Генеральная карта: з павета — у павет

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Першае ўражанне ад знаёмства з гэтым выданнем: эстэтычнае задавальненне ад прыгожа аздобленай кнігі, дзе, апрача карт, змешчаны гравюры, мастацкія карціны часоў Сярэднявечча. Чым яшчэ напоўнены першы том “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”? Пад час прэзентацыі гэтага фаліянта на выстаўцы “Кнігі Беларусі-2009” з яго стваральнікамі сустрэўся карэспандэнт “К”.

 /i/content/pi/cult/196/2201/Karta.jpg

Вялікае значэнне гэтага выдання ў яго навуковай ёмістасці. Невыпадкова, як адзначыў галоўны рэдактар “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”, дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч, у распрацоўцы і рэцэнзаванні карт для І тома прымалі ўдзел вядомыя беларускія спецыялісты, прадстаўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, устаноў Дзяржаўнай архіўнай службы.
Па словах Вячаслава Леанідавіча, у Атласе ўпершыню ў айчыннай картаграфіі настолькі падрабязна і дэталёва падаюцца самыя раннія перыяды нашай гісторыі. Адметна, што карты адлюстроўваюць не толькі археалагічныя помнікі, але і самі працэсы, што адбываліся на тэрыторыі краіны тысячагоддзі таму і спрыялі фарміраванню беларускага этнасу. Не прамінулі аўтары Атласа перыяды, калі беларускія землі ўваходзілі ў Кіеўскую Русь, Вялікае княства Літоўскае. Гэты час асветлены ў сацыяльным, палітычным, рэлігійным аспектах.
Галоўная мэта Атласа — даць найбольш поўнае, нагляднае, навукова выверанае ўяўленне пра гісторыю Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Менавіта таму яна падаецца ў шырокім кантэксце, што дазволіў бы зразумець месца беларусаў у супольнасці еўрапейскіх народаў, з якімі, па словах акадэміка, доктара гістарычных навук, члена навукова-рэдакцыйнага савета “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” Міхаіла Касцюка, нашы продкі мелі плённыя сувязі. Да таго ж, некаторыя карты ахопліваюць увесь усходнееўрапейскі рэгіён альбо наогул Еўропу цалкам. А побач з гэтым прысутнічаюць і буйнамаштабныя карты асобных тэрыторый, планы гарадоў, схемы бітваў.
Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, член навукова-рэдакцыйнага савета фаліянта, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч зазначыў, што пад час стварэння кнігі было шмат дыскусій, спрэчных момантаў, але ў выніку па кожнай карце, што прадстаўлена ў Атласе, была выпрацавана кансалідаваная пазіцыя, якая адпавядае дасягненням сучаснай навукі.
У аснову перыядызацыі тамоў Атласа пакладзены істотныя моманты этнагенезу беларусаў, шляхуда стварэння ўласнай дзяржавы. Першы том асвятляе найбольш раннія перыяды, ад каменнага веку да часоў Вялікага княства Літоўскага. Храналагічна ён абмежаваны канкрэтнай датай — 1569 годам, калі ў выніку Люблінскай уніі беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай.

 /i/content/pi/cult/196/2201/Karta2.jpg

Рэканструкцыя карты Віцебска X — XIV стст.

Усяго першы том выдання ўтрымлівае 67 гістарычных карт, схем і планаў, распрацаваных сучаснымі спецыялістамі, а таксама рэпрадукцыі 22 старадаўніх карт. Варта адзначыць, што ўпершыню прадстаўлена генеральная карта “Беларускія землі ў XVII стагоддзі”, дзе пазначаны ўсе тагачасныя населеныя пункты, якія паддаюцца лакалізацыі, а таксама межы паветаў, валасцей і маёнткаў. У томе змешчаны таксама 7 тлумачальных нарысаў, храналогія падзей ад старажытнасці да 1569 года і гісторыка-геаграфічны паказальнік: у ім прыводзяцца звесткі пра час першых згадак паселішчаў, іх гістарычныя і сучасныя назвы. Па словах Вячаслава Насевіча, шматлікія рысы мінулага давялося аднаўляць з дапамогай правераных звестак з археалогіі, мовазнаўства, шляхам гіпотэз і рэканструкцый.
Апрача гэтага, пры складанні Атласа ўлічваўся вопыт гістарычных карт украінскіх, літоўскіх, расійскіх аўтараў і матэрыялы брытанскага “Атласа еўрапейскай гісторыі”.
ІІ том “Вялікага гістарычнага атласа” будзе ахопліваць больш за два стагоддзі існавання Вялікага княства ў складзе Рэчы Паспалітай і часы, калі беларускія землі былі ўключаны ў Расійскую імперыю. Верхняя храналагічная мяжа тома вызначае момант, калі фарміраванне беларускай нацыі набыло яскравую выразнасць. Трэці том будзе прысвечаны часу ад зараджэння беларускага нацыянальнага руху да нашых дзён.
Чакаць завяршэння рэалізацыі праекта засталося не так ужо і шмат: у 2012 годзе плануецца выдаць апошні том “Вялікага гістарычнага атласа”, кнігі, па якой можна цалкам спазнаць мінуўшчыну Бацькаўшчыны.

Канстанцін АНТАНОВІЧ