Антыкрызісная праграма ад Уладзіслава Галубка

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Сапраўдныя якасць і ўзровень драматургіі канчаткова высвятляюцца толькі ў тэатры — гэта аксіёма. Сцэна, бы павелічальнае шкло, без жалю выяўляе ўсе хібы і недахопы твора. Але толькі дзякуючы новым і новым пастаноўкам п’еса мае магчымасць нарошчваць сваю “мышачную масу” (што ў тэатры называецца пастановачнымі традыцыямі). Без гэтага любы драматургічны твор немінуча становіцца істотай, якую нарадзілі і пакінулі, і ператвараецца ў прывід. Аб ім час ад часу ўзгадваюць штосьці, але канкрэтызаваць свае ўражанні і думкі так і не бяруцца.

 /i/content/pi/cult/196/2203/Galubok1.jpg

Няхай не пакрыўдзяцца на мяне тэарэтыкі айчыннай гісторыі, але адным з гэткіх прывідаў беларускага тэатра давялося стаць і Уладзіславу Галубку. Слыннаму акцёру, рэжысёру, драматургу і тэатральнаму лідэру пачатку ХХ стагоддзя, стваральніку БДТ-3 (трэцяга пасля цяперашніх Купалаўскага і Коласаўскага і першага ў краіне вандроўнага тэатра), якому ў падручніках па гісторыі беларускага тэатра адводзіцца нямала старонак, на айчыннай сцэне амаль не знаходзілася месца. Рэдкія звароты рэжысёраў да яго творчасці, як правіла, не сягалі далей эксплуатацыі просценькіх вадэвіляў аўтара. Дзякуючы чаму складвалася трывалае перакананне, што класікам Галубок стаў выключна “па беднасці” нашай — маўляў, калі б было з чаго выбіраць на пачатку мінулага стагоддзя ў айчыннай драматургіі…
Новы спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Ветрагоны” паводле Уладзіслава Галубка цалкам абверг гэты стэрэатып. Пры ўсёй вадэвільнай прыродзе самой п’есы рэжысёр Уладзімір Савіцкі не пайшоў шляхам увасаблення на сцэне “смяхотнага абразка”. Пастаноўшчык адкрыў нам тыя бакі твора (ён, дарэчы, ніколі раней не ставіўся на прафесійнай сцэне), што выявілі талент Галубка не толькі як тэатральнага практыка свайго дня, але і як цудоўнага майстра бачання і выпісвання сітуацый пазачасавых, актуальных у любую эпоху. Дзе найлепш захоўваць грошы ў час татальнага сацыяльна-эканамічнага крызісу, калі з усіх бакоў пагражаюць то “амерыканец”, то “англічанка” з “японкай”, і па якіх крытэрыях маладой “прагрэсіўнай” дзяўчыне выбіраць сабе жаніха?..
Здаецца, Галубок знарок напісаў сваіх “Ветрагонаў” для нас, людзей пачатку ХХІ стагоддзя. Але ўбачыць гэта аказалася па сілах толькі Уладзіміру Савіцкаму. Зрэшты, гэты рэжысёр даўно вядомы сваімі адмысловымі стасункамі з беларускай літаратурай. Ён не шукае для сябе лёгкіх шляхоў і бярэцца то за ўвасабленне сучаснай драматургіі (“Успамін аб Вавілоне” Алены Паповай у Магілёўскім абласным драматычным тэатры), то сам інсцэніруе празаічную класіку (тут і “Балада пра каханне” паводле “Альпійскай балады” Васіля Быкава, і “Дзікае паляванне караля Стаха” па Уладзіміру Караткевічу), а то на падставе шэрагу аўтарскіх твораў і іх кампіляцыі стварае ўласную сцэнічную кампазіцыю, як гэта сталася са “Снамі аб Беларусі”, дзе караткевічаўская “Калыска чатырох чараўніц” пераплялася з паэзіяй Янкі Купалы галоўнага героя спектакля.
Не сталі выключэннем і “Ветрагоны” — за вадэвільнай гісторыяй выбару “багатага” жаніха рэжысёр выбудаваў цэлы свет Віцебска 20-ых гадоў мінулага стагоддзя. Тут і гарадскі трамвай, і пазнавальная нават для гасцей горада ратуша, праўда, крыху пахіленая, шматлікія масты… Лёгкая, графічна-бязважкая сцэнаграфічная канструкцыя (мастак Віктар Цімафееў) сталася надзвычай зручным і арганічным “месцам жыхарства” для герояў твора Галубка, нягледзячы на тое, што сама яе ідэя з’яўляецца лёгка пазнавальнай варыяцыяй дэкарацыйнага рашэння “Сноў аб Беларусі” ў Купалаўскім тэатры.

