Аб выніках працы арганізацый Міністэрства культуры ў 2008 годзе і задачах на 2009 год па выкананні галіновай праграмы

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

“Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на 2006— 2010 гг.” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Рашэнне калегіі 28.01.2009 № 8 г. Мінск

Дзейнасць Міністэрства культуры, падведамасных органаў, арганізацый культуры і мастацтва ў 2008 годзе была накіравана на своечасовае і якаснае выкананне ўказаў, распараджэнняў і даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, рашэнняў Урада па пытаннях культуры і мастацтваў, Прэзідэнцкай праграмыДзеці Беларусі”, Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007 — 2010 гады, Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь, іншых дзяржаўных праграм, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў галіновай праграмыЗахаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”.

З вялікім грамадзянскім і творчым уздымам у рэспубліцы і за яе межамі прайшла грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы”.

66 работнікаў культуры ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод і ганаровых званняў.

На высокім мастацкім і арганізацыйным узроўні праведзены Міжнародныя фестывалі прафесійнага мастацтва, у тым ліку XVII фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, XV Мінскі кінафестываль “Лістапад”, фестываль Юрыя Башмета, фестываль сучаснай харэаграфіі ў г.Віцебску, тэатральны фестываль “Белая вежа” ў г.Брэсце, тэатральны фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў г.Бабруйску.

У мінулым годзе Беларусь годна прыняла творчыя дэлегацыі і арганізавана правяла V Маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў-удзельніц СНД.

Па выніках году ў галіне ў поўным аб’ёме асвоены сродкі па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме, капітальным рамонце, набыцці абсталявання і тавараў працяглага карыстання.

Важнай падзеяй 2008 года стала адкрыццё стацыянарных экспазіцый у Палацавым ансамблі Радзівілаў у Нясвіжы, замкавым комплексе “Мір”. У Гомельскай і Мінскай абласцях адкрыты тры новыя музеі. У сферы бібліятэчнай дзейнасці выканана даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб камплектаванні бібліятэчнага фонду сацыяльна-значнай літаратурай.

Высокі патэнцыял беларускай культуры паказалі творчыя справаздачы г.Мінска, Брэсцкай і Гомельскай абласцей, прысвечаныя 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Добрым стымулам для актывізацыі работы клубных устаноў стала правядзенне на базе ўстаноў культуры Дзяржынскага і Слуцкага раёнаў Мінскай вобласці рэспубліканскага семінара па дыскатэчным руху.

У 2008 годзе выкананы творчыя паказчыкі і асвоены значныя аб’ёмы рамонтна-будаўнічых работ на аб’ектах культуры, размешчаных у аграгарадках рэспублікі.

Пазітыўныя змены адбываюцца ў сферы прафесійнага мастацтва. Заўважна тэндэнцыя да павелічэння колькасці тэатральных спектакляў, канцэртаў, мастацкіх выставак і наведаўшых іх гледачоў. Прайшоўшы пад знакам 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, юбілейны год стаў добрым творчым імпульсам для тэатральных труп, музыкантаў, паэтаў, мастакоў.

Паляпшаецца кадравы склад галіны культуры. Пашыраецца міжнародны культурны абмен. Удасканальваецца нарматыўная прававая база сферы культуры.

Установы і арганізацыі галіны выканалі заданні па аказанні платных паслуг насельніцтву, мэтавы паказчык па энергазберажэнні.

Разам з тым у працы Міністэрства культуры, упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, аддзелаў культуры раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў маецца шэраг недахопаў па выкананні галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”.

Упраўленні культуры Брэсцкага, Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага аблвыканкамаў недастаткова ўвагі надаюць падрыхтоўцы дасье па шэрагу намінацый для прадстаўлення іх у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Слаба працуюць па ўключэнні нематэрыяльнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь упраўленні культуры Брэсцкага, Гродзенскага, Віцебскага, Магілёўскага аблвыканкамаў.

