе кінематаграфістаў не толькі вядзе рубрыку “Бюлетэнь БСК” для часопіса “На экранах”, але і ўся інфармацыйна-літаратурная дзейнасць саюза ляжыць на яе плячах.
Публікацыі Людмілы Саянковай заўсёды вылучаюцца вельмі высокім узроўнем ведання прадмета. Нашы кінематаграфісты не вельмі любяць беларускую крытыку, якая ў свой час адмаўляла “Праз могілкі” і “Я родам з дзяцінства” Віктара Турава, “разбіла” “Дзікае паляванне караля Стаха” Валерыя Рубінчыка” і нават “У жніўні 44-га” Міхаіла Пташука, як, зрэшты, і шэраг іншых айчынных фільмаў. Але калі за крытычнае пяро бярэцца Саянкова, з ёю складана спрачацца: па-першае, карэктна і прафесійна, па-другое, ні ў якім разе не прыніжаючы годнасць стужкі.
Дадам хіба, што Людміла Саянкова — двойчы лаўрэат прэміі Саюза кінематаграфістаў і, зноў-такі двойчы, — Саюза журналістаў.
 /i/content/pi/cult/198/2230/Kino1.jpg

Таццяна Бажанава і Юрый Цвяткоў (крайнія злева) на здымках праграмы “Народжаныя ў СССР”.

 

Надзейны “тыл”
Аднак бліжэй за іншых да Жаночага дня Таццяна БАЖАНАВА: яе юбілей — напярэдадні свята, 7 сакавіка. За плячыма — дзесяткі гадоў творчай працы ў ігравым і дакументальным кіно. Яна заўсёды марыла працаваць у кіно, і калі ўпершыню прыехала ў Мінск з далёкага ўкраінскага гарадка Кадымы, абсалютна выпадкова першы ж тралейбус, у які яна села, прывёз яе да ганка “Беларусьфільма”. Так яна з’явілася там асістэнтам рэжысёра напрыканцы 60-х і засталася ў нашым кіно на ўсё жыццё.
Цяжка ўявіць беларускае мастацтва без такіх прафесіяналаў, другіх рэжысёраў, кім была Таццяна за спінай у Аляксандра Карпава-малодшага, Віктара Турава. Ці наадварот: яны, гэтыя вялікія і магутныя беларускія рэжысёры, маглі спакойна займацца творчасцю, таму што вытворчыя тылы ім забяспечвала Таццяна Бажанава. Пазней яна сама зняла некалькі дакументальных фільмаў. І дзіўна: тэмы гэтых стужак заўсёды былі нейкія нешараговыя, незвычайныя. Напэўна, толькі з дапамогай жаночай логікі можна ўбачыць у самай тыповай, стандартнай з’яве нешта цалкам нечаканае. Колькі, да прыкладу, знята фільмаў пра народныя рамёствы — безліч! Але вось пра пасхальныя народныя промыслы фільм Бажанавай — адзіны. Ці яшчэ: агульнавядомыя беды чарнобыльскай зоны. Але і ў гэтых умовах “Трэба жыць” — так называецца стужка “Беларускага відэацэнтра”, прысвечаная захаванню шматвекавых песенных традыцый беларускага Палесся, фільм пра тое, як, нягледзячы на ўсе катастрофы, неабходна зберагаць народную спадчыну. У свой час беларуская прэса шмат увагі надавала фільму пра творчую спадчыну чалавека, пастаянна акружанага людзьмі, дэпутата Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі, міністра культуры Расіі, галоўнага рэжысёра тэатра “Садружнасць акцёраў Таганкі” Мікалая Губенкі — “Адзінота ў натоўпе”. Ніводная з гэтых карцін не змагла б адбыцца, каб не бязмерная чуласць і мудрасць Жанчыны, якая ўсё жыццё разрывалася паміж любоўю да кіно і да сваёй сям’і. І чамусьці мне падаецца, што і многія іншыя карціны і праекты, створаныя мной, маглі б не здзейсніцца, калі б не гэтая Жанчына. Больш за трыццаць гадоў Таццяна натхняла і дапамагала мне ва ўсіх маіх пачынаннях. Яна заўсёды побач, у добрыя часіны і ў цяжкія.
Існуе меркаванне, што за кожным мужчынам стаіць жанчына. І я бясконца рады, што для мяне такой Жанчынай стала Таццяна.

Юрый ЦВЯТКОЎ,
заслужаны дзеяч мастацтваў,

лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
Рэспублікі Беларусь