“Цалую вас тысячы, тысячы разоў...”

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, знаёмства з ваеннай часткай фондаў якога мы працягваем на старонках “К”, захоўваюцца асабістыя рэчы, лісты, успаміны не толькі знакамітых удзельнікаў вызвалення Магілёва ды Магілёўскай вобласці, усёй Беларусі, тых, хто змагаўся на перадавой, але і тых абаронцаў Радзімы, хто рабіў свой унёсак у перамогу над фашызмам, знаходзячыся ў тыле ворага, часам здзяйсняючы нябачны подзвіг словам. Словам, якое адмаўляліся вымавіць, або словам, якое адмаўляліся напісаць…

Тайнік у канапе бургамістра
Марыя Філіпаўна Хаўранкова пад час вайны была сувязной 8-й і 35-й партызанскіх брыгад. Іх — сясцёр-разведчыц Хаўранковых — змагалася ў падполлі пяцёра, але дваццацісямігадовая Марыя была з іх самай мужнай і знаходлівай. Яе смеласці здзіўляліся нават ейныя сёстры.
Па заданні брыгады Марыя працавала прыбіральшчыцай у гарадской управе. Яе пакой знаходзіўся побач з кабінетам бургамістра, і падпольшчыца не толькі падслухоўвала, пра што гавораць акупанты, але і літаральна пад носам у іх — у канапе бургамістра — зрабіла тайнік, дзе хавала зброю, медыкаменты, усё, што ёй удавалася сабраць. Мы можам толькі ўявіць, што рабіла Марыя Хаўранкова, калі ў яе характарыстыцы сказана наступнае: “За час службы ў атрад прынесла 50 кг толу, да 20 тысяч патронаў, 33 гранаты, медыкаменты, прывяла 23 рускіх ваеннапалонных з нямецкіх лагераў…”. Яе сёстры пісалі, што Марыя магла без ваганняў уначы адправіцца за 20 кіламетраў ад дому на заданне, ды яшчэ ўзяць з сабой сына — сямігадовага Толіка.

 /i/content/pi/cult/196/2199/Dymilisya1.jpg

Сустрэча магіляўчан з вызваліцелямі.

Невядома, якім чынам гэта адбылося, але немцы ў 1943 годзе схапілі Марыю. У Аршанскай турме яна правяла апошнія свае дні, закатаваная гестапаўцамі. Мы можам толькі здагадвацца, што адчувала гэта маладая жанчына, замярзаючы ў халоднай і бруднай камеры, ясна ўсведамляючы свой лёс. Якая сіла духу і магутная воля былі ў Марыі, калі ў гэтыя хвіліны яна здзяйсняе сваю апошнюю “аперацыю” — пасланне блізкім. Марыя піша два лісты — да сёстраў ды бацькоў і да сына — агрызкам алоўка на адваротным баку невядома адкуль вырванай кніжнай ілюстрацыі чарнавіка ліста Пушкіна да цара Аляксандра І. Жанчына піша і зашывае лісты ў сваю плюшавую жакетку, якую пасля смерці завяшчае перадаць сваякам. Як можа здагадацца чытач, усе падрабязнасці нашага расповеду сведчаць аб тым, што апошняя аперацыя Марыі Хаўранковай прайшла паспяхова. Жакетку перададуць сёстрам сувязной, але блізкія знойдуць яе лісты толькі… праз 8 гадоў. Цудам хтосьці са сваякоў адшукае пад старой падкладкай бляклыя паперы — і пазнае на іх почырк Марыі.
…Перш чым прывесці фрагменты з тых апошніх пасланняў, неабходна сказаць, як загінула Марыя. Яе смерць была страшнай: гестапаўцы катавалі разведчыцу так, што потым самі пабаяліся паказваць яе цела людзям і павесілі проста ў будынку турмы.
Лісты Марыі Хаўранковай напісаны на своеасаблівай мове, гутарковай, руска-беларускай, з выкарыстаннем беларускай літары “і”. Мы друкуем іх у адпаведнасці з правапісам рускай мовы.

“…Зиночка, (сястра Марыі — Д.А.) прошу много, много раз, не трать здоровья. Я жизни не жалею, потому что моя судьба такая, что я, сколько живу, столько и горюю. Может без меня сынок будет счастливей. Он и со мной горевал, а я его так, как надо, не накормила никогда и не одела, и сама тоже. Уважайте все сына за меня и мне простите, что вы за меня пережили. Убеждайте Толю, чтобы он не скучал… О, как жалею всех вас, что вам много переживать. Прошу, не плачьте, не одна я такая. Сейчас вижу — много людей переживают всякое горе. Убеждайте, как можно, маму, чтобы она не плакала…”.

З ліста сыну:

“…Хорошо учись, будь вежливым, не кури. Не ругайся, учись играть на гармошке и гитаре. У тебя

 /i/content/pi/cult/196/2199/Dymilisya3.jpg

Фрагмент ліста Марыі Хаўранковай да сястры Зінаіды.

есть способности. На что есть способности, то не бросай из головы, не ленись. Все изучай, для тебя будет не плохо. Будешь помогать за меня бабушке и дедушке. Помни маму, что у тебя была одна… Я таки утешалась тобой и ты мной, и вся наша радость. Береги мои карточки. Пусть перешивают тебе папины костюмы... Целую вас тысячи, тысячи раз. Желаю вам много раз счастья, только не такого, как было у меня, такого никому не желаю и такой смерти”.

Жакетка Марыі Хаўранковай знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі музея.

Адысея магілёўскага падарунка
Адзін з самых незвычайных экспанатаў установы, звязаны з ваеннай гісторыяй, — стол майстра Якава Арлова. Мабыць, гэты прадмет — самы вядомы ў фондах магілёўскага музея. Самае цікавае ў гэтай гісторыі тое, што ў яе цэнтры — лёс простага чалавека. Не салдата або партызана, а майстра па дрэве, народнага ўмельца, які воляю абставін быў зацягнуты ў вір ваенных падзей.
Якаў Сцяпанавіч Арлоў, яўрэйскі майстар-самавучка з вёскі Нядашава, славіўся тым, што ствараў унікальныя рэчы з дрэва. Яго працы высока цаніліся не толькі ў межах роднай вёскі, вобласці, але і на ўзроўні рэспублікі ды Савецкага Саюза наогул. Нават за мяжой ведалі яго работы. Яго творы, кажуць, знаходзіліся ў прыватных калекцыях партыйных кіраўнікоў.
Свой легендарны стол болей чым з дзесяці гатункаў дрэва майстар задумаў зрабіць да 25-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. А яго стальніцу мусіў быў увянчаць надпіс, прысвечаны Сталіну. Але ў планы Арлова ўмяшалася вайна.
“Пад час акупацыі немцы даведаліся пра гэты стол, — распавядае навуковы супрацоўнік музея Людміла Кандрацьева, — і вырашылі “пераадрасаваць” унікальны падарунак — не каму-небудзь, а Гітлеру з адпаведным надпісам.
У Арлова былі жонка і чацвёра дзяцей. І перад умельцам паўстала пытанне: паслухаць немцаў і выратаваць сям’ю або… стаць здраднікам. Становішча складанае, калі не безвыходнае, Арлоў вырашае цягнуць час. Як Пенелопа з “Адысеі” Гамера, якая, каб падмануць жаніхоў, чакаючы мужа, прыдумала трук з дываном — удзень яго ткала, а ўначы распускала зробленае, — так і майстар Арлоў: якія толькі не называў ён прычыны, каб зацягнуць працу. То няма патрэбнага матэрыялу, то не падабаецца ўзор надпісу, што яму зрабіў прафесійны мастак, то стол адсырэў. Але немцы, не зважаючы асабліва на тыя прычыны, усё ж прымусілі Арлова паставіць на вечку патрэбныя ім словы. Але і далей майстар усімі сіламі зацягваў працэс завяршэння працы, балансуючы літаральна над прорваю.
15 лютага 1943 года да Якава Арлова прыйшлі партызаны. Па яго і той стол. І магілёўскі самародак вырашыў пайсці з партызанскай групай у лес, пакінуўшы на пэўны час — так ён казаў — сям’ю дома. Па словах Людмілы Кандрацьевай, партызаны ў лесе штыкамі знішчылі ненавісны надпіс перад адпраўкай падарунка правадыру ў Маскву. Разам са сваім творам на “вялікую зямлю” на самалёце паляцеў і Арлоў.
Забягаючы наперад, скажам, што лёс майстра склаўся, калі можна так сказаць, добра. У Маскве яго не расстралялі за здрадніцтва, ён застаўся ў жывых і пасля вайны разам са славутым сталом вярнуўся ў Магілёў.

 /i/content/pi/cult/196/2199/Dymilisya4.jpg

Стол работы майстра Я.Арлова.

Другі раз ажаніўся. Што ж да лёсу яго першай, той самай сям’і… Немцы, калі даведаліся пра ўцёкі Арлова, узялі яго жонку і чацвёра дзяцей у заложнікі. Потым забралі сям’ю ў турму, і калі Арлоў не вярнуўся, усіх расстралялі. Выратавацца ўдалося толькі старэйшай дачцы майстра Ліліі Арловай, якую цудам вывезла з турмы яе цётка.
Лілія Якаўлеўна жыве да гэтай пары. Яна ўсё жыццё працавала настаўніцай матэматыкі, але захавала талент бацькі — і сёння вядзе гурткі па вырабах з саломкі і льну для дзяцей. На жаль, пад час наведвання Магілёва Лілію Якаўлеўну не ўдалося застаць дома. Але Людміла Кандрацьева паказала яе ўспаміны, якія доўгі час прасіла напісаць сведку тых трагічных падзей. Вось вытрымкі з іх:

“ …Вошли три человека, взяли упакованный стол и с помощью отца понесли его из дома на улицу. Далее отец вернулся одеться сам, и сказал маме, что сегодня нас не заберут — нет места на подводе, а приедут за нами через пару дней в такое же время...
…Утром, как всегда, пришел бургомистр. Он был взбешен исчезновением отца вместе со столом. Кричал на маму и, размахивая пистолетом, грозился расстрелять. Велел собираться ей в волость. Нас он пока не тронул. Три дня маму держали в волости, а мы, дети, находились под охраной в доме.
На четвертый нас вместе с мамой отвезли в могилевскую тюрьму. Мы стали заложниками. «Если вернется отец, — обещали нам, —
вас отпустят».
В камере мы сидели прямо на полу. Было темно и холодно. Мама по очереди брала нас к себе на руки и грела. Больше всего на руках был, конечно, наш маленький Воська…
Периодически маму вызывали на допросы, с которых она возвращалась вся избитая, кашляла кровью. Но нам мама ни на что не жаловалась, больше молчала. Ничего не сказала и немцам. Она даже проглотила иголку с хлебом, в надежде, что умрет, а детей отпустят. Но иголка не подействовала…”.

На вачах у Ліліі Якаўлеўны быў забіты яе малодшы брат. Пад час аднаго са шпацыраў у турме яе за руку схапіла маміна сястра і цудам выратавала. Больш нікога ёй вызваліць не ўдалося. Дзе і як расстралялі яе родных, Лілія Якаўлеўна не ведае да гэтае пары.
Пасля вайны вакол аперацыі “Стол” хадзіла мноства чутак, версій вывазу рэліквіі ў Маскву. Некаторыя імкнуліся прысвоіць сабе славу выратавання славутага падарунка Сталіну, скажаючы сапраўдныя падзеі, ачарняючы ўчынкі майстра і нават патрабуючы даставіць легендарны стол, які Якаў Арлоў завяшчаў Магілёўскаму абласному краязнаўчаму музею, у сталічны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
І ўсё ж стол застаўсяў Магілёве. Хоць копія яго ёсць і ў фондах сталічнага музейнага сховішча. Але гэта ўжо справы сучаснікаў. А ўдзельнікі тых падзей кажуць пра іншае. “Страшную цену заплатила наша семья за «чудо-стол», — піша Лілія Якаўлеўна, — Он не достался ни Сталину, ни Гитлеру. Но на нем невинная кровь родных мне людей. И видеть его мне всякий раз больно».

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