“Уваходжанне” ў музычна-тэатральную атмасферу пачыналася з фае, дзе была разгорнута фотавыстаўка Віктара Зайкоўскага — шыкоўныя сцэны са спектакляў Нацыянальнай оперы. Калі наш Вялікі тэатр пераедзе, нарэшце, у адноўлены будынак, чаму б не паўтарыць там гэтую экспазіцыю? Ды ўвогуле падобныя фотаэкзерсісы розных майстроў маглі б стаць яшчэ адной тэатральнай традыцыяй.
У першым аддзяленні на сцэне “валадарыў” Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, які разам з выступленнямі Т.Мушынскай склаў своеасаблівую паэтычна-музычную кампазіцыю. Сярод яе “частак” асабліва вылучаліся “Адам і Ева” Віктара Кажухара і “Анёл” Алены Атрашкевіч — цудоўным адчуваннем харавой фактуры, разнастайнасцю кампазітарскіх прыёмаў. Другое аддзяленне было аддадзена Акадэмічнаму хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі нашай краіны на чале з Вольгай Янум.
Але ж былі яшчэ і канцэртны арган, не гаворачы пра амаль “абавязковае” фартэпіяна, і ўдарныя, і шматлікія вакалісты, прычым з розных творчых калектываў: лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марына Філіпава, Вольга Рузіна, Алег Кавалеўскі, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Іна Русіноўская, Сяргей Лазарэвіч і іншыя.
Адбылася і “перадпрэзентацыя” аркестра Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, музычным кіраўніком якога летась стала кампазітар Марына Марозава. Музыканты выйшлі на сцэну ўсяго дзеля адной кампазіцыі, але ў ёй сканцэнтравалася галоўная рыса рэпертуарнай палітыкі калектыву, прадэманстраваная аккурат на наступны дзень, калі калектыў даваў свой першы “сольнік” у Малой зале філармоніі імя Р.Шырмы. Гэтая рыса — ва ўменні выконваць не толькі фальклорныя і неафальклорныя мелодыі, але і вытанчаную камерную музыку.
Ды ўсё ж у цэнтры ўвагі, вядома, апынуліся не проста музычныя творы на вершы Т.Мушынскай (за апошняе дзесяцігоддзе іх напісана больш за 200), а менавіта прэм’еры, як бывае на ўсіх без выключэння вечарынах паэтэсы. Ды ўсё ж на гэты раз, дзякуючы новым творам Аліны Безенсон і Алены Атрашкевіч, слухачы са здзіўленнем “наведалі” Венецыю, Рым, “пяскі Егіпецкай зямлі”, “пабываўшы ў гасцях” у Клеапатры. Дый называлася праграма адпаведна: “Я вандрую па стагоддзях...” — гэтак жа, дарэчы, як і паэтычны зборнік Т.Мушынскай 1998 года.
Раптам падумалася: можа, паэтэса і сапраўды паспела павандраваць не толькі па ХХ і ХХІ стагоддзях, але і па нейкіх паралельных часавых вымярэннях? І менавіта ў гэтым — прычына яе неверагоднага творчага плёну? Бо яна — аўтар ажно 15-ці кніг, прычым самых разнастайных. Сярод яе твораў — не толькі вершаваныя зборнікі, але і аповесці, казкі, дакументальная проза, шматлікія п’есы, сцэнарыі, балетныя і оперныя лібрэта, больш як паўтысячы артыкулаў, прысвечаных харэаграфіі, музыцы і музычнаму тэатру.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА
На здымку: Дзяржаўны камерны хор разам
з салістамі Інай Русіноўскай і Сяргеем Лазарэвічам.