У сусветны джаз — з беларускімі цымбаламі

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Міхась ЛЯВОНЧЫК — адзіны ў свеце (!) музыкант, які “джазуе” на беларускіх цымбалах. І сольна, і ў ансамблі з братам-піяністам, і ў складзе групы “Талісман”, дзе, акрамя яго, ёсць скрыпач-украінец, акардэаніст-малдаванін і ўдарнік-немец. Але справа не толькі ў гэтым. Міша, ва ўсіх сэнсах, — Музыкант з вялікай літары. Што яшчэ раз пацвердзіў ІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча, які завяршыўся ў Мінску 9-га красавіка. Міша быў уганараваны першай прэміяй. Па праўдзе ж кажучы, гэта быў Гран-пры. Нават не Гран-пры (на жаль, умовамі гэтага конкурсу Гран-пры не прадугледжаны, і каб усё ж такі надаць прэміі большую вагу, журы не прысудзіла сярод цымбалістаў “срэбра”, падзяліўшы “бронзу” на траіх), а нейкі звышконкурсны ўзровень, спаборнічаць з якім марна. Справа не толькі ў фенаменальнай тэхніцы ці ў тым, што ў сваю конкурсную праграму выканаўца ўключыў уласныя джазавыя творы, сярод якіх была і поўная настальгіі Імправізацыя на тэму знакамітай “Перапёлачкі”. Феномен М.Лявончыка — у дзівосным, недасягальным, ужо паводле прыроды нашых цымбалаў, спалучэнні трапяткіх, быццам “матыльковых”, імпрэсіянісцкіх гучанняў з жорсткімі, амаль “рокавымі”. Гэта не цымбалы! І не джаз. Гэта нейкая лявончыкавіяна”.

 /i/content/pi/cult/111/221/1.jpg
 
- Можа, пачнём з джаза? Што ў ім для вас галоўнае?

- У джазе галоўнае - мысліць. Звычайна кажуць, што джаз - гэта свабода, воля. Хтосьці нават думае: маўляў, рабі, што хочаш. Не! Гэта свабода мыслення. А больш дакладна, музычнага мыслення. Гэта як валоданне мовай! Яно можа быць на "школьным" узроўні, а можа быць сапраўды свабодным, калі перад табой не паўстае пытанне, як усё ж выказаць сваю думку, - не завучаную, а тую, што, можа, толькі зараз прыйшла табе ў галаву. І выказаць так, кааб цябе зразумелі. Пасля джазавай падрыхтоўкі пачынаеш іначай глядзець на класіку.

- Зверху ўніз?

- Навошта? Проста пачынаеш яе іначай ацэньваць, заўважаеш у ёй тое, на што раней не звяртаў увагі. У гэтым сэнсе яна становіцца бліжэй, яе таксама ўспрымаеш як "родную мову": калі раптам "заблытаешся" ў вывучаным на памяць тэксце, дык зможаш свабодна дасказаць распачатую думку - быццам сваю ўласную.

- Але ў джазе зусім іншая манера выканання. Калі вядомая беларуская цымбалістка Кацярына Анохіна захапілася джазам, дык пачала... спяваць, бо лічыцца, што цымбалы не прыдатныя для джаза.

- Можа, да джазавай музыкі больш падыходзяць не беларускія, а венгерскія цымбалы. У іх больш "сухі" тэмбр, лягчэй зрабіць акцэнты. На нашых іграць джаз куды больш складана. Але гэта не значыць, што немагчыма.

- Вы гэта даказалі. Дадам, што, на маю думку, джаз дапамог вам канчаткова выпрацаваць уласны выканальніцкі стыль, які нельга вызначыць ні як традыцыйна джазавы, ні як акадэмічны, ні як фальклорны. Гэта арыгінальнае спалучэнне элементаў усяго пералічанага, памножанае на ўласную індывідуальнасць. Паўтарыць гэта немагчыма! І навучыць такому, мабыць, таксама нельга?

