Скрабін па-беларуску ў “Карнегі-холе”“

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

У гэтай маладой беларускай піяністкі біяграфія сапраўды зорная. Ёй усяго 23 гады. Тым не менш, яна — лаўрэат міжнародных конкурсаў у Беларусі, Польшчы, Францыі, Італіі. Вольга СЦЯЖКО гастралявала ў многіх краінах: Германіі, Расіі, Харватыі, Славеніі, Вялікабрытаніі, Іспаніі. У 2007-м адбыўся яе дэбют у адной з найпрэстыжнейшых залаў свету — “Карнегі-холе” ў Нью-Йорку.

 /i/content/pi/cult/194/2182/Maxima.jpg
“Можна выкласціся і за тры!”
— Вольга, першае пытанне: калі вы паспелі ўсё гэта зрабіць?!

— З музыкай паядналася яшчэ ў несвядомым, так бы мовіць, узросце. Мне споўнілася 3 гады, калі мама прывяла мяне ў фальклорны тэатр “Госціца”. Бацькі купілі піяніна “Беларусь”. Сур’ёзныя ж заняткі пачаліся ў 4 — 5 гадоў. Тады ж стала вучыцца ў музычным ліцэі. Першае спаборніцтва, дзе перамагла, — юнацкі міжнародны конкурс імя Ф.Шапэна ў Польшчы.

— Ці шмат часу займалі заняткі па фартэпіяна ў ліцэі?

— Было ўсяго два ўрокі па фартэпіяна на тыдзень. Калі рыхтуешся да конкурсу або экзамену — больш. А дома — асабістая справа кожнага... У дзяцінстве, вядома, займалася больш, чым цяпер. Сёння звычайна трох гадзін на дзень хапае. Іншым разам маладыя піяністы кажуць, што яны займаюцца самастойна па 6 — 8 гадзін. Мне столькі і не трэба: можна і за тры гадзіны выкласціся!

 
Пасланне музычнага сэнсу
У выпадку і ўдачы, і няўдачы творчы чалавек аналізуе: чаму так адбылося?

Удачамі прыемна пахваліцца, пра няўдачы ж ніхто не гаворыць. Няўдачы і ў мяне былі. Не магу сказаць, што ўсюды атрымлівала толькі першыя месцы. Шмат залежыць ад падрыхтоўкі, настрою, збегу абставін. Цяпер, калі пачынаюцца дарослыя конкурсы, шмат залежыць ад асобы артыста.

Многія канкурсанты граюць на вельмі высокім узроўні. Чым далей — тым тэхніка становіцца ўсё больш складанай. Калі слухач выходзіць з залы, уражаны менавіта тваім пасланнем, — тады вылучаешся з агульнага натоўпу.

Праз твор ты павінен штосьці сказаць слухачу, выказаць новыя ідэі, пра якія ён да таго часу не ведаў. Уражанне трэба рабіць, на маю думку, не віртуозным бляскам, не тэхнічнай дасканаласцю, а музычным сэнсам.

— А гэты музычны сэнс у працэсе падрыхтоўкі да конкурсу вы звычайна шукаеце самі або разам з педагогам?

— Кожны раз на сцэне нельга граць так, як у мінулы раз, двойчы — з аднолькавым сэнсам. Выканальніцтва — мастацтва хвіліны: адбываецца тое, што адбываецца, а потым усё знікае. Трэба імкнуцца, каб тваё пасланне слухачам мела музычную напоўненасць. Працэс тварэння — ён заўсёды адбываецца на сцэне...

— Вы — аптымістка?

— Пакуль жыццё да мяне добра ставіцца. Калі думаць, што ўсё кепска, навошта выходзіць на сцэну?

— Падаецца, вы не баіцеся публікі і выступаў на новых пляцоўках?

— Вядома. Я— толькі на пачатку кар’еры. Думаю, галоўныя выступленні і пляцоўкі — наперадзе. Калі прыязджаю ў Беларусь, у Мінск, дык бачу, што на мае канцэрты збіраецца “мая” публіка. Не магу сказаць, што перад імі лягчэй граць, чым перад новай аўдыторыяй. Вядома, прыемна, калі адчуваеш падтрымку залы. Але публіку трэба кожны раз заваёўваць. Напрыканцы канцэрта, калі слухачы выходзяць з залы, узрушаныя, шчаслівыя, гэта вельмі добрая ўзнагарода за работу.

— Калі рыхтуецеся да конкурсу ці канцэрта, дык кіруецеся прынцыпам “Усё — у нотах”, або вам важна ведаць гісторыю твора?

— На конкурсах заўжды ёсць творы абавязковыя і вольная праграма. Калі твор, якім цікаўлюся, мне блізкі, натуральна, высвятляю, з якой нагоды і пры якіх абставінах напісаны, да якога перыяду належыць. Гэта дапаўняе музычную задуму.

 
Што можа граць усё жыццё?
— У вашым канцэртным рэпертуары — творы Чайкоўскага, Рахманінава, Ліста, Баха, Моцарта, Дэбюсі. Як фарміруецца рэпертуар?

— Два гады таму быў перыяд захаплення творамі Равэля, цяпер час захаплення Скрабіным, Пракоф’евым. На Захадзе сучасная музыка вельмі папулярная, яна прапагандуецца. Але ўвогуле я— прыхільніца праверанага кола аўтараў, ад эпохі барока і да сярэдзіны ХХ стагоддзя, якіх можна граць усё жыццё. І не будзе сумна… Сучасную беларускую музыку ведаю не ўсю. Але яшчэ калі вучылася ў ліцэі, выконвала фартэпіянныя творы Галіны Гарэлавай, Вячаслава Кузняцова — на маю думку, класікаў айчыннай музыкі цяперашняга часу.

— Вы навучаліся ў гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, потым — два гады ў Міжнародным Адрыятычным каледжы ў Італіі. Летась скончылі Каралеўскую акадэмію музыкі ў Лондане, там жа цяпер займаецеся ў магістратуры. Настаўнікаў па фартэпіяна ў вас было шмат — у Беларусі, Італіі, Англіі. Хто ж паўплываў больш за ўсіх?

— Педагог, што сфарміраваў асноўную базу, заклаў тэхнічныя якасці, — Алег Маісеевіч Крымер, у якога займалася з 5 да 15 гадоў. Цяпер, пад час навучання ў Лондане, мой педагог — Іан Фаўнтэйн, піяніст, які шмат канцэртуе, які выйграваў прэстыжныя конкурсы. За гэтыя гады ў плане творчага развіцця ён даў мне шмат. Цяпер займаюся ў яго ж магістратуры.

— Сярод залаў, дзе вы выступалі, якія зрабілі найбольшае ўражанне: па прэстыжнасці, акустыцы, архітэктуры, настроі?

— Натуральна, першая тут — “Карнегі-хол”. Там грала Скрабіна, удзельнічала ў “зборным” канцэрце пераможцаў амерыканскага конкурсу. Вельмі моцнае ўражанне зрабіла зала ў Палацы фестываляў у іспанскім Сантандэры больш як на 2,5 тысячы месцаў…

— Цікава, мікрафоны піяністу ставяць у такіх выпадках?

— Мікрафоны стаялі для запісу, але не для падгучвання.

— Такая акустыка, што аднаго раяля хапае на ўсю прастору?!

— Думала, што будзе страшна. Высветлілася: абсалютна не. Мне падаецца, у вялікіх залах граць больш камфортна, чым у маленькіх. Увогуле пабачыла столькі незвычайных залаў, што цяпер мала што здзіўляе.

— Сольны канцэрт патрабуе ад вас вялікага напружання?

— Адыходзіш звычайна гадзіны тры пасля выступлення: пачынаеш аналізаваць, што — атрымалася, што — не. Але ў момант выступлення — заўсёды мабілізаваны. Усё ж выконваць запар два сольнікі складана. А праз дзень — можна.

 
Гран-пры — у дарозе
— Каралеўская акадэмія музыкі ў Лондане, дзе вы навучаецеся, — у гістарычнай частцы горада?

— Акадэмія заснавана ў 1822 годзе. Яна заўсёды знаходзілася менавіта ў гістарычнай частцы горада, побач з Рэгенцкім паркам. Сама акадэмія — невялікая, як наша кансерваторыя.

— Ці вялікі набор у Акадэміі на спецыяльнасць “фартэпіяна”?

— Усё залежыць ад узроўню падрыхтоўкі будучых студэнтаў. У 2004 годзе, калі я паступала, набор быў адзін з найбольш вялікіх. На курс узялі ажно 15 чалавек, з іх дзесяць — вельмі моцныя. Звычайна ж бываюць 3 — 4 адметныя.

— Цяпер вы — магістрант Лонданскай акадэміі музыкі. Цікава, на якім інструменце ўдасканальваеце майстэрства?

— Інструмент да мяне цяпер едзе — раяль Vogel V177 ад фірмы Schimmel, які выйграла ў якасці Гран-пры на Першым Еўрапейскім конкурсе памяці Галіны Чэрні-Стэфаньскай, што ладзіўся ў верасні 2008-га ў Познані.

 
“Іншым разам граю...” — гэта не маё!
— Мяркуючы па салідным спісе конкурсаў і фестываляў, у вас ёсць уласны імпрэсарыо...

— Пакуль метадам спроб і памылак сама сябе “прасоўваю”. Але хачу на працягу гэтага года знайсці прафесіянала, які будзе такімі справамі займацца. На пачатку навучання ў Лондане ішло назіранне за тым, як арганізаваны музычны працэс. З 2007-га ўсё пачало рухацца. У Лондане ладзіцца шмат праслухоўванняў, пад час якіх з вялікай колькасці музыкантаў адбіраюцца тыя, што паедуць на пэўны конкурс, будуць выступаць у той ці іншай зале. Напрыклад, каб трапіць на фестываль у Іспаніі, трэба было спачатку прайсці праслухоўванне. Калі ты шукаеш імпрэсарыо, у цябе павінен быць салідны “паслужны спіс”. Таму хачу выкарыстоўваць самыя розныя магчымасці, каб паступова набываць досвед.

— Навучаючыся пэўны час за мяжой, вы, вядома, параўноўваеце, як адукацыйны працэс наладжаны там, а як — у Беларусі. Ці ёсць што нам пераймаць і перадаваць?

— На Захадзе наладжаны абмен прафесійным вопытам, увесь час прыязджаюць розныя выканаўцы, даюць майстар-класы… Вядома, маладыя музыканты імкнуцца пераймаць усё каштоўнае ў піяністычным свеце іншых краін. У Акадэмію музыкі ў Лондане ўвесь час прыязджаюць зоркі класічнай сцэны. Калі раней выдатныя піяністы, геніі фартэпіяна, з’яўляліся адзін раз на дзесяць гадоў, дык цяпер кожны год з’яўляюцца новыя імёны.

Наша школа, падаецца, дастаткова замкнёная. Так, руская і беларуская піяністычныя школы вельмі блізкія і моцныя. Але калі меркаваць па конкурсах, дык суадносіны нашых, расійскіх і заходнееўрапейскіх піяністаў-пераможцаў не заўсёды на карысць першых.

— Калі можна, колькі слоў пра планы на будучыню.

— У снежні выступала ў Гомелі, у палацы Румянцавых і Паскевічаў, у Цэнтральнай музычнай школе Масквы. На гэты год запланаваны канцэрты ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Іспаніі, Польшчы. Хацелася б і надалей працягваць канцэртныя выступленні, каб яны былі планавымі, рэгулярнымі. Я займаюся музыкай не для таго, каб сказаць: “Іншым разам я граю…” Гэта — мая прафесія. Таму хочацца быць на вышыні, хочацца быць канцэртнай выканаўцай...

Таццяна МУШЫНСКАЯ

  


Анкета
“К”

1. Колеры, якія натхняюць.
Залаціста-жоўты.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
У любую.
3. Любімы мастак.
Экспрэсіяніст Фрэнсіс Бэкан.
4. Найбольш яркі акцёр.
Марлон Брандо. Фільм — “Прыгажосць, якая знікае” Берталучы.
5. Любімы літаратурны твор.
“Ігра ў класікі” Картасара.
6. Што слухаеце?
Электронную музыку.
7. Радзіма — гэта што?
Маміны дранікі.
8. Любімая кветка.
Палявыя кветкі.