Віктар ЛЕЎКІН, дырэктар СДК, Дрыбінскі раён
На пытанне адказвае начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК:
— Спачатку пра аплату працы за работу ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні.У адпаведнасці з артыкулам 69 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК), работа ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні аплачваецца не ніжэй чым у двайным памеры: работнікам са здзельнай аплатай працы — не ніжэй двайных здзельных расцэнак; работнікам з пагадзіннай аплатай працы, а таксама тым, хто атрымлівае службовыя аклады, — не ніжэй двайных пагадзінных ставак (акладаў). Пры гэтым для работнікаў, якія атрымліваюць месячны аклад, аплата вядзецца ў памеры не ніжэй адзінарнай пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) звыш месячнага акладу, калі работа вялася ў межах месячнай нормы рабочага часу, і ў памеры не ніжэй двайной пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) звыш месячнага акладу, калі работа вялася звыш месячнай нормы.
Прэміі за работу ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні налічваюцца на заробак па адзінарных здзельных расцэнках ці на адзінарную тарыфную стаўку.
У тым выпадку, калі работа ў дзяржаўныя святы і святочныя дні выконвалася звыш месячнай нормы рабочага часу, работніку, па яго жаданні, прадастаўляецца, акрамя аплаты ў павышаным памеры, прадугледжанай артыкулам 69 ПК, іншы неаплачваемы дзень адпачынку (артыкул 148 ПК).
Кампенсацыя за работу ў выхадны дзень вызначаецца пагадненнем бакоў. Яна можа быць у выглядзе прадастаўлення іншага дня адпачынку або ў выглядзе аплаты ў павышаным памеры, устаноўленым артыкулам 69 ПК (артыкул 146 ПК). У выключных выпадках, вызначаных у артыкуле 143 ПК, калі прыцягненне да працы ў выхадны дзень — абавязковае для работніка, але бакі не змаглі дамовіцца аб форме кампенсацыі за работу ў выхадны дзень, прадастаўляецца кампенсацыя ў выглядзе другога дня адпачынку, калі іншае не прадугледжана ў калектыўным дагаворы, пагадненні.
Важна адзначыць,што ў арганізацыях культуры ўстанаўліваецца такі рэжым рабочага часу, які забяспечвае найбольшую эфектыўнасць і выніковасць дзейнасці арганізацыі.
Арганізацыі культуры або іх асобныя работнікі ў інтарэсах найлепшага абслугоўвання насельніцтва працуюць у агульнаўстаноўленыя дні адпачынку. Таму выхадны дзень (дні) для іх устанаўліваюцца ў іншыя дні тыдня ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 136—139 ПК.Пра аплату працы ў начны час.
У адпаведнасці з артыкулам 70 ПК, за кожную гадзіну работы ў начны час або ў начную змену пры зменным рэжыме працы вядуцца даплаты ў памеры, які ўстанаўліваецца калектыўным дагаворам, пагадненнем, але не ніжэй за 20 працэнтаў пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) работніка.
У арганізацыях, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, за кожную гадзіну работы ў начны час (з 22 гадзін да 6 гадзін) вядзецца даплата ў памеры 40 працэнтаў пагадзіннай тарыфнай стаўкі (акладу) работніка (п.п 1.6 дадатку 1 да пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 21.01.2000 г. №6 “Аб мерах па ўдасканальванні ўмоў аплаты працы работнікаў арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі”).
На зварот выкладчыкаў Лепельскай школы мастацтва па некаторых пытаннях аплаты працы работнікаў устаноў адукацыі Міністэрства культуры адказвае начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга КАНАНЮК:
— У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2009 г. № 86 “Аб некаторых пытаннях платы працы работнікаў устаноў адукацыі”, з 1 студзеня 2009 г. у агульнаадукацыйных установах, спецыяльных установах адукацыі, установах, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, установе адукацыі “Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху”, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, павышаны тарыфныя аклады (стаўкі) педагагічным работнікам, устаноўлены штомесячныя даплаты маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з ліку педагагічных работнікаў, надбаўкі за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка кіраўнікам устаноў адукацыі і іх намеснікам па асноўнай дзейнасці.
Улічваючы, што школы мастацтваў з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання і навучання, вышэйназваная пастанова на іх не распаўсюджваецца.
Як вырашыць праблему “чорных археолагаў”? Ці магчыма набыць металашукальнік з мэтай выкарыстання ў дзейнасці музейнай установы?На пытанне адказвае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар ЧАРНЯЎСКІ:
— Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” (далей — Закон), у цяперашні час распрацавана сiстэма арганiзацыйных, прававых, эканамiчных, матэрыяльна-тэхнiчных, навуковых, iнфармацыйных i iншых мер, накiраваных на недапушчэнне знiшчэння, страты, знiкнення, прычынення шкоды, пагаршэння тэхнiчнага стану і г. д. або пагрозы падобных дзеянняў у адносінах да гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку — помнікаў археалогіі.
Створана нарматыўна-прававая база, якая ахоплівае ўсе бакі дзейнасці ў сферы аховы спадчыны. Згодна з дзеючымі нарматыўнымі прававымі актамі, у мэтах захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей прадугледжаны падпісанне ўласнікам ахоўных абавязацельстваў, запаўненне ўліковых дакументаў, устанаўленне зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, інфармаванне Міністэрства культуры аб усіх акалічнасцях, якiя пагражаюць захаванню гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, вызначаны парадак правядзення работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях. У адпаведнасці з Законам, абавязкі па забеспячэнні захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці ўскладзены на яе ўласніка, а кантроль за яе захаваннем, утрыманнем i выкарыстаннем ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі i распарадчымі органамі.Артыкуламі Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адміністрацыйных правапарушэннях” і Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена адказнасць за невыкананне патрабаванняў Закона, а таксама за наўмыснае або ненаўмыснае знішчэнне і прычыненне шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям.
Акрамя гэтага, у адпаведнасці з пунктам 1.2. рашэння калегіі Міністэрства культуры ад 22.11.2007 № 139, на адрас упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама для зацвярджэння рашэннямі гар/райвыканкамаў былі накіраваны прапановы па функцыянальных абавязках спецыялістаў гар/райвыканкамаў, адказных за ахову гісторыка-культурнай спадчыны, і парадку іх выканання. З улікам выканання пункта 2.2. названага рашэння калегіі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі былі распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па ахове археалагічных аб’ектаў.
У адпаведнасці з вышэйпададзеным, для вырашэння праблемы “чорных археолагаў” неабходна на мясцовым узроўні забяспечыць сістэматычны кантроль за станам помнікаў археалогіі, да ўдзелу ў ажыццяўленні якога далучыць супрацоўнікаў міліцыі, пракуратуры і органаў дзяржбяспекі. За выяўленыя парушэнні, несанкцыянаваныя даследаванні (без дазволаў Міністэрства культуры і Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), за работы, якія прыводзяць да пашкоджання археалагічных аб’ектаў і г. д., неабходна прыцягваць да максімальна вызначанай заканадаўствам адказнасці. Таксама да адказнасці патрэбна прыцягваць парушальнікаў палажэнняў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якімі ўстаноўлены парадак дзеянняў у адносінах да кладаў і знаходак, што могуць прадстаўляць гісторыка-культурную каштоўнасць.
У цяперашні час Міністэрства культуры распрацоўвае праект нарматыўнага прававога акта, якім будуць вызначаны ўмовы выкарыстання на тэрыторыі краіны металашукальнікаў, зыходзячы з неабходнасці іх рэгістрацыі (па прыкладзе выкарыстання і захоўвання агнястрэльнай зброі). Увядзенне дадзеных мер дапаможа забяспечыць захаванасць як археалагічных, так і воінскіх пахаванняў, а ў выпадку выяўлення незаконных пошукаў — прыцягваць да адказнасці парушальнікаў, зыходзячы з нормаў заканадаўства.
Набыць металашукальнік з мэтай выкарыстання ў дзейнасці музейнай установы можна ў парадку, устаноўленым для бюджэтных арганізацый Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 2008 года № 618 “Аб Дзяржаўных закупках у Рэспубліцы Беларусь”.
Ці ёсць магчымасць стварэння Рэспубліканскага метадычнага цэнтра народнай творчасці?На пытанне адказвае начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль ЧЭРНІК:
— Безумоўна, эфектыўнасць працы, асабліва ў накірунку дзейнасці і арганізацыі працы клубных устаноў культуры, залежыць ад мэтанакіраванай каардынуючай і накіроўваючай дзейнасці. На сучасны момант гэтую працу арганізоўваюць і каардынуюць упраўленні культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама пры непасрэдным удзеле Міністэрства культуры.
Удзел апошняга—гэта шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне дзейнасці клубных устаноў праз правядзенне семінараў рэспубліканскага ўзроўню, агляду-конкурсу маладзёжных дыскатэчных мерапрыемстваў, аб’яўленне 2009 года — годам конкурсу абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці.
На выніковай калегіі Міністэрства культуры выступоўцы закранулі пытанне стварэння Рэспубліканскага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Пры гэтым многія адзначалі, што стварэнне такога Цэнтра дапамагло б больш мэтанакіравана ажыццяўляць кіраўніцтва работай абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці, аказваць дзейсную інфармацыйную падтрымку раённым і гарадскім метадычным службам.
Аднак стварэнне такой структуры ў дадзены момант прывядзе да неабходнасці выдзялення дадатковых сродкаў з бюджэту краіны. У святле цяперашняй аптымізацыі выдаткаў і эканоміі бюджэтных сродкаў стварэнне новай установы не прадстаўляецца магчымым.
Міністэрства культуры праз Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” будзе ажыццяўляць метадычную і інфармацыйную падтрымку метадычных цэнтраў краіны, а таксама распачне працу па скліканні новага складу і стварэнні Палажэння аб дзейнасці Рэспубліканскага савета дырэктараў метадычных цэнтраў і яго больш эфектыўнай дзейнасці па вырашэнні пытанняў, якія ставяццаперад ўстановамі культуры.