“Панарама” Венесуэлы

№ 8 (876) 21.02.2009 - 27.02.2009 г

17 лютага 2009 года ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі плакатаў “Лацінаамерыканская рэвалюцыя”, падрыхтаваная сумесна з Пасольствам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь.

 /i/content/pi/cult/196/2189/Venesuela.jpg
На выстаўцы было прадстаўлена каля 40 работ, што былі перададзены для мерапрыемства беларускімі грамадзянамі, якія захоўвалі гэтыя матэрыялы. На афішах і плакатах адлюстравана барацьба рэвалюцыянераў супраць імперыялізму ў розных краінах Лацінскай Амерыкі.
Як зазначыў у сваім выступленні дырэктар НББ Раман Матульскі, гэта выстаўка плаката — чарговы крок у супрацоўніцтве з Баліварыянскай Рэспублікай Венесуэла. Як вядома, у 2008 годзе Беларусь з дзяржаўным візітам наведаў прэзідэнт Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавес. Сярод месцаў, дзе пабываў венесуэльскі лідэр, была і Нацыянальная бібліятэка. Ён перадаў у дар бібліятэцы больш за 200 кніг, якія карыстаюцца ўстойлівым попытам у чытачоў.
Як паведаміла Часовы Павераны ў справах Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Марыя-Елена Рохас, у 2008 годзе паміж Венесуэлай і Беларуссю было падпісана пагадненне аб культурным супрацоўніцтве. У рамках дадзенага пагаднення адбылося і гэта мерапрыемства.
Сярод іншых культурных мерапрыемстваў, якія запланаваны на 2009 год, мяркуецца прыезд у Беларусь сімфанічнага аркестра Венесуэлы пад кіраўніцтвам Анджэла Паўлюка.
19 лютага ў будынку Дома дружбы адбыўся вечар, прысвечаны героям-рэвалюцыянерам Лацінскай Амерыкі. Мерапрыемства было наладжана сумеснымі намаганнямі “Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі”, таварыствам “Беларусь — Куба”, таварыствам “Беларусь — Венесуэла”.

Наш кар.