Выпадковыя знаходкі і... крыжацкі след

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

Часам, каб знайсці каштоўны прадмет, якому ўжо далёка не адна сотня гадоў, не абавязкова ўдзельнічаць у археалагічных раскопках, дастаткова з увагай паставіцца да знаходак, да прыкладу, на ўласным прысядзібным участку.

Нешта падобнае адбылося з доктарам гістарычных навук прафесарам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка Уладзімірам Тугаем, які аднойчы з сябрам Іванам Пятровым паехаў на рыбалку на раку Ашмянку непадалёк ад вёскі Солы. Але замест улову прывёз у Мінск цікавыя рэчы, што былі выпадкова знойдзены на глыбіні 10-15 см. Яго намаганнямі грунт з ямы, прызначанай для ўтылізацыі бытавых адыходаў, быў уважліва прагледжаны, і ўсе рэчы, а іх аказалася трынаццаць найменняў, да самых малых фрагментаў былі сабраны і перададзены на вызначэнне свайму калегу-археолагу. Так, сярод знаходак вылучаецца фрагмент упрыгожвання, выраблены са сплаву на аснове срэбра. Вонкавая паверхня знаходкі дэкарыраваная “цыркульным” арнаментам. Цікавымі падаюцца і чатыры фрагменты, верагодна, фібулы, вырабленай на меднай аснове, металічныя накладкі на скураную аснову пояса, а таксама цэлую сякеру.
На жаль, нічога не вядома пра характар грунту, у якім адбываліся выпадковыя раскопкі. Але ёсць здагадка, што гэта ўсё ж грунтовае пахаванне з крэмацыяй. На карысць такой версіі сведчыць і апытанне мясцовага насельніцтва, што было праведзена праз пэўны час. Яно паказала, што тут ніколі не было курганных насыпаў. Няма тут і мікратапоніма з назвай “курганы”, “магілы”, “капцы” (літоўскае kapas— магіла) і падобнымі. Рэчы, знойдзеныя ў яме, былі размешчаныя адносна кампактна. На некаторых з іх прыкметныя сляды ўздзеяння агню. Асабліва гэта адбілася на фібуле, якая захавалася фрагментарна і ў аплаўленым стане.
Выяўлены выпадковымі землянымі работамі помнік уваходзіць у арэал распаўсюджвання культуры ўсходне-літоўскіх курганоў. Знойдзеныя пры гэтым рэчы (накладкі, сякера) можна, паводле аналагаў з суседніх помнікаў, аднесці да XIV стагоддзя — часу супрацьстаяння крыжакам. Адной з формаў такога змагання быў зварот да паганскага абраду — крэмацыі памерлых, які здзяйсняўся ўжо не ў падкурганным насыпе, а ў грунце, без захавання вонкавых прыкмет.
Такім чынам, рэчыўны комплекс, знойдзены ў вёсцы Солы выпадковымі раскопкамі, відаць, можна аднесці да аднаго з грунтовых пахаванняў воіна XIV стагоддзя. Хацелася, каб выяўленыя рэчы знайшлі апошні прытулак у Смаргонскім краязнаўчым музеі.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
археолаг,

На здымкy: знаходкі нечаканых
раскопак.