- Спадзяюся, не. Навошта спараджаць "масавасць" замест эксклюзіву? Гэта розныя рэчы. І задача выкладчыка найперш у тым, каб выявіць індывідуальнасць вучня.

- А ў вас ёсць настаўніцкі вопыт?

- У Германіі, акрамя навучання, я выкладаю фартэпіяна ў дзіцячай музычнай школе. Але, калі шчыра, мяне гэта не вельмі цікавіць. Мабыць, куды з большым энтузіязмам я выкладаў бы не музычную азбуку, а працаваў са студэнтамі - над музычнай драматургіяй твораў, над якасцю гуку.

Перада мной - прыклад такога выдатнага выкладчыка, як Таццяна Сергеенка. Я абавязаны ёй усім. Калісьці ў дзяцінстве, пасля заканчэння 2-га класа Рэспубліканскага музычнага ліцэя (зараз гэта каледпры Акадэміі музыкі), мяне палічылі неперспектыўным і збіраліся выключаць з гэтай навучальнай установы. Але Таццяна Пятроўна паверыла ў мяне, узяла ў свой клас. Потым ужо прызнавалася, што доўга адшуквала нейкую новую, не распрацаваную раней методыку, каб мой "недахоп" (я ж прыроджаны ляўша) ператварыць у яркую, не падобную да іншых, адметнасць. І потым, ужо падчас навучання ў Беларускай акадэміі музыкі, яна заўсёды мяне "абараняла". Дый зараз, на конкурсе, нягледзячы на цяжкі стан здароўя, не стамлялася рэпеціраваць са мной і з іншымі сваімі вучнямі.

- Але ж самі цымбалы ў вашым жыцці з'явіліся, пэўна, дзякуючы бацьку? Запісы цымбаліста-віртуоза Аляксандра Лявончыка і зараз складаюць залаты фонд Беларускага радыё.

- Прызнацца, мне больш падабаўся раяль. Мабыць, таму, што на ім іграў мой старэйшы брат Алесь. Я таксама хацеў займацца на фартэпіяна, але мяне не ўзялі: сказалі, рукі для гэтага інструмента не падыходзяць.

- Затое ў Германіі вы рэалізавалі сваю мару, скончыўшы кансерваторыю яшчэ і па класе фартэпіяна.

- Джазавага фартэпіяна! Я ехаў туды, каб займацца менавіта ў Леаніда Чыжыка - бліскучага джазавага музыканта і педагога: у Яго крыху раней вучыўся мой брат-піяніст. Алеся яшчэ з дзяцінства больш цягнула да папулярнай музыкі. І, скончыўшы Беларускую кансерваторыю, ён паехаў працягваць навучанне ў Германіі. А я ўжо рушыў туды па "пракладзеных рэйках". Паступіў і ў Мюнхен, і ў нашу мінскую магістратуру, але адначасова вучыцца там і тут не дазволілі. Першыя два гады ў Германіі на цымбалах амаль не займаўся, - толькі так, каб "спартыўную" форму падтрымліваць. Трэба ж было навёрстваць валоданне фартэпіяна. Але, нарэшце, зразумеў, што цымбалы - куды больш "маё".

- На венгерскіх цымбалах, што распаўсюджаны ў Еўропе, не спрабавалі навучыцца?

- Чаму ж не? Пачалося з таго, што адзін такі інструмент, выраблены больш як стагоддзе таму, трапіў да вядомага майстра па вырабе скрыпак і віяланчэлей. Той адрэстаўраваў яго і падарыў мне. Потым я набыў яшчэ адны венгерскія цымбалы.Гэты інструмент, можа, больш багаты за беларускія цымбалы, - і па знешнім выглядзе, і па дыяпазоне, дзе ёсць вельмі нізкі рэгістр, і па выканальніцкіх магчымасцях, бо там ёсць педаль, якая "мікшыруе" гучанне. Але ў нашым інструменце вельмі прывабнай з'яўляецца ідэя адкрытага, вольнага гуку, якому нічога не перашкаджае. Іншая справа, што інструмент не трымае строй: струны на ім хутка разладжваюцца, дый граць на беларускіх цымбалах, паверце, куды больш складана!

