Пад прафесійным поглядам

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

19 лютага ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” адбылася сустрэча творчай інтэлігенцыі, дзеячаў кінематаграфіі з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Матвейчуком, на якой абмяркоўваліся прапановы па канцэпцыі правядзення XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.

Як падкрэсліў міністр культуры, міжнародны кінафорум “Лістапад” праходзіць пад патранатам Кіраўніка дзяржавы, таму ўсе прапановы па ўзнятых пытаннях абавязкова будуць накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Штогадовы беларускі кінафорум з’яўляецца значнай падзеяй у айчыннай кінематаграфіі. Фестывальная праграма мінулага года прадэманстравала высокі мастацкі ўзровень, чым выклікала вялікую цікавасць у публікі. На кінапаказах і шматлікіх мерапрыемствах пабывала больш за 200 тысяч гледачоў, з якіх амаль чвэрць прыходзіцца на публіку ў рэгіёнах краіны. “Лістапад” — адзін з тых рэдкіх фестываляў, які на тыдзень ахоплівае сваёй праграмай усю краіну. “Я ў захапленні ад той удалай творчай каманды, якая на працягу пятнаццаці гадоў займаецца фестывалем, шчыра ўдзячны ім за праведзеную складаную работу, — адзначыў Уладзімір Матвейчук. — Таму хачу, каб сённяшняя сустрэча дапамагла ўдасканаліць існуючую канцэпцыю правядзення і выправіць відавочныя праблемы”.
Рэжысёр Вітаўтас Грыгалюнас агучыў даўно абмяркоўваемае ў кінематаграфічных колах пытанне аб неабходнасці дзейнасці фестывальнай дырэкцыі на пастаяннай аснове. Калі ў дырэкцыі з’явіцца офіс з пастаянным адрасам, неабходнай тэхнікай, выхадам у Інтэрнет, адразу ж стане лягчэй фарміраваць фестывальную праграму, выязджаць у замежныя камандзіроўкі, каб весці перамовы з лепшымі студыямі і рэжысёрамі свету. Асабісты разліковы рахунак дазволіць правільна размяркоўваць грошы як на закупку фільмаў, запрашэнне гасцей кінасвята, так і загадзя закладваць у каштарыс артыкулы на неабходнае афармленне сцэны, касцюмы, пастановачныя нумары для відовішчнага адкрыцця і закрыцця. Зрэшты, шмат гаварылася і аб узроўні каманды, якая працуе над падрыхтоўкай фестывалю. Прыкладам, неабходна аддаваць напісанне сцэнарыя прафесіяналам, а гэта ў сваю чаргу вымагае дадатковых грошай.
Дырэктар кінатэатра “Перамога” Алена Саўчык звярнула ўвагу прысутных на тое, што вельмі мала робіцца ў напрамку прасоўвання “Лістапада” на міжнародным узроўні. З апошняга міжнароднага берлінскага кінафестывалю “Берлінале” яна прывезла выданне-даведнік для прафесіяналаў кінаіндустрыі аб кінафестывалях свету. У кнізе ёсць  звесткі пра Беларусь на прыкладзе міжнацыянальнага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлевізійных праграм “Магніфікат”, але ні слова аб “Лістападзе”! На думку Алены Саўчык, уступленне ў Міжнародную асацыяцыю кінапрадзюсераў дапамагло б годна заявіць аб сабе ў свеце, што ў сваю чаргу паспрыяе вырашэнню пытанняў, звязаных са складаннем конкурснай праграмы, запрашэннем у Мінск замежных гасцей. Таксама неабходна запрашаць на фэст прэсу з розных краін, каб аб “Лістападзе” гаварылі не толькі беларускія мас-медыя.
Шырока абмяркоўвалася месца правядзення адкрыцця і закрыцця форуму.
Відэапраекцыйнае абсталяванне Палаца Рэспублікі не дазваляе дэманстраваць кінастужкі на якасным узроўні, у сувязі з чым паказ мастацкага фільма на мінулагоднім адкрыцці вызваў негатыўныя водгукі ў гледачоў. З гэтай прычыны ўпершыню прыйшлося адмовіцца ад дэманстрацыі фільма-пераможцы. Паступалі прапановы перанесці ўрачыстасці ў Дом кіно, ці пасля цырымоніі закрыцця ў Палацы Рэспублікі дэманстраваць карціну, якая ўзяла Гран-пры, у іншым кінатэатры.— Пытанне складанае, патрабуе дасканала ўзважыць усе “за” і “супраць”, — пагадзіўся з выступоўцамі старшыня “Лістапада” Расціслаў Янкоўскі.
— Але нельга забываць, што “Лістапад” першапачаткова ствараўся для таго, каб беларускі народ меў магчымасць бачыць лепшыя ўзоры сусветнага кіно. Настойваю, людзям трэба сустракацца з сапраўдным святам, таму абрамляць фестывальны тыдзень павінны маштабныя, яркія цырымоніі адкрыцця і закрыцця.
У сувязі з гэтым Расціслаў Янкоўскі выступіў і за захаванне прынцыпу размеркавання галоўных узнагарод: Гран-пры павінен заставацца прызам глядацкіх сімпатый. Але, як зазначалі і некаторыя іншыя выступоўцы, пад пільным прафесійным поглядам. Для гэтага неабходна ўдасканаліць сістэму збору і падліку галасоў конкурснай праграмы.
Многія прысутныя прызналі, што праграме “Лістапада” даўно стала цесна ў рамках тыдня. Канешне, пашыраць колькасць фестывальных дзён немэтазгодна, але цалкам магчыма правесці частку мерапрыемстваў на некалькі тыдняў ранней ці пазней. Гэта дазволіла б зняць напружанне ў існуючай сітуацыі, калі конкурсныя прагляды ў розных намінацыях, а таксама гала-канцэрты, вечары памяці, юбілейныя сустрэчы праходзяць амаль у адзін і той жа час. Ды і на асобныя мерапрыемствы па-за межамі “Лістапада”, але пад яго лагатыпам, было б лягчэй прадаць білеты — гэта значыць, зарабіць частку неабходных для правядзення форуму грошай.

Настасся ПАНКРАТАВА