Старыя-новыя оперы “пра галоўнае”

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Напярэдадні адкрыцця адноўленага будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь надзвычай актуальным аказалася знаёмства нашых спецыялістаў і шырокай публікі з вопытам, назапашаным Новай ізраільскай операй. Работы тамтэйшага тэатра былі прысвечаны лекцыі вядомага музыказнаўцы і журналіста Ёсі Тавора, які працуе Першым сакратаром Пасольства Ізраіля ў Расіі і каардынатарам праграм Ізраільскіх культурных цэнтраў у СНД.

Насамрэч тэматыка выступленняў аказалася больш шырокай і адаптавалася ў залежнасці ад аўдыторыі. Журналістаў, што сабраліся ў Грамадскім прэс-цэнтры, больш цікавілі ізраільскія СМІ, будучых “акул пяра”, якія навучаюцца ў Інстытуце журналістыкі, — становішча мастацкай крытыкі, выхаванцаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прадстаўнікоў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — развіццё драматычнага тэатра, навучэнцаў Лінгвістычнага універсітэта і БДУ — агульныя ўяўленні пра ізраільскую культуру. Падарункам для кампазітараў і музыказнаўцаў стаў прывезены Ё.Таворам кампакт-дыск Аркадзя Гурава — члена Беларускага саюза кампазітараў, які некалькі гадоў таму трагічна загінуў у Ізраілі. На тым дыску — яго сімфанічныя, камерныя творы, фрагменты з незавершанага мюзікла, што гучалі на канцэрце ў Маскве.

Уласна развіццю ізраільскай опернай творчасці і выканальніцтва былі прысвечаны дзве сустрэчы: у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Але каб задаволіць інтарэс зацікаўленай аўдыторыі, часу ўсё роўна не хапіла: ці ж можна ўкласці ў некалькі гадзін больш як 20-годдзе Новай ізраільскай оперы? Пагатоў, сваё станаўленне і развіццё тэатр праходзіў у паскораным тэмпе.

Калі еўрапейскі тэатр (і, у тым ліку, беларускі) развіваецца на аснове глыбінных традыцый, дык Новая ізраільская опера пачыналася літаральна “з чыстага аркуша”. Але, мабыць, менавіта гэтыя абставіны сфарміравалі ў тэатра і яго прыхільнікаў асаблівую прагу да ўсяго найноўшага. Неспрактыкаваная ізраільская публіка з аднолькавай цікавасцю ставіцца як да оперных “хітоў”, так і да сучасных партытур, а таксама твораў даўніны, што на іншых сцэнах свету ўвасабляюцца значна радзей.

Пры Новай ізраільскай оперы існуюць дзве студыі (Як тут не правесці паралелей з нашымі опернымі студыямі — колішняй, на базе якой і з’явіўся ў 1933-м наш тэатр, і цяперашняй, што існуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі?). А сам тэатр актыўна супрацоўнічае з Санкт-Пецярбургскім Марыінскім тэатрам, маскоўскай Гелікон-операй, тэатрамі Лос-Анджэлеса і Вашынгтона, сусветна знакамітымі артыстамі. Сярод тыхзорак, дарэчы, не толькі рэжысёр Франка Дзефірэлі, дырыжор Валерый Гергіеў, спявак Паата Бурчуладзэ, але і… народны артыст Беларусі, саліст нашага тэатра Уладзімір Пятроў: некалькі гадоў таму ён спяваў там Яўгенія Анегіна ў аднайменнай оперы П.Чайкоўскага.

Надзея БУНЦЭВІЧ