Парадокс: і балетны “Чыпаліна”, і нядаўні оперны “Церам-церамок” (гл. “К” № 7 за 2007 г.) уяўляюць сабой вяртанне на сцэну спектакляў “даўно мінулых дзён”. Дый абедзве пастаноўкі — здавалася б, пра адно і тое ж: як “ворагі” хочуць разбурыць дамок, дзе жывуць сумленныя працаўнікі (а ў “Чыпаліна” і папраўдзе разбураюць-такі дом кума Тыквы, пабудаваны для Яго сябрамі). Але вынік, нягледзячы на традыцыйны ў абодвух выпадках хэпі-энд, зусім розны. Можа, з-за рознасці мастацкіх патэнцыялаў саміх твораў, паводле якіх і ставіліся спектаклі?“
Чыпаліна”, па-першае, вабіць цудоўнай музыкай Карэна Хачатурана — пляменніка знакамітага Арама Хачатурана. Кожная мелодыя— сапраўдны хіт: невыпадкова гледачы пачынаюць апладзіраваць у такт кожнай запамінальнай тэме (дырыжор — Іван Касцяхін). А колькі гумару закладзена ў тэмбравай драматургіі, шматлікіх інструментальных сола, пародыях, у тым ліку на вядомую вулічную песеньку! Па-другое, яркай і свежай, быццам створанай толькі сёння, аказваецца харэаграфія Генрыха Маёрава (аднаўленне — Юрыя Траяна). Кожны герой — са сваёй адметнай пластыкай, дзе неакласіка дазваляе артысту шырока прадэманстраваць сваю тэхніку, а спалучэнне віртуозных па з побытава-эстраднымі элементамі надае дзеянню “прыкольнасць”, што так цэняць тынэйджэры.
Спектакль адыгрывае далёка не толькі забаўляльную ролю. Ён, што вельмі важна, спакваля прывучае юных гледачоў да ўспрымання няпростай мовы балетнай класікі. У першай дзеі закцэнтаваны дыскатэчна-побытавыя танцавальныя элементы, праз якія і адбываецца “пераклад” аповеду з танцавальна-пластычнай мовы на звыкла тэатральную. У другой дзеі, паводле лібрэта, настаўнік танцаў (Генадзь Кулінковіч) дае ўрок графу Вішаньцы (Ігар Артамонаў), а разам з ім— і гледачам. А ў трэцяй, нарэшце, узнікае шыкоўнае балетнае адажыо Вішанькі з прыгажуняй Магноліяй (Вольга Гайко), што ўжо не патрабуе ніякага перакладу і ўспрымаецца ўзнёслым гімнам не толькі каханню, але і класічнаму танцу.
У той час, як дзятва ўважліва сочыць за прыгодніцкімі “даганялкамі-вызвалялкамі” Чыпаліна (Канстанцін Кузняцоў), Радысачкі (Юлія Дзятко) і сіньёра Памідора (Віталь Пятроўскі), больш старэйшым прапануецца, па сутнасці, гісторыя барацьбы “маленькіх людзей” за сваё шчасце. Дарэчы, пры цяперашнім выканальніцкім складзе гэта супрацьпастаўленне “маленькіх” людзей і “вельмі вялікага” чалавека аказваецца візуальным: у партыі фанабэрыстага прынца Лімона — віноўніка ўсіх бед— заняты самы высокі артыст трупы Пётр Борчанка, падкрэслена нягеглыя рухі якога рэзка кантрастуюць псіхалагічна тонкім пластычным варыяцыям “прадстаўнікоў гародніны”. Сярод апошніх — скрозь індывідуальнасці, у той час як гвардыя лімончыкаў да самага фіналу застаецца безаблічным механічным натоўпам.
Гэты прыём кантрасту паміж агульнай масай запаволеных “зомбі” і пярэстым збегам няўрымслівых “жыўчыкаў” дазваляе задзейнічаць у спектаклі ледзь не ўсю трупу, вылучыць, у тым ліку сярод кардэбалета, мноства невялікіх сольных партый, паставіць перад кожным з артыстаў яркія вобразныя задачы.
Паболей бы такіх “дзіцячых” спектакляў, зробленых “па-даросламу” прафесійна!