- Веру. Бо сама іграла - і вырашыла стаць музыказнаўцам. А што цябе яшчэ цікавіць, акрамя музіцыравання?

- Займаюся фітнесам, бегам, плаваннем.

- Наколькі ведаю, не п'еш і не курыш, хаця чалавек, як кажуць, "кампанейскі". Мабыць, прытрымліваешся лозунга "За здаровы лад жыцця"?

- Дарэмна смяецеся: гэта сапраўды вельмі сур'ёзна. Яшчэ люблю вадзіць машыну. Я нават правы атрымаў крыху раней за брата, хаця ён старэйшы за мяне на 11 гадоў.

- А ў машыне што галоўнае? Хуткасць?

- Пасажырка (смяецца).

- А сваю "пасажырку" знайшоў? Пэўна, немку?

- Знайшоў. Яна, між іншым, таксама з Мінска.

- Дык ты рамантык?

- Не, бо вершаў не пісаў і не пішу. Але ж і прагматыкам сябе не назваў бы. Можа, штосьці сярэдняе? Я звычайны.

- Хутчэй "надзвычайны" - з усімі лепшымі эпітэтамі.

- Проста, школа беларуская надзвычай высокая. Колькі ў нас цымбалістаў выдатных! Тыя ж студэнткі Беларускай акадэміі музыкі Галя Лазовік, Алеся Шагун: я чуў іх і ў Чарапаўцы на конкурсе "Кубак Поўначы", дзе яны разам са мной сталі лаўрэатамі, і на рэпетыцыях цяперашняга конкурсу. Гэта зусім не "моцна-сярэдні" ўзровень, а папраўдзе надзвычай высокі!..

- Але калі здарыцца такая "надзвычайная сітуацыя", што мы зноў пачуем боскую ігру Міхаіла Лявончыка? Апошнія твае "сольнікі" былі ў Беларусі год таму: у Гродне, Віцебску, Лідзе, Мінску (на жаль, усяго ў Малой зале філармоніі), потым ты рушыў з канцэртамі ў Маскву.
- Пасля перамогі на цяперашнім конкурсе адразу з'явілася шмат афіцыйных прапаноў: выступіць з "сольнікам" у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, сыграць з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Іосіфа Жыновіча, з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі. Я гэтаму вельмі рады!

Даведка
Міхась Лявончык, нарадзіўся 5 ліпеня 1979 года ў Мінску. У 1997 г. скончыў Рэспубліканскі каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У 2002 г. - Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе цымбалаў прафесара Таццяны Сергеенка. А ў 2007 г. - кансерваторыю імя Рыхарда Штрауса ў Мюнхене па класе джазавага фартэпіяна прафесара Леаніда Чыжыка. Лаўрэат шматлікіх конкурсаў, у тым ліку міжнародных - у Расіі, Украіне. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Уладальнік Гран-пры Міжнароднага конкурсу "Кубак Поўначы" (г. Чарапавец, 2000 г.). Быў запрошаны членам журы гэтага конкурсу ў 2004 годзе. Гастраляваў у Японіі, Кітаі, Канадзе, Даніі, Англіі, Францыі, Італіі і іншых краінах.


Анкета "К"
1. Колер, які натхняе.
Сіні.
2. У якую пару года падабаецца
працаваць?
Зімой: летам хочацца адпачываць.
3. Любімы мастак.
Айвазоўскі, бо на яго карцінах - мора.
4. НайболЬш яркі акцёр, актрыса.
Яўген Міронаў.
5. Творы якіх пісьменнікаў перачытваеш?
Ільфа і Пятрова.
6. Што слУхаеш?
Джаз, класіку.
7. Радзіма - гэта што?
Беларусь. І гэтым усё сказана.
8. ЛюбімАя кветка?
Сіняя ружа.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