У 2008 годзе не выкананы заданні галіновай праграмы па адкрыцці краязнаўчых музеяў у г.г. Буда-Кашалёва, Лоеў, Слаўгарад, Лагойск, Дуброўна, Іўе, мемарыяльнага музея В.Таўлая ў г.Ліда, філіяла Баранавіцкага краязнаўчага музея, філіяла Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея, філіяла Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея. Не аўтаматызаваны 12 музеяў у Гомельскай вобласці, 2 — у Мінскай і 1 — у Віцебскай абласцях. У электронны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь уведзена толькі 10 працэнтаў прадметаў асноўнага фонду. Не завершана праца па аўтаматызацыі і камп’ютэрызацыі музейных устаноў рэспубліканскага падпарадкавання.

Павольна праводзіцца камп’ютэрызацыя публічных бібліятэк, асабліва ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, падключэнне да сеткі Інтэрнет у г.Мінску і ў Гомельскай вобласці.

Не завершаны работы па 17 аб’ектах культуры аграгарадкоў 2005 —2007 гг. Найбольш складаны стан па іх абуладкаванні ў Віцебскай вобласці.

Большай увагі патрабуе праца па рацыянальным выкарыстанні кадравага патэнцыялу дзяржаўных тэатраў, канструктыўным узаемадзеянні кіраўніцтва тэатраў і іх мастацкіх саветаў.

Маюцца праблемы ў сферы гастрольна-канцэртнай дзейнасці, у пытаннях якасці падрыхтоўкі канцэртаў, асабліва эстрадных.

Эстрадныя выканаўцы недастаткова ўвагі надаюць беларускай мове і нацыянальнаму матэрыялу.

Патрабуюць вырашэння пытанні павышэння канкурэнтаздольнасці і акупнасці беларускіх фільмаў, стварэння буйнамаштабных кінапраектаў, якія адлюстроўваюць гістарычнае мінулае нашага народа.

Не вырашаны праблемы камплектавання рэгіёнаў кваліфікаванымі кадрамі, замацавання маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы.

Дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” і рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” не выканалі ўстаноўленыя на 2008 год паказчыкі па знешнім гандлі.

У 2008 годзе павялічылася колькасць выпадкаў вытворчага траўматызму ў падначаленых Міністэрству культуры арганізацыях.

Абмеркаваўшы вынікі працы арганізацый культуры ў 2008 годзе і задачы на 2009 год па выкананні галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”, калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

ВЫРАШЫЛА:

1. Упраўленням культуры Брэсцкага, Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага аблвыканкамаў да 30 сакавіка 2009 г. прадставіць комплексныя планы мерапрыемстваў па падрыхтоўцы дасье “Фартыфікацыйныя збудаванні Брэсцкай крэпасці”, “Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся”, “Культавыя збудаванні абарончага тыпу” для прадстаўлення іх у Спіс сусветнай спадчыны UNESСO.

2. Упраўленням культуры Брэсцкага, Гродзенскага, Віцебскага, Магілёўскага аблвыканкамаў да 30 жніўня 2009 г. прадставіць матэрыялы па дзвюх нематэрыяльных праявах творчасці чалавека ад кожнага рэгіёна, падрыхтаваныя адпаведна з рашэннем калегіі Міністэрства культуры ад 23.01.2008 № 9, для надання ім статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

3. Упраўленню па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі (Чарняўскі І.М.) да 1 жніўня 2009 г. забяспечыць падрыхтоўку і зацвярджэнне інструкцый, якія вызначаюць парадак распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, прызначэння навуковых кіраўнікоў, пры выкананні работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях.

4. Упраўленню ўстаноў культуры і народнай творчасці (Чэрнік В.М.) сумесна з Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Беларусі (Вечар С.У.):

4.1. да 1 красавіка 2009 г. прадставіць план мерапрыемстваў і прапаноў па фінансавым забеспячэнні паэтапнага да 2014 года пераўтварэння Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі ў Нацыянальны гістарычны музей;

4.2. да 1 красавіка 2009 г. правесці абмеркаванне навуковай і творчай грамадскасцю рэспублікі Канцэпцыі Нацыянальнага гістарычнага музея;

4.3. да 1 снежня 2009 г. падрыхтаваць праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб унясенні змен у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 2006 г. № 730 у частцы цэнтралізаванага ўліку музейных прадметаў і прывядзення яго ў адпаведнасць з дзяржаўнымі задачамі па вядзенні Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.

5. Дзяржаўнай установе “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” (Сталярчук В.А.) да 1 сакавіка 2009 г. падрыхтаваць абаснаванне па пытаннях музеефікацыі Палаца Радзівілаў у г.Нясвіжы для ўключэння ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму 2010 года.

6. Упраўленням культуры аблвыканкамаў:

6.1. да 1 ліпеня 2009 г. і 1 студзеня 2010 г. інфармаваць Міністэрства культуры аб ходзе камплектавання Музейнага фонду і выканання Рэспубліканскай праграмы развіцця музейнай справы Рэспублікі Беларусь на 2005 год і на перыяд да 2010 года;

6.2. да 25 снежня 2010 г. у адпаведнасці з галіновай праграмай “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на 2006 — 2010 гг.” стварыць 15 новых музеяў, у тым ліку: у Брэсцкай вобласці — 3, у Гомельскай — 2, Віцебскай — 3, Гродзенскай — 2, Магілёўскай — 2, Мінскай — 3.;

6.3. да 1 чэрвеня 2009 г. завяршыць работу па аўтаматызацыі музейных устаноў, забеспячэнні іх комплексам тэхнічных сродкаў, доступу ў сетку Інтэрнет.

7. Упраўленню ўстаноў культуры і народнай творчасці (Чэрнік В.М.) сумесна з упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама (Лойка А.Ч.) забяспечыць перадачу ў 2009 годзе ў камунальную ўласнасць філіяла ўстановы “Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь” музея-палаца М.К. Агінскага ў в.Залессе Смаргонскага раёна.

8. Упраўленням культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, аддзелам культуры райгарвыканкамаў:

8.1. да 25 снежня 2009 г. завяршыць у поўным аб’ёме аўтаматызацыю бібліятэчных працэсаў цэнтральных раённых і гарадскіх бібліятэк;

8.2. да 25 снежня 2010 г. Завяршыць камп’ютэрызацыю публічных бібліятэк і падключэнне іх да сеткі Інтэрнет;

8.3. да 25 снежня 2009 г. забяспечыць выкананне даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб фінансаванні камплектавання бібліятэк за кошт мясцовых бюджэтаў.

9. Упраўленню культуры Гомельскага аблвыканкама (Чумакоў Д.А.) да 1 кастрычніка 2009 г. вырашыць пытанні ўдзелу бібліятэк вобласці ў сістэме карпаратыўнай каталагізацыі і аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў цэнтральных бібліятэк.

10. Упраўленню ўстаноў культуры і народнай творчасці (Чэрнік В.М.):

10.1. да 1 красавіка 2009 г. Распрацаваць Палажэнне аб конкурсе фестывальных праектаў, якія праводзяцца пры частковай фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры;

10.2. да 1 мая 2009 г. распрацаваць Палажэнне аб аглядзе-конкурсе аматарскага мастацтва абласцей і г.Мінска.

11. Упраўленням культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама да 1 сакавіка 2009 г. прадставіць у Міністэрства культуры графік адкрыцця ў 2009 годзе салонаў-магазінаў па рэалізацыі сувенірнай прадукцыі, вырабленай у нацыянальных народных рамесных традыцыях.

12. Упраўленням культуры аблвыканкамаў сумесна з аддзеламі культуры райвыканкамаў: 12.1. да 1 лютага 2009 г. завершыць дапрацоўку і афармленне ва ўстаноўленым парадку пашпартоў аб’ектаў культуры аграгарадкоў 2009 года і вызначыць крыніцы іх фінансавання;

12.2. да 25 снежня 2009 г. забяспечыць безумоўнае выкананне кантрольных паказчыкаў 2009 года, устаноўленых Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады.

13. Упраўленням культуры Брэсцкага, Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага аблвыканкамаў да 1 сакавіка 2009 г. унесці ў аблвыканкамы прапановы па фінансаванні аб’ектаў культуры аграгарадкоў 2005 — 2007 гг.

14. Упраўленням устаноў культуры і народнай творчасці (Чэрнік В.М.), мастацтваў (Казловіч М.І.) сумесна з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў забяспечыць арганізацыю і правядзенне на працягу 2009 года рэспубліканскага фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі” ў Бабруйскім, Брэсцкім, Веткаўскім, Вілейскім, Гомельскім, Нясвіжскім, Расонскім, Свіслацкім, Слонімскім, Кіраўскім, Кобрынскім, Ушацкім раёнах.

15. Упраўленню мастацтваў (Казловіч М.І.):

15.1. правесці ў 2009 годзе Рэспубліканскі конкурс тэатральных пастановак па творах беларускіх аўтараў;

15.2. да 15 верасня 2009 г. правесці набыццё па дзяржаўным заказе музычных твораў, напісаных да Х Нацыянальнага фестывалю нацыянальнай паэзіі і песні;

15.3. сумесна з эканамічным упраўленнем (Кананюк В.К.) прадугледзець у 2009 годзе выдзяленне сродкаўпа форме сацыяльна-творчага заказу на:

15.3.1. правядзенне на сцэне Палаца Рэспублікі творчых справаздач абласцей;

15.3.2. пастаноўку новых спектакляў, канцэртных праграм і правядзенне гастролей вядучых творчых калектываў рэспублікі, прысвечаных 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў;

15.3.3. канцэртнае і тэатральнае абслугоўванне сяла і аграгарадкоў канцэртнымі арганізацыямі і тэатрамі рэспубліканскага падпарадкавання;

15.3.4. правядзенне канцэртаў лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

16. Дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установе “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь” (Пышной В.П.) сумесна з упраўленнем мастацтваў да 15 лютага 2009 г. распрацаваць план пастановачнай дзейнасці і капітальнага ўзнаўлення спектакляў на 2009 — 2010 гады.

17. Упраўленням культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, тэатрам рэспубліканскага падпарадкавання да 20 лютага 2009 г. прадставіць у Міністэрства культуры планы рэпертуарна-пастановачнай дзейнасці дзяржаўных тэатраў на 2009 — 2010 гады.

18. Установе “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” (Пракапцоў У.І.), дзяржаўнай установе “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” (Сталярчук В.А.) сумесна з упраўленнямі ўстаноў культуры і народнай творчасці (Чэрнік В.М.), мастацтваў (Казловіч М.І.) і грамадскімі аб’яднаннямі “Беларускі саюз мастакоў” і “Беларускі саюз дызайнераў” забяспечыць у 2009 годзе выкананне заказу на стварэнне твораў мастацтва для музейных экспазіцый гісторыка-культурных комплексаў Міра і Нясвіжа.

19. Упраўленням культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама да 15 красавіка 2009 г. распрацаваць прапановы на 2009 — 2010 гады па манументальнай гістарычнай прапагандзе з улікам гістарычных і культурных традыцый рэгіёнаў.

20. Упраўленням культуры Гродзенскага, Магілёўскага, Віцебскага, Мінскага аблвыканкамаў у мэтах якаснай падрыхтоўкі і правядзення ў 2009 годзе ў г. Мінску творчых справаздач абласцей забяспечыць:

20.1. унясенне прапаноў па праграмах справаздач не пазней, чым за месяц да правядзення мерапрыемстваў;

20.2. своечасовае заключэнне адпаведных дамоў з дзяржаўнай установай “Палац Рэспублікі”.

21. Дырэктару Дэпартамента па кінематаграфіі Буданаву М.А., генеральнаму дырэктару рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” Замяталіну У.П.:

21.1. актывізаваць работу па рэкламаванні новых беларускіх фільмаў на нацыянальных тэлевізійных каналах;

21.2. забяспечыць стварэнне, пачынаючы з 2009 года, не менш аднаго нацыянальнага кінапраекта штогод.

22. Начальніку ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Рымашэўскаму В.В., генеральнаму дырэктару рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” Замяталіну У.П. забяспечыць ва ўстаноўленыя тэрміны ў 2009 годзе рэалізацыю інвестыцыйнага праекта “Рэканструкцыя і рамонт комплексу будынкаў і збудаванняў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” з будаўніцтвам аб’ектаў тэхналагічнага прызначэння і блока жылых дамоў на тэрыторыі, што вызваляецца ад вытворчых пабудоў”.

23. Дырэктару РУП “Беларускі відэацэнтр” Бычкову А.М. ажыццявіць мерапрыемствы па павелічэнні аб’ёму рэалізацыі прадукцыі, перш за ўсё, сацыяльна-значнай тэматыкі, як на тэрыторыі рэспублікі, так і за яе межамі.

24. Кінавідэапракатным арганізацыям аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама ў 2009 годзе:

24.1. актывізаваць работу з беларускімі мастацкімі, дакументальнымі і анімацыйнымі фільмамі;

24.2. забяспечыць выкананне ў поўным аб’ёме прагнозных паказчыкаў па платных паслугах і колькасці абслужаных гледачоў.

25. Установе адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” (Святлоў Б.У.):

25.1. разгледзець у лютым 2009 г. на пасяджэнні Савета універсітэта вынікі працы ў 2009 годзе камісіі па размеркаванні выпускнікоў, з улікам іх пераразмеркавання, і выпрацаваць рэкамендацыі па ўдасканаленні дзейнасці гэтай камісіі ў 2009 годзе;

25.2. да 1 сакавіка 2009 г. унесці прапановы па ўвядзенні і развіцці афіцыйнага сайта Міністэрства культуры з улікам патрабаванняў рэспубліканскіх органаў улады і кіравання;

25.3. да 1 мая 2009 г. унесці прапановы па стварэнні Інтэрнет-партала “Культура Беларусі”.

26. Установе адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” (Рашчупкін А.Ф.) да 30 сакавіка 2009 г. сфарміраваць звод заявак на маладых спецыялістаў з улікам прапаноў рэгіянальных ССНУ культуры і мастацтваў.

27. Упраўленню навучальных устаноў і кадраў (Шмакава Н.Ю.) да 1 мая 2009 г. дапрацаваць тыпавыя штаты дзіцячых школ мастацтваў з улікам заўваг і прапаноў зацікаўленых міністэрстваў і дзяржаўных арганізацый.

28. Аддзелу міжнародных сувязей (Кажура М.В.):

28.1. сумесна з упраўленнямі мастацтваў (Казловіч М.І.), устаноў культуры і народнай творчасці (Чэрнік В.М.) забяспечыць падрыхтоўку запланаваных у 2009 годзе Дзён культуры Рэспублікі Беларусь за мяжой і замежных краін у Беларусі;

28.2. да 1 красавіка 2009 г. і 1 ліпеня 2009 г. завяршыць падрыхтоўку праектаў дамоў аб культурным супрацоўніцтве, адпаведна, з Рэспублікай Балгарыя і Літоўскай Рэспублікай;

28.3. на працягу 2009 года забяспечыць падрыхтоўку планаў мерапрыемстваў па рэалізацыі падпісаных міжнародных дамоў аб культурным супрацоўніцтве.

29. Начальнікам упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама штомесяц разглядаць на пасяджэннях калегіі вынікі выканання асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, устаноўленых на 2009 год.

30. Кіраўнікам падпарадкаваных Міністэрству культуры арганізацый забяспечыць у 2009 годзе:

30.1. мэтавае і рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў;

30.2. безумоўнае выкананне даведзеных асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

31. Начальнікам упраўленняў культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, кіраўнікам падпарадкаваных Міністэрству культуры арганізацый забяспечыць:

31.1. выкананне да 20 снежня 2009 г. Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў поўным аб’ёме;

31.2. максімальнае выкарыстанне абсталявання і тавараў айчыннай вытворчасці, у тым ліку выпускаемых на падпарадкаваных Міністэрству культуры прадпрыемствах;

31.3. выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні ў памеры — 7,5 працэнта;

31.4. своечасовае ўнясенне бягучых змен у рэгіянальныя інтэграваныя банкі дадзеных, праграмна-інфармацыйныя комплексы “Установа”, а таксама прадстаўленне ва ўстаноўленыя тэрміны іх абноўленых версій у галіновы інтэграваны банк дадзеных.


Старшыня калегіі,
міністр У.Ф.МАТВЕЙЧУК