Стратэгію дыктуе час

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, ведучы пасяджэнне калегіі, неаднаразова падкрэсліваў, што гэты год вымагае ад кожнага з нас надзвычайнай адказнасці ў жорсткіх умовах абмежаванага фінансавання. Не пагадзіцца — немагчыма. Жыць па ўчорашніх крытэрыях сёння не выпадае ў любым кірунку культурнай дзейнасці. Таму прадухіленне незаконных мэтавых расходаў па ўстановах культуры, захаванне фінансавай дысцыпліны, планавая эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў, эфектыўная рэалізацыя бізнес-планаў камерцыйных арганізацый Міністэрства культуры (а менавіта гэтыя пытанні сталі галоўнымі ў парадку дня калегіі) у сукупнасці з законным нарошчваннем пазабюджэтнай дзейнасці нашых клубаў, бібліятэк, музеяў і складаюць аснову стратэгіі па ўмацаванні эканамічнай бяспекі культурнай галіны.

Вучыцца зарабляць законна
Па словах начальніка кантрольна-рэвізійнага аддзела Міністэрства культуры Аляксандра Кізіма, летась рэвізіямі і праверкамі выяўлена шкоды на 670,5 мільёна рублёў. Аналіз парушэнняў паказаў, што ў іх ліку часцей за ўсё сустракаюцца няправільнае выкананне каштарысаў па пазабюджэтных расходах, хібы ў аплаце працы і вядзенні рамонтна-будаўнічых работ. Радзей сталі дапускацца парушэнні ў сферы арэндных адносін, у арганізацыі дзейнасці службовага і спецыяльнага аўтатранспарту, пры аплаце камандзіровачных і тэлефонных расходаў.
Не выконваліся, да прыкладу, патрабаванні пункта 11 “Інструкцыі аб парадку планавання, уліку і выкарыстання сродкаў, атрымліваемых арганізацыямі, што фінансуюцца з бюджэту, ад дзейнасці, якая прыносіць даходы”, зацверджанай пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2002 г. №152 у частцы кампенсацыі расходаў па камунальных паслугах за кошт пазабюджэтных сродкаў.
У рэспубліканскіх арганізацыях парушэнняў у аплаце працы выяўлена на суму 81,5 мільёна рублёў. “Вызначыліся” тут аддзелы культуры Бярэзінскага, Гарадоцкага, Драгічынскага, Калінкавіцкага, Карэліцкага, Мсціслаўскага райвыканкамаў, Гродзенскага гарвыканкама, Выставачная зала Бабруйска…
З агульнага памеру шкоды ў 670,5 мільёна рублёў вернуты ў бюджэт 569 мільёнаў. Поўную кампенсацыю шкоды патрэбна ажыццявіць у самы бліжэйшы час. І яшчэ адзін нюанс, на важнасць якога звярнуў увагу прысутных першы намеснік міністра. Мэтазгодна правесці нараду кіраўнікоў, спецыялістаў аддзелаў культуры з прыцягненнем прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў па пытаннях выканання Інструкцыі № 152. Канкрэтныя прапановы нашых культасветнікаў на адрас Мінфіна павінны стымуляваць далейшую работу па развіцці платных паслуг насельніцтву.
“Берагчы палцінку на ліхую гадзінку”
Гэтая старая бабульчына прымаўка прыгадалася, калі гаворка на калегіі зайшла аб выніках леташніх захадаў па выкананні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 г. № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віктар Рымашэўскі зазначыў, што прагнозны паказчык па энергазберажэнні арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству культуры, выканалі і дасягнулі ўзроўню ў мінус 10,1 працэнта пры плане мінус 10. Спажыванне рэсурсаў знізілася па сферы культуры на 8,5 працэнта.
Лепшых паказчыкаў у эканоміі дасягнулі ўпраўленні культуры Гомельскага і Віцебскага аблвыканкамаў, шэраг арганізацый і ўстаноў, падпарадкаваных Міністэрству культуры. Разам з тым, мэтавы паказчык па энергазберажэнні не дасягнуты ва ўпраўленні культуры Мінскага гарвыканкама.
Шанц заваяваць рынак
У 2008 годзе выручка ад прадукцыі і паслуг, рэалізаваных камерцыйнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству культуры, склала 70,5 мільярда рублёў і павялічылася на 56 працэнтаў у параўнанні з 2007 годам. Рэнтабельнасць рэалізаваных прадукцыі і паслуг дасягнула 16,9 працэнта пры плане — 8,8.
Няблага спрацавалі “Гроднатэамантаж”, “Мінскрэстаўрацыя”, “Белпрамкультура-Маладзечна”, “Праектрэстаўрацыя”. Падаецца, самы час спачываць на лаўрах. Але Уладзімір Рылатка, гаворачы пра эканамічную гнуткасць камерцыйных арганізацый, падкрэсліў, што цяпер — самы спрыяльны час для заваявання беларускага рынку. Імпартная прадукцыя становіцца недасягальнай па коштах, таму проста неабходна павышаць якасць айчыннага абсталявання для клубаў, бібліятэк і канцэртных залаў, павышаць уласны аўтарытэт сярод спажыўцоў, вывучаць попыт, актыўна займацца рэкламай і пашырэннем вытворчасці. Тады і аддача ад дзейнасці акцыянерных таварыстваў будзе непараўнальна большай, і актыўны продаж акцый канкрэтным інвестарам дзеля пашырэння вытворчых магутнасцей стане не марай, а рэальнасцю.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