Лунінецкія джаконды Ганны Бандарэнка

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

З пазаштатнай аўтаркай нашай газеты Ганнай Бандарэнка з Лунінца завочна мы былі знаёмы каля двух гадоