Цікавая сустрэча на вернісажы. Злева направа: Іван Міско, міністр абароны РБ, генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў і міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук. |
Са словамі падзякі ўсім за ўвагу да яго творчасці выступіў юбіляр, падкрэсліўшы, што Космас для Яго з'яўляецца галоўнай тэмай мастацтва, і што ён вельмі ўдзячны лёсу, які на доўгія гады звязаў яго з Зорным гарадком, жыццём і працай касманаўтаў і астранаўтаў, многія з якіх і па сённяшні дзень з'яўляюцца яго блізкімі сябрамі.
Выстаўка так і называецца "Космас Івана Міско". І гэта цалкам адпавядае яе зместу. Свой "выяўленчы" Космас скульптар пачаў яшчэ будучы студэнтам БДТМІ, калі зрабіў сімвалічную кампазіцыю пра Космас. А ў 1968 годзе вылепіў партрэт Юрыя Гагарына (у скафандры). Так пачалася "касмічная адысея" мастака даўжынёй у 40 гадоў!
Фрагмент экспазіцыі выстаўкі “Космас Івана Міско”. |
"Зорны гарадок" на доўгі час стаў другім творчым домам Івана Якімавіча. Тут ён быў сваім чалавекам: сустракаўся з героямі Космасу, ляпіў іх з натуры, рабіў эскізы будучых кампазіцый, такіх, напрыклад, як "На арбіце", "Да зорак","У будучыню", "Рэпартаж з космасу".
Асаблівае месца ў гэтым шэрагу займае кампазіцыя "Маці герояў" (М.П.Клімук, Г.Ц. Гагарына, В.І. Кавалёнак, А.Ф. Купрыянава - маці пяці сыноў, якія аддалі жыццё за Радзіму), дзе дзве тэмы - зямная і касмічная - зліліся ў адно арганічнае цэлае, стрыжнем якога стала вялікая мацярынская дабрыня, сардэчнасць, самаадданасць.
У экспазіцыі шырока прадстаўлены, акрамя "круглай" партрэтнай скульптуры, рэльефныя кампазіцыі, малая пластыка, дакументальныя фатаграфіі і фотарэпрадукцыі створаных мастаком помнікаў героям-касманаўтам П.Клімуку ў Брэсце, У.Кавалёнку ў г. Крупкі, В.Быкоўскаму і З.Йену ў Патсдаме, П.Клімуку і М.Гермашэўскаму ў Віцебску.
Б.К.