Першую “экскурсію” па брадвейскіх спектаклях розных гадоў ажыццяўлялі былыя выхаванцы рэжысёра Б.Уторава (гл. “К” № 4). Другую, названую “Я люблю Брадвей”, — студэнты кафедраў харэаграфіі і эстрадных спеваў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам амерыканскіх пастаноўшчыкаў: харэографа Майкла Паркса і піяніста Джона Фергюсона, які ўжо неаднойчы бываў у Беларусі з музычнымі праектамі.
Ды і ў нашым Універсітэце культуры і мастацтваў гэта быў не першы сумесны праект такога кшталту. І не першы такі паспяховы! Праўда, да пачатку рэпетыцый у некаторых выкладчыкаў былі сумневы, ці змогуць студэнты першага і другога курсаў так хутка, усяго за два тыдні, асвоіць новую для іх стылістыку. Але ўсе ваганні аказаліся беспадстаўнымі. Сваю ролю адыгралі не толькі зацікаўленасць моладзі новым, нязведаным і яе жаданне пераадолець усе складанасці, не толькі станоўчая энергетыка ды педагагічны талент пастаноўшчыкаў, але і вялікая праца выкладчыкаў нашай навучальнай установы. У дадзеным праекце яны выступалі ў ролі педагогаў-рэпетытараў, адпрацоўваючы і шліфуючы са сваімі выхаванцамі тое, што было прапанавана замежнымі майстрамі. Зрэшты, іх заслуга не толькі ў гэтым, але і ў той грунтоўнай падрыхтоўцы, якую яны даюць студэнтам штодня, на кожным занятку, ствараючы прафесійную базу іх далейшай творчай дзейнасці. Калі б навучэнцы, асабліва кафедры харэаграфіі, не мелі такога добрага папярэдняга пластычнага трэнінгу, наўрад ці ўдаліся б ім паказаныя экзерсісы. Бо вывучыць тыя ці іншыя рухі — замала: трэба дамагчыся ў выкананні абсалютнай натуральнасці і, галоўнае, шарму.
Сапраўды, ва ўсім прадэманстраваным у той вечар на сцэне Маладзёжнага тэатра
эстрады не было нічога вымучанага, нягеглага. І гэта прытым, што выступаць ім давялося побач і разам з амерыканцамі, для якіх такая стылістыка — літаральна норма, засвоеная на генетычным узроўні.
Стыхія разняволенага танца так захапіла ўдзельнікаў праекта, што яны пачалі стыхійна рухацца, імправізуючы пад музыку, яшчэ перад пачаткам паказу, калі для стварэння адпаведнага настрою ў зале сцішана гучалі інструментальныяфантазіі на тэмы з мюзіклаў. І гэтак жа не маглі вызваліцца ад танцавальнага палону ўжо пасля заканчэння праграмы.
У ролі вядучага выступаў М.Паркс — і гэта быў яшчэ адзін майстар-клас таго, як, нягледзячы на моўны бар’ер і неабходнасць перакладу, можна не толькі нязмушана жартаваць наконт зместу мюзіклаў і саміх студэнтаў, але і з усяго зрабіць тэатралізаваную дзею — нават з афіцыйнага пераліку імёнаў усіх памагатых ці ўручэння букета кветак, што ў той жа момант ператварыліся ў яшчэ адну дзейную асобу відовішча.
Дый студэнты не “хаваліся” ў масоўцы, а маглі выявіць сваю індывідуальнасць: літаральна ў кожнага былі свае невялічкія, літаральна з адным-двума па, сольныя выхады пад час “кардэбалетных” нумароў. Пры гэтым нават відавочныя прыёмы народнага танца атрымлівалі яркую джазавую афарбоўку. Тое ж — і ў вакалістаў, якія быццам спаборнічалі ў перайманні ад М.Паркса разнастайнасці спеўных прыёмаў і штрыхоў. А тое, як быў выкананы нумар “Крутыя” са знакамітай “Вестсайдскай гісторыі” Л.Бернстайна, увогуле стала фантастыкай!
... Дык ці любіце вы Брадвей так, як любяць яго маладыя выканаўцы? Можа, і любіце, але калі пачуцці вымяраць колькасцю спатканняў — артысты любяць значна больш. А між тым, студэнцкі праект аказаўся настолькі ўдалым, што было б няблага яго прадоўжыць, хаця б калі-нікалі ўпрыгожваючы сцэну Маладзёжнага тэатра эстрады падобнымі пастаноўкамі. Пагадзіцеся, шкада пакідаць падрыхтаваныя нумары “аднаразовымі”.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ДУДЗІНСКАГА