Гастрольныя ракіроўкі

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску адбыліся гастролі Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі з польскага Беластока. Гэты візіт стаўся магчымым пасля паспяховай вандроўкі коласаўцаў у Беласток са спектаклямі “За двума зайцамі” М.Старыцкага (рэжысёр — Міхась Краснабаеў) і “Псіхааналітык для псіхааналітыка” Д.Балыка (рэжысёр — Сяргей Кулікоўскі). Польскі тэатральны калектыў прапанаваў віцебскім гледачам тры спектаклі.

“Вячэра ў тры рукі” — камедыя Пауля Бажа ў пастаноўцы Э.Мартынкіўна аб сустрэчы за вячэрай у рэстаране Георга Фрэдэрыка Гендэля з Іаганам Себасцьянам Бахам. Вячэра двух геніяў паўстала як выдатнае дзейства, поўнае напружання, упрыгожанае дасціпным дыялогам, што закрануў самыя розныя псіхалагічныя аспекты тэмы творчасці і творцы. “Чарадзейкі з Салема” Артура Мілера ў пастаноўцы П.Дамброўскага прадставілі гісторыю кахання дзвюх маладых жанчын на фоне гістарычных падзей Амерыкі ХVІІ стагоддзя, а сямейная маладзёжная камедыя “Тройчы пасцель” Яна Якуба Наляжытага распавяла ў дасціпнай форме пра тое, дзе, калі і як лепш за ўсё вырашаць сямейныя праблемы.

А з 25 па 28 лютага гастрольную “эстафету” падхапіў добра вядомы віцебскаму гледачу Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі “Свабодная прастора”. Гэтым разам госці з Арла прапанавалі рок-оперу “Ісус” на музыку Э.Л. Уэбера і лібрэта Ц.Райса ў пастаноўцы маскоўскага рэжысёра Алега Нікалаева.

Самі ж коласаўцы працягваюць свае вандроўкі па вялікіх гарадах і райцэнтрах вобласці. На мінулым тыдні жыхары Наваполацка пабачылі “Васу” М.Горкага, аршанцы — камедыю “Ён, яна, акно, нябожчык” Р.Куні, а ў Лепель і Верхнядзвінск тэатр прывёз музычную камедыю “За двума зайцамі”.

Святлана ДАШКЕВІЧ,
загадчык літаратурнай часткі

НАДТ імя Якуба Коласа