 /i/content/pi/cult/196/2203/Galubok2.jpg

Прыемна адзначыць, што ў “Ветрагонах” Уладзімір Савіцкі не пайшоў традыцыйным для большасці запрошаных рэжысёраў шляхам стварэння “пастановачнага” спектакля. У выніку галоўнай каштоўнасцю стала не рэжысёрская канцэпцыя як самамэта, а бліскучы акцёрскі ансамбль.
Не толькі для коласаўцаў, а і для большасці айчынных тэатраў надзвычайная рэдкасць — той драйв і творчы запал, што падчас прэм’еры перадаваўся і ў глядзельную залу, асалода, якую кожную хвіліну сцэнічнага дзеяння атрымлівалі літаральна ўсе дзеючыя асобы спектакля ад сваёй працы. Што і казаць, такі яркі прыход у коласаўскі дом радасці тэатральнай творчасці не мог прайсці незаўважаным.
Маладому акцёру Максіму Каржыцкаму дасталася даволі дэкларацыйная роля станоўчага і правільнага каваля Пётры, які павінен быць “гонарам і сумленнем” сваёй эпохі. А вось Наталля Саламаха, што сыграла яго нявесту Фросю, знайшла для сваёй гераіні фарбы гратэскова-фарсавыя, дзякуючы чаму яе сцэны з іншымі жаніхамі-аферыстамі: Ігнатам (Юрась Цвірка) і Сцяпанам (Максім Фралоў) уяўлялі сабой сапраўдны каскад сцэнічнага гумару. Тым больш, што ролі “актыўных” дзяўчат — яе канёк. Але разам з тым, актрыса не пазбавіла сваю гераіню пэўнай лірычнасці, дзякуючы чаму “слізкія” сюжэтныя павароты не ператварыліся ў сатырычнае выкрывальніцтва чалавечых слабасцей.
Але ўсе гэтыя авантурныя “шлюбныя” акцэнты набылі зусім іншыя адценні, калі на сцэне ва ўсёй красе паўстала “цяжкая артылерыя” тэатра — Галіна Букаціна (Маці), Святлана Жукоўская (Свацця) і Раіса Грыбовіч (Бабка). Актрысы прадэманстравалі сапраўдны майстар-клас валодання камедыйнымі прыёмамі і ўмення “ўзяць у абарот” глядзельную залу, якімі традыцыйна славіліся коласаўскія акцёры. Рамантычная рэалістка Букацінай настойвае на тым, што чалавек мусіць жыць сваёй сумленнай працай, прываблівае сваёй спакойнай разважлівасцю і непадатлівасцю на ўсялякія “панікі”.
У той час як авантурыстка Свацця Жукоўскай “бярэ” гледачоў “шапаклячай” абаяльнасцю і сваім уменнем, бы вада, падладжвацца пад любую сітуацыю. І ўжо сапраўдны дыямент гэтага сцэнічнага параду — Раіса Грыбовіч, чыя Бабка злучае ў сабе і прагматычную рэалістку, калі прадае кватэру для таго, каб займець грошы, на якія будзе жыць, і авантурыстку, калі раптам вырашае пад старасць гадоў выйсці замуж ў чарговы раз, хаця да гэтага мела ўжо не адзін царкоўны шлюб, і ў нечым лірычную скнару, калі спрабуе падсунуць Свацці пагрызеныя пацукамі грошы, і рамантычную правінцыялку, губляючы розум ад мары пра “спрунжыновых коней”. Яркая характарная актрыса, яна ў каторы раз прадэманстравала, што тэатральнае мастацтва можа быць не толькі павучальным, метафарычна-філасофскім ці канцэптуальна-мудрагелістым. Аказалася, і “Ветрагоны” ў коласаўцаў гэта пацвердзілі самым яскравым чынам, самы шчыры водгук у глядацкіх сэрцах спектакль набывае тады, калі знешне простымі спосабамі, без залішніх “катурнаў” ён размаўляе з людзьмі на тэмы, што хвалююць “простага” чалавека тут і зараз.

Таццяна КОМАНАВА
Фота Ганны ЖЫГУР

На здымках: сцэна са спектакля
“Ветрагоны”;
Свацця — Святлана Жукоўская,
Бабка — Раіса Грыбовіч.