Старэйшы лялечнік краіны, сваё тэатральнае жыццё ён распачаў у толькі што вызваленым ад фашыстаў Смаленску. “Быў сакавік 1945-га года, яшчэ ішла вайна, — расказвае Уладзіслаў Пятровіч.— Мне толькі споўнілася шаснаццаць, я прыйшоў у Смаленскую абласную філармонію. Канцэртмайстар сказаў, што я — быццам той малады певень у пераходным узросце. Я, зразумела, пакрыўдзіўся, нават абразіўся. І тады мне прапанавалі ісці ў лялечны тэатр. Няхай сабе і не акцёрам, а машыністам сцэны — у той момант мне проста вельмі хацелася ў мастацтва. Вось так я і прыйшоў у тэатр. Трапіў у жаночы калектыў, прафесійнай адукацыі ні ў кога не было. Рэпеціравалі ў рэжысёра дома: пакуль жонка смажыла яечню, мы за шырмай рыхтавалі спектаклі”.
У Беларускі дзяржаўны тэатр лялек Уладзіслаў Уласаў прыйшоў у 1956 годзе і — застаўся на ўсё сваё далейшае прафесійнае жыццё. За 50 гадоў служэння на мінскай сцэне ён стварыў больш за 100 запамінальных вобразаў у спектаклях для дзяцей і дарослых. Бліскучы акцёр, якому аднолькава падуладны лялькі самых розных тэхнік і сістэм, ён з’яўляецца ўлюбёнцам і дарослых, і, канешне ж, маленькіх гледачоў, для якіх на працягу доўгага часу быў нязменным Дзедам Марозам.
Таццяна КОМАНАВА Рэдакцыя “К” далучаецца да ўсіх віншаванняў, якія ў гэтыя дні гучаць на адрас юбіляра, і зычыць яму здароўя, бадзёрасці і аптымізму.