На пачатку — аншлаг!

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

24 лютага быў дадзены старт Году Беларусі ў Маскве. Ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел беларуская афіцыйная дэлегацыя, якую ўзначальваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук. У склад дэлегацыі ўваходзілі начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Рагачук. Значную дапамогу і садзеянне ў правядзенні мерапрыемстваў аказала Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

У Маскоўскім акадэмічным музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі. Рэжысёрам уражальнага дзейства быў Валянцін Дудкевіч. На сцэну выходзілі лепшыя калектывы нашай краіны, у тым ліку ансамблі “Песняры”, “Сябры”, Тэатр песні Ірыны Дарафеевай, эстрадныя выканаўцы Пётр Ялфімаў і Андрэй Кунец, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, дуэт цымбалістак у складзе Юліі Высоцкай і Наталлі Крэчык, салісты-вакалісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Алена Сало і Ілля Сенчукоў.

— Масквічы сустракалі нашых майстроў мастацтваў, як заўсёды, цёпла і надзвычай эмацыйна, — паведаміў начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Міхаіл Кажура. — У зале на 1200 месцаў быў сапраўдны аншлаг.

Акрамя ўрачыстага мерапрыемства, у расійскай сталіцы адбыліся афіцыйныя перамовы. У прыватнасці, Уладзімір Матвейчук сустрэўся з кіраўніцтвам маскоўскай мэрыі, Дэпартамента культуры, Камітэта міжрэгіянальных сувязей і нацыянальнай палітыкі горада, Дзяржфільмафонду Расійскай Федэрацыі, Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі.

Год Беларусі ў Маскве прадоўжыцца да канца лістапада. Урачыстым адкрыццём пакладзены пачатак вялікага комплексу мерапрыемстваў у галінах эканомікі, культуры, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, спорту, маладзёжнай палітыкі. Адбудуцца і Дні абласцей Беларусі і горада Мінска ў расійскай сталіцы. Завершыцца маштабная акцыя 24 лістапада VI Форумам дзелавога супрацоўніцтва.

Настасся ПАНКРАТАВА