Кастусям, Янкам і... Валянцінам

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Як пашырыць кола музейных наведвальнікаў і павялічыць аб’ём грашовых паступленняў ад рэалізацыі платных паслуг? Музеі краіны падрыхтавалі да Дня ўсіх закаханых шэраг незвычайных мерапрыемстваў. У выставачных залах панавала атмасфера святога пачуцця, што спрадвек акрыляе чалавецтва.

 /i/content/pi/cult/197/2215/Kastusyam.jpg

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

14 лютага ўваход у Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі закаханым парам з імёнамі Валянцін і Валянціна быў бясплатны. Супрацоўнікі праводзілі адмысловыя экскурсіі, распавядаючы пра гісторыі кахання знакамітых асоб. Музычнае выступленне ў музейных залах прапанавалі ў гэты вечар студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — вакальная група “Music Citi”. Свята прадоўжылі выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”, студэнты кафедры мастацтва эстрады БДУКіМ, Клуба спартыўных і бальных танцаў “Сірыус”. Ладзілася дэманстрацыя мадэлей маладзёжнага адзення. Праграму завяршыў канцэрт электроннай музыкі. Музей працаваў да 23 гадзін.

45 пар прынялі ўдзел у адкрытым конкурсе “Шлюбная фатаграфія ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь”. Акцыя “Дзень усіх закаханых” праходзіла ў рэжыме нон-стоп і цягам гадзіны прапаноўвала імправізаваны вальс для маладых, творы мастацкай пескаграфіі, майстар-класы, мім-мініяцюры, танцавальную замалёўку “прагулка ў стылі стэп”.

Свае праграмы былі і ў літаратурных музеяў. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы гучала песня. Напярэдадні свята закаханыя мелі унікальную магчымасць даведацца пра тых жанчын, якія натхнялі Янку Купалу на напісанне інтымнай лірыкі.

Маладыя пары мелі магчымасць пагаварыць пра каханне і ў паэтычнай цішы Коласавага дома, сфатаграфавацца ў мемарыяльных пакоях паэта, прагледзець праграму музычных кліпаў, паслухаць аўдыёзапіс паэмы “Сымон-музыка” ў выкананні сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча. Падарункі з яго дарчым надпісам атрымалі маладыя людзі з імёнамі літаратурных герояў Коласавых кніг: Андрэй і Ядвіся, Сымон і Ганна, Сцяпан і Алена, Міхал і Ганна. Асаблівы падарунак атрымалі пары закаханых з імёнамі Канстанцін і Марыя.

Свята “Кахаем па-беларуску” ў гэты дзень падрыхтаваў Музей народнай архітэктуры і побыту, які знайшоў арыгінальную беларускую інтэрпрэтацыю сусветнага Дня ўсіх закаханых. Вобразы беларускай міфалогіі, абрадавыя дзеі, народныя гульні і магія, абрадавая ежа і напоі, рытуальныя танцы — усё было прасякнута традыцыйнымі ўяўленнямі беларусаў аб каханні, шлюбу і сям’і. Госці ўбачылі абрад “Свечка кахання”, а кульмінацыяй свята стаў абрад “Злом навалы і напасці, каб панавала ў сям’і шчасце”.

Для многіх музеяў гэта быў першы і вельмі станоўчы вопыт правядзення Дня ўсіх закаханых. Колькасць наведвальнікаў у гэтыя дні ўзрасла ў некалькі разоў, большасць з іх — маладыя людзі і сямейныя пары, якія былі ўдзячныя арганізатарам мерапрыемстваў. Вялікае задавальненне атрымалі і музейныя супрацоўнікі, для якіх Дзень закаханых і ў наступным годзе стане нагодай для падрыхтоўкі яркіх праграм.

Святлана ГАЎРЫЛАВА,
галоўны спецыяліст упраўлення
ўстаноў культуры і народнай творчасці
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь