Які ён, Космас Івана Міско?

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Іван Міско адзначыў свой 75-гадовы юбілей персанальнай выстаўкай, якая адкрылася напярэдадні Сусветнага Дня авіяцыі і касманаўтыкі ў Нацыянальным мастацкім музеі. У гэты вечар, 11 красавіка, вернісаж стаў сапраўдным святам не толькі для юбіляра, але і для шматлікіх гледачоў, паклоннікаў творчасці і сяброў Івана Якімавіча: дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў культуры і навукі, мастакоў і журналістаў, літаратараў і архітэктараў і г.д.

Цікавая сустрэча на вернісажы. Злева направа: Іван Міско, міністр абароны РБ, генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў і міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук

Цікавая сустрэча на вернісажы. Злева направа: Іван Міско, міністр абароны РБ, генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў і міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук.

З цёплымі словамі і шчырымі віншаваннямі ў адрас юбіляра выступілі міністр культуры Беларусі У. Матвейчук, Герой Беларусі, генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы РБ, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, акадэмік М. Высоцкі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Н. Аўдзеева, двойчы Герой сацыялістычнай працы, заслужаны работнік культуры Беларусі У. Бядуля, старшыня Беларускага саюза мастакоў У. Басалыга, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дэкан мастацкага факультэта БДАМ У. Уродніч, а таксама кіраўнікі Слонімскага раёна - землякі мастака. Вядучы вернісажу, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ У.Пракапцоў зачытаў прывітальную тэлеграму першага беларускага касманаўта, двойчы Героя Савецкага Саюза генерал-палкоўніка П.Клімука ў адрас Івана Якімавіча.

Са словамі падзякі ўсім за ўвагу да яго творчасці выступіў юбіляр, падкрэсліўшы, што Космас для Яго з'яўляецца галоўнай тэмай мастацтва, і што ён вельмі ўдзячны лёсу, які на доўгія гады звязаў яго з Зорным гарадком, жыццём і працай касманаўтаў і астранаўтаў, многія з якіх і па сённяшні дзень з'яўляюцца яго блізкімі сябрамі.

Выстаўка так і называецца "Космас Івана Міско". І гэта цалкам адпавядае яе зместу. Свой "выяўленчы" Космас скульптар пачаў яшчэ будучы студэнтам БДТМІ, калі зрабіў сімвалічную кампазіцыю пра Космас. А ў 1968 годзе вылепіў партрэт Юрыя Гагарына (у скафандры). Так пачалася "касмічная адысея" мастака даўжынёй у 40 гадоў!

Фрагмент экспазіцыі выстаўкі “Космас Івана Міско”.
Фрагмент экспазіцыі выстаўкі “Космас Івана Міско”.
Памятаю, як Іван Якімавіч ляпіў з натуры і Ганну Цімафееўну - маці першага касманаўта, якая не раз прыязджала з Гжацка (г. Гагарына) у Мінск і пазіравала скульптару ў яго майстэрні. І.Міско на працягу творчага жыцця вылепіў амаль што ўсіх касманаўтаў і астранаўтаў планеты, галоўнае месца сярод якіх, канешне, займаюць беларусы - Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак.

"Зорны гарадок" на доўгі час стаў другім творчым домам Івана Якімавіча. Тут ён быў сваім чалавекам: сустракаўся з героямі Космасу, ляпіў іх з натуры, рабіў эскізы будучых кампазіцый, такіх, напрыклад, як "На арбіце", "Да зорак","У будучыню", "Рэпартаж з космасу".

Асаблівае месца ў гэтым шэрагу займае кампазіцыя "Маці герояў" (М.П.Клімук, Г.Ц. Гагарына, В.І. Кавалёнак, А.Ф. Купрыянава - маці пяці сыноў, якія аддалі жыццё за Радзіму), дзе дзве тэмы - зямная і касмічная - зліліся ў адно арганічнае цэлае, стрыжнем якога стала вялікая мацярынская дабрыня, сардэчнасць, самаадданасць.

У экспазіцыі шырока прадстаўлены, акрамя "круглай" партрэтнай скульптуры, рэльефныя кампазіцыі, малая пластыка, дакументальныя фатаграфіі і фотарэпрадукцыі створаных мастаком помнікаў героям-касманаўтам П.Клімуку ў Брэсце, У.Кавалёнку ў г. Крупкі, В.Быкоўскаму і З.Йену ў Патсдаме, П.Клімуку і М.Гермашэўскаму ў Віцебску.


Б.К.