Сола паралелей і мерыдыянаў

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Творчымі вечарамі паэтэсы Таццяны Мушынскай сёння нікога не здзівіш. Апошнім часам яна іх ладзіць штогод, таму цяперашні быў сёмым. На гэты раз віноўніца ўрачыстасці не толькі “замахнулася” на Вялікую залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі (якую, між іншым, ужо скарала), але і сабрала самы, бадай, прадстаўнічы “бамонд” — як сярод публікі, так і, галоўнае, сярод саміх удзельнікаў праграмы. Канцэрт ладзіўся да 25-годдзя творчай дзейнасці паэтэсы і журналісткі і стаў магчымым дзякуючы спецыяльнай стыпендыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і яго арганізацыйнай падтрымцы.

 /i/content/pi/cult/197/2222/Mushinskaja.jpg
“Уваходжанне” ў музычна-тэатральную атмасферу пачыналася з фае, дзе была разгорнута фотавыстаўка Віктара Зайкоўскага — шыкоўныя сцэны са спектакляў Нацыянальнай оперы. Калі наш Вялікі тэатр пераедзе, нарэшце, у адноўлены будынак, чаму б не паўтарыць там гэтую экспазіцыю? Ды ўвогуле падобныя фотаэкзерсісы розных майстроў маглі б стаць яшчэ адной тэатральнай традыцыяй.

У першым аддзяленні на сцэне “валадарыў” Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, які разам з выступленнямі Т.Мушынскай склаў своеасаблівую паэтычна-музычную кампазіцыю. Сярод яе “частак” асабліва вылучаліся “Адам і Ева” Віктара Кажухара і “Анёл” Алены Атрашкевіч — цудоўным адчуваннем харавой фактуры, разнастайнасцю кампазітарскіх прыёмаў. Другое аддзяленне было аддадзена Акадэмічнаму хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі нашай краіны на чале з Вольгай Янум.

Але ж былі яшчэ і канцэртны арган, не гаворачы пра амаль “абавязковае” фартэпіяна, і ўдарныя, і шматлікія вакалісты, прычым з розных творчых калектываў: лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марына Філіпава, Вольга Рузіна, Алег Кавалеўскі, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Іна Русіноўская, Сяргей Лазарэвіч і іншыя.

Адбылася і “перадпрэзентацыя” аркестра Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, музычным кіраўніком якога летась стала кампазітар Марына Марозава. Музыканты выйшлі на сцэну ўсяго дзеля адной кампазіцыі, але ў ёй сканцэнтравалася галоўная рыса рэпертуарнай палітыкі калектыву, прадэманстраваная аккурат на наступны дзень, калі калектыў даваў свой першы “сольнік” у Малой зале філармоніі імя Р.Шырмы. Гэтая рыса — ва ўменні выконваць не толькі фальклорныя і неафальклорныя мелодыі, але і вытанчаную камерную музыку.

Ды ўсё ж у цэнтры ўвагі, вядома, апынуліся не проста музычныя творы на вершы Т.Мушынскай (за апошняе дзесяцігоддзе іх напісана больш за 200), а менавіта прэм’еры, як бывае на ўсіх без выключэння вечарынах паэтэсы. Ды ўсё ж на гэты раз, дзякуючы новым творам Аліны Безенсон і Алены Атрашкевіч, слухачы са здзіўленнем “наведалі” Венецыю, Рым, “пяскі Егіпецкай зямлі”, “пабываўшы ў гасцях” у Клеапатры. Дый называлася праграма адпаведна: “Я вандрую па стагоддзях...” — гэтак жа, дарэчы, як і паэтычны зборнік Т.Мушынскай 1998 года.

Раптам падумалася: можа, паэтэса і сапраўды паспела павандраваць не толькі па ХХ і ХХІ стагоддзях, але і па нейкіх паралельных часавых вымярэннях? І менавіта ў гэтым — прычына яе неверагоднага творчага плёну? Бо яна — аўтар ажно 15-ці кніг, прычым самых разнастайных. Сярод яе твораў — не толькі вершаваныя зборнікі, але і аповесці, казкі, дакументальная проза, шматлікія п’есы, сцэнарыі, балетныя і оперныя лібрэта, больш як паўтысячы артыкулаў, прысвечаных харэаграфіі, музыцы і музычнаму тэатру.


Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА

На здымку: Дзяржаўны камерны хор
разам
з салістамі Інай Русіноўскай
і Сяргеем Лазарэвічам.