Калі ж становяцца сучаснымі?

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Так склалася, што беларускія тэатры вольна ці не ўсклалі “правы і абавязкі” па адкрыцці новых аўтараў на Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. І той вось ужо паўтара дзесяцігоддзя стараецца, адшуквае маладыя таленты, спрабуе “падсадзіць” іх на творчы драйв, прапаноўваючы паспытаць тэатральнае чарадзейства і тое невыказнае адчуванне, калі твая п’еса — плён асабіста-інтымных перажыванняў — раптам выходзіць на сцэну і становіцца даступнай шырокаму колу людзей. Нярэдка пастаноўкі гэтыя становяцца выключна “хатнімі радасцямі” і ўжо праз некалькі паказаў пад захопленыя воплескі родных і блізкіх драматурга ды акцёраў шчасліва пакідаюць сцэну. Але ж бывае і іначай.

 /i/content/pi/cult/196/2204/Kali-stanovyacca.jpg

Лая — Марыя Пятровіч, Кін — Андрэй Бібікаў.

“Сляпая зорка”, што пабачыла святло тэатральнай пляцоўкі пад эгідай Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры, заяўлена як аўтарскі праект Мікалая Рудкоўскага. І не выпадкова: ён у гэтым спектаклі адказны не толькі за драматургічны тэкст, але і за пастаноўку, мастацкае афармленне і музычнае вырашэнне. Не вітаючы ў тэатральнай справе “шматстаночнікаў”, мушу зазначыць, гэта аказаўся ці не адзіны з магчымых рацыянальных спосабаў прабіцца на прафесійную сцэну. Нягледзячы на тое, што “Жанчыны Бергмана” Рудкоўскага ідуць на пляцоўцы гэтага ж тэатра без малога дзесяць гадоў, а ў творчым партфелі Мікалая маецца яшчэ некалькі п’ес, рэжысёры ўпарта “не бачаць” іх на сцэне, не “вычытваюць” у тэксце таго, што магло б усхваляваць сучаснага гледача. І вось ён — драматург паводле ўнутранага светаадчування, рэжысёр па адукацыі і практыкуючы дзі-джэй на радыё — вырашыў аб’яднаць свае веды і навыкі ды “візуалізаваць” уласную п’есу, раскрыць так, як не змаглі дагэтуль прачытаць яе іншыя рэжысёры.
Не прэтэндуючы на гучнасць адкрыцця новага імя ці славу тэатральнага прарыву, “Сляпая зорка” скарыла гледачоў пранізлівай шчырасцю акцёрскай ігры, вастрынёй перажыванняў, што ахіналі не толькі персанажаў спектакля, але і натуральным чынам перадаваліся ў глядзельную залу (дакладней, у фае тэатра, бо дзея разгортваецца менавіта там, на невялічкім выгараджаным пятачку). У гэтай прыбліжанай да гледачоў прасторы, напоўненай стосамігазет, сэнс якіх ужо даўно страціўся, і чарговая “няшчасная дзяўчынка” Нія Надзеі Цвятковай, і эпатажна-характарная Эна (Юлія Шаўчук), і гендэрная пара-пярэварацень: мускулістая Лая (Марыя Пятровіч) побач з датклівым Кінам (Андрэй Бібікаў) — не выглядалі персанажамі з іншай планеты. Пры тым, што, імкнучыся да псіхалагізму, Рудкоўскі свядома адмаўляе бытавізм як шлях да яго і будуе свае п’есу і спектакль, абапіраючыся ў значнай ступені на прытчавыя прыёмы. Нягледзячы на пэўную метафізічнасць сцэнічнага тэксту, у зале не ўзнікае “супраціўлення матэрыялу”, і аўтарскі пасыл трапляе дакладна ў аўдыторыю.
Што ж, чарговае “адкрыццё” чарговага “маладога драматурга” ўдалося? Між тым, “Сляпая зорка” — адна з першых п’ес аўтара, напісаная больш за дзесяць гадоў таму, у час вучобы Мікалая ва Універсітэце культуры. Мне ў той час давялося паглядзець яе студэнцкую пастаноўку, якая запала ў душу шчымлівым жаданнем герояў спектакля вырвацца за межы мала зразумелых, але звыклых умоўнасцей, прагай хоць раз ажыццявіць сваё патаемнае жаданне, надзвычай важнае для адчування ўласнай паўнавартаснасці… Але з заканчэннем аўтарам універсітэта неўзабаве скончылася і жыццё таго спектакля. У новай пастаноўцы на змену юнацкай экспрэсіі прыйшлі філасафічная сузіральнасць і пэўная тужлівасць з прычыны таго, што адказы на многія пытанні, якія драматург разам з персанажамі задае сабе і гледачам, падсвядома ён ужо ведае.
Хаця “Сляпая зорка” Мікалая Рудкоўскага цалкам пацвердзіла слушнасць песні Андрэя Макарэвіча пра тое, што “не варта прагінацца пад зменлівы свет”, застаецца доля шкадавання: чакаць гэтага давялося ажно дзесяць гадоў.

Таццяна КОМАНАВА