Гітара “прымерыла” сітар

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

“Гітарны трохвугольнік” — так называўся нядаўні сольны вечар маладога беларускага музыканта Рамана Ташпулодава. Але насамрэч тых “вуглоў”, што сімвалізавалі розныя кірункі яго дзейнасці, аказалася больш. І, галоўнае, усе яны станавіліся абсалютна натуральным, гарманічным працягам адзін аднаго, быццам ператвараючы рэзкасць зігзагаў у плаўнасць, закругленасць ліній.

 /i/content/pi/cult/197/2209/Gitara.jpg
Аляксей Юрынок (флейта) і Раман Ташпулодаў (гітара).
Раман выступаў і сольна, і ў разнастайных ансамблях, дзе гітара была то на роўных з іншымі інструментамі, то ў якасці акампанементу. Дый адыгрывала яна не толькі сваю ролю, але часам і замяшчала іншыя інструменты, быццам “прымерваючы” іх тэмбры на сябе. Гучалі пералажэнні і клавесіннай музыкі, і партыі індыйскага сітара — гітара паўсюль стварала патрэбную псіхалагічна-інтымную ауру. Другое ж аддзяленне, да ўсяго, выявіла кампазітарскія і дырыжорскія здольнасці музыканта.

Сама праграма была складзена надзвычай разнастайна. А сярод прэм’ер быў і каларытны твор індыйскага кампазітара Раві Шанкара, і цыкл “Тры народныя песні” балгарскага гітарыста і кампазітара Атанаса Уркузунава, напісаны для адметнага інструментальнага складу: флейта, віяланчэль і дзве гітары. Затое вакальнымі аказаліся тры Басановы Антоніа Карласа Жабіма, дзе да артыстычных спеваў Марыны Філіпавай далучыліся, акрамя гітары, яшчэ кларнет, віяланчэль, ударныя.

З асаблівай нецярплівасцю чакалася прыпасенае для фіналу выступленне так званага неапалітанскага аркестра, дзе да шматлікіх гітар далучыліся мандаліны, духавыя інструменты і ўдарныя. Падобныя гітарныя калектывы былі распаўсюджаны ў даваенны час у Заходняй Беларусі, пра што сведчыць нядаўняе даследаванне Валерыя Жывалеўскага, выдадзенае асобнай кнігай. Дарэчы, 15 гадоў таму ён разам з жонкай ужо спрабаваў аднавіць гэтыя традыцыі, але праіснаваў той аркестр усяго два гады. Недаўгавечнымі аказаліся і студэнцкія калектывы, складзеныя з навучэнцаў і выкладчыкаў: ансамбль у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, аркестр у Мінскім музычным вучылішчы імя М.Глінкі.

Р.Ташпулодаў не складаў калектыў сам — амаль два гады таму гэта зрабілі заўсёднікі Клуба гітарыстаў пры ДК МАЗа паініцыятыве яго старшыні Алега Капянкова. Раман жа не пабаяўся ўзначаліць такі аматарскі аркестр — і, на здзіўленне многіх, “давёў” яго да выступлення не толькі на 25-годдзі Клуба, што было ў маі, але і на адказнай філарманічнай сцэне. І дапамаглі яму ў гэтым веды і практычныя навыкі, назапашаныя пад кіраўніцтвам дырыжора Уладзіміра Чэрнікава.
Дадамо, што правядзенне такога канцэрта было ініцыятывай самога Рамана. Скончыўшы ў 2006-м Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе гітары Яўгена Грыдзюшкі, малады музыкант выяўляе сваю творчую актыўнасць. Праца салістам Філармоніі для дзяцей і юнацтва не перашкаджае яго ўласным праектам — іх заўсёды шмат, прычым Раман мэтанакіравана імкнецца да іх ажыццяўлення і з кожным годам грае ўсё больш віртуозна і артыстычна, штораз выходзячы пераможцам у творчым спаборніцтве з самім сабой — учорашнім і пазаўчорашнім.
 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Таццяны МЕЛЬНІКАВАЙ