З архіваў саміх воінаў

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

З нагоды 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падрыхтавана выстаўка “Афганістан: наша памяць і боль”.

 /i/content/pi/cult/196/2202/Z arhivau.jpg

Мост Дружбы праз раку Амудар’я, па якім вярталіся дамоў савецкія войскі.

Як адзначыла аўтар канцэпцыі праекта Галіна Бабусенка, экспазіцыя адлюстроўвае пачатак афганскай вайны, баявыя дзеянні, удзел у іх беларусаў. Большасць матэрыялаў была сабрана супрацоўнікамі музея адразу пасля заканчэння вайны ў сем’ях воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэта прадметы амуніцыі, зброя. Можна пазнаёміцца і з дакументамі, што расказваюць пра саміх нашых суайчыннікаў: дыпломамі, граматамі, прадметамі побыту. У прыватнасці, скласці сваё ўяўленне пра падзеі вайны наведвальнікам выстаўкі дапамогуць афганскія і савецкія плакаты, форма дэсантніка, аўтамат Калашнікава, афганскі сцяг, аскепкі гранаты, трафейныя міны, дакументы ворагаў і шмат чаго іншага.
Усяго, па словах вучонага сакратара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Галіны Бабусенкі, установай было сабрана 176 адзінак захоўвання. Тым не менш і зараз ветэраны Афганістана прыносяць прадметы і дакументы, што сведчаць пра драматызм падзей, удзельнікамі якіх яны былі. На выстаўцы не могуць не ўразіць прастрэлены куляй Каран, чарніліца з гільз, унікальныя фотаздымкі, на якіх адлюстраваны моманты змагання, а таксама і вываду войск з Афганістана. Для стварэння выстаўкі Міністэрства абароны, Мінская гарадская арганізацыя ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць”, 5-я брыгада спецназа перадалі музею каштоўныя матэрыялы. Сярод іх сакрэтныя даведкі, данясенні, карты.
Сімвалічна, што завяршае выстаўку друкаваная прадукцыя прадпрыемства “Белпошта”, а таксама медаль, заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь , — “20 гадоў вываду войск з Афганістана”.
У працяг тэмы варта адзначыць, што да гэтай даты заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Рыгорам Сакалоўскім была падрыхтавана кніга “Афганскае рэха”.