Скрыпка беларуская і “авангардны” эксперымент

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Ці ёсць у нас свая, беларуская, скрыпічная школа? Станоўчы адказ на гэтае пытанне сёння не выклікае сумневу ні ў нас, ні за мяжой. І доказам таму не толькі шматлікія перамогі нашых музыкантаў, але і звароты замежных скрыпачоў да выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — з просьбай падзяліцца вопытам.

 /i/content/pi/cult/196/2206/Skrypka.jpg

Улетку такія кансультацыі, што выклікалі сапраўдны фурор, даваў дацэнт Эдуард Кучынскі. А кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры музычнай педагогікі, тэорыі і гісторыі выканальніцкага мастацтва Ігар Вядзенін быў запрошаны нядаўна на два сусветныя кангрэсы педагогаў-струннікаў — у Швейцарыю і, што асабліва ганарова, у Італію, Крэмону — горад, дзе працаваў вялікі Страдзівары.
Гэта быў далёка не першы наш удзел у прадстаўнічых міжнародных форумах. Дагэтуль той жа І.Вядзенін, які з’яўляецца членам Сусветнай асацыяцыі музыкантаў-педагогаў (ISME) і Еўрапейскай асацыяцыі педагогаў-струннікаў (ESTA), выступаў з дакладамі ў Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі. А да яго манаграфіі “Як выхаваць музыканта-педагога” далучылася новая кніжка, прызначаная для выкладчыкаў пачатковага і сярэдняга звёнаў: “Мастацтва музыканта-педагога: традыцыі і наватарства”.
Аналізуючы разнастайныя методыкі, асаблівую ўвагу аўтар надае інтэнсіфікацыі працэсу навучання, ролевым гульням, творчаму стаўленню да заняткаў (у тым ліку “авангардным” эксперыментам і далучэнню пачаткоўцаў да сучаснай стылістыкі), ансамблеваму музіцыраванню (нават з тымі дзецьмі, якія ўвогуле не дакраналіся да інструмента), канцэртаванню, выхаванню артыстычных здольнасцей.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Ігар Вядзенін (справа)
са старшынёй
Еўрапейскай асацыяцыі
педагогаў-струннікаў (Італія),

альтыстам Бруна Джыарана.