Усе культасветнікі, як вядома, працуюць у выхадныя і святочныя дні, у тым ліку ў начны час на дыскатэках і творчых вечарах. Якая пры гэтым павінна быць аплата працы?

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г


Віктар ЛЕЎКІН, дырэктар СДК, Дрыбінскі раён 

На пытанне адказвае начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК:
— Спачатку пра аплату працы за работу ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні.У адпаведнасці з артыкулам 69 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК), работа ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні аплачваецца не ніжэй чым у двайным памеры: работнікам са здзельнай аплатай працы — не ніжэй двайных здзельных расцэнак; работнікам з пагадзіннай аплатай працы, а таксама тым, хто атрымлівае службовыя аклады, — не ніжэй двайных пагадзінных ставак (акладаў). Пры гэтым для работнікаў, якія атрымліваюць месячны аклад, аплата вядзецца ў памеры не ніжэй адзінарнай пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) звыш месячнага акладу, калі работа вялася ў межах месячнай нормы рабочага часу, і ў памеры не ніжэй двайной пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) звыш месячнага акладу, калі работа вялася звыш месячнай нормы.
Прэміі за работу ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні налічваюцца на заробак па адзінарных здзельных расцэнках ці на адзінарную тарыфную стаўку.
У тым выпадку, калі работа ў дзяржаўныя святы і святочныя дні выконвалася звыш месячнай нормы рабочага часу, работніку, па яго жаданні, прадастаўляецца, акрамя аплаты ў павышаным памеры, прадугледжанай артыкулам 69 ПК, іншы неаплачваемы дзень адпачынку (артыкул 148 ПК).
Кампенсацыя за работу ў выхадны дзень вызначаецца пагадненнем бакоў. Яна можа быць у выглядзе прадастаўлення іншага дня адпачынку або ў выглядзе аплаты ў павышаным памеры, устаноўленым артыкулам 69 ПК (артыкул 146 ПК). У выключных выпадках, вызначаных у артыкуле 143 ПК, калі прыцягненне да працы ў выхадны дзень — абавязковае для работніка, але бакі не змаглі дамовіцца аб форме кампенсацыі за работу ў выхадны дзень, прадастаўляецца кампенсацыя ў выглядзе другога дня адпачынку, калі іншае не прадугледжана ў калектыўным дагаворы, пагадненні.
Важна адзначыць,што ў арганізацыях культуры ўстанаўліваецца такі рэжым рабочага часу, які забяспечвае найбольшую эфектыўнасць і выніковасць дзейнасці арганізацыі.
Арганізацыі культуры або іх асобныя работнікі ў інтарэсах найлепшага абслугоўвання насельніцтва працуюць у агульнаўстаноўленыя дні адпачынку. Таму выхадны дзень (дні) для іх устанаўліваюцца ў іншыя дні тыдня ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 136—139 ПК.Пра аплату працы ў начны час.
У адпаведнасці з артыкулам 70 ПК, за кожную гадзіну работы ў начны час або ў начную змену пры зменным рэжыме працы вядуцца даплаты ў памеры, які ўстанаўліваецца калектыўным дагаворам, пагадненнем, але не ніжэй за 20 працэнтаў пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) работніка.
У арганізацыях, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, за кожную гадзіну работы ў начны час (з 22 гадзін да 6 гадзін) вядзецца даплата ў памеры 40 працэнтаў пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) работніка (п.п 1.6 дадатку 1 да пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 21.01.2000 г. №6 “Аб мерах па ўдасканальванні ўмоў аплаты працы работнікаў арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі”). 

На зварот выкладчыкаў Лепельскай школы мастацтва па некаторых пытаннях аплаты працы работнікаў устаноў адукацыі Міністэрства культуры адказвае начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК:
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2009 г. № 86 “Аб некаторых пытаннях платы працы работнікаў устаноў адукацыі”, з 1 студзеня 2009 г. у агульнаадукацыйных установах, спецыяльных установах адукацыі, установах, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, установе адукацыіРэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху”, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, павышаны тарыфныя аклады (стаўкі) педагагічным работнікам, устаноўлены штомесячныя даплаты маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з ліку педагагічных работнікаў, надбаўкі за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка кіраўнікам устаноў адукацыі і іх намеснікам па асноўнай дзейнасці.
Улічваючы, што школы мастацтваў зяўляюцца ўстановамі адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання і навучання, вышэйназваная пастанова на іх не распаўсюджваецца. 

Як вырашыць праблему “чорных археолагаў”? Ці магчыма набыць металашукальнік з мэтай выкарыстання ў дзейнасці музейнай установы?На пытанне адказвае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар ЧАРНЯЎСКІ:
— Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” (далей — Закон), у цяперашні час распрацавана сiстэма арганiзацыйных, прававых, эканамiчных, матэрыяльна-тэхнiчных, навуковых, iнфармацыйных i iншых мер, накiраваных на недапушчэнне знiшчэння, страты, знiкнення, прычынення шкоды, пагаршэння тэхнiчнага стану і г. д. або пагрозы падобных дзеянняў у адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку — помнікаў археалогіі.
Створана нарматыўна-прававая база, якая ахоплівае ўсе бакі дзейнасці ў сферы аховы спадчыны. Згодна з дзеючымі нарматыўнымі прававымі актамі, у мэтах захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей прадугледжаны падпісанне ўласнікам ахоўных абавязацельстваў, запаўненне ўліковых дакументаў, устанаўленне зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, інфармаванне Міністэрства культуры аб усіх акалічнасцях, якiя пагражаюць захаванню гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, вызначаны парадак правядзення работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях. У адпаведнасці з Законам, абавязкі па забеспячэнні захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці ўскладзены на яе ўласніка, а кантроль за яе захаваннем, утрыманнем i выкарыстаннем ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі i распарадчымі органамі.Артыкуламі Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адміністрацыйных правапарушэннях” і Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена адказнасць за невыкананне патрабаванняў Закона, а таксама за наўмыснае або ненаўмыснае знішчэнне і прычыненне шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям.
Акрамя гэтага, у адпаведнасці з пунктам 1.2. рашэння калегіі Міністэрства культуры ад 22.11.2007 № 139, на адрас упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама для зацвярджэння рашэннямі гар/райвыканкамаў былі накіраваны прапановы па функцыянальных абавязках спецыялістаў гар/райвыканкамаў, адказных за ахову гісторыка-культурнай спадчыны, і парадку іх выканання. З улікам выканання пункта 2.2. названага рашэння калегіі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі былі распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па ахове археалагічных аб’ектаў.
У адпаведнасці з вышэйпададзеным, для вырашэння праблемы “чорных археолагаў” неабходна на мясцовым узроўні забяспечыць сістэматычны кантроль за станам помнікаў археалогіі, да ўдзелу ў ажыццяўленні якога далучыць супрацоўнікаў міліцыі, пракуратуры і органаў дзяржбяспекі. За выяўленыя парушэнні, несанкцыянаваныя даследаванні (без дазволаў Міністэрства культуры і Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), за работы, якія прыводзяць да пашкоджання археалагічных аб’ектаў і г. д., неабходна прыцягваць да максімальна вызначанай заканадаўствам адказнасці. Таксама да адказнасці патрэбна прыцягваць парушальнікаў палажэнняў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якімі ўстаноўлены парадак дзеянняў у адносінах да кладаў і знаходак, што могуць прадстаўляць гісторыка-культурную каштоўнасць.
У цяперашні час Міністэрства культуры распрацоўвае праект нарматыўнага прававога акта, якім будуць вызначаны ўмовы выкарыстання на тэрыторыі краіны металашукальнікаў, зыходзячы з неабходнасці іх рэгістрацыі (па прыкладзе выкарыстання і захоўвання агнястрэльнай зброі). Увядзенне дадзеных мер дапаможа забяспечыць захаванасць як археалагічных, так і воінскіх пахаванняў, а ў выпадку выяўлення незаконных пошукаў — прыцягваць да адказнасці парушальнікаў, зыходзячы з нормаў заканадаўства.
Набыць металашукальнік з мэтай выкарыстання ў дзейнасці музейнай установы можна ў парадку, устаноўленым для бюджэтных арганізацый Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 2008 года № 618 “Аб Дзяржаўных закупках у Рэспубліцы Беларусь”. 

Ці ёсць магчымасць стварэння Рэспубліканскага метадычнага цэнтра народнай творчасці?На пытанне адказвае начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль ЧЭРНІК:
Безумоўна, эфектыўнасць працы, асабліва ў накірунку дзейнасці і арганізацыі працы клубных устаноў культуры, залежыць ад мэтанакіраванай каардынуючай і накіроўваючай дзейнасці. На сучасны момант гэтую працу арганізоўваюць і каардынуюць упраўленні культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама пры непасрэдным удзеле Міністэрства культуры.
Удзел апошнягагэта шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне дзейнасці клубных устаноў праз правядзенне семінараў рэспубліканскага ўзроўню, агляду-конкурсу маладзёжных дыскатэчных мерапрыемстваў, абяўленне 2009 годагодам конкурсу абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці.
На выніковай калегіі Міністэрства культуры выступоўцы закранулі пытанне стварэння Рэспубліканскага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Пры гэтым многія адзначалі, што стварэнне такога Цэнтра дапамагло б больш мэтанакіравана ажыццяўляць кіраўніцтва работай абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці, аказваць дзейсную інфармацыйную падтрымку раённым і гарадскім метадычным службам.
Аднак стварэнне такой структуры ў дадзены момант прывядзе да неабходнасці выдзялення дадатковых сродкаў з бюджэту краіны. У святле цяперашняй аптымізацыі выдаткаў і эканоміі бюджэтных сродкаў стварэнне новай установы не прадстаўляецца магчымым.
Міністэрства культуры праз Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” будзе ажыццяўляць метадычную і інфармацыйную падтрымку метадычных цэнтраў краіны, а таксама распачне працу па скліканні новага складу і стварэнні Палажэння аб дзейнасці Рэспубліканскага савета дырэктараў метадычных цэнтраў і яго больш эфектыўнай дзейнасці па вырашэнні пытанняў, якія ставяццаперад ўстановамі культуры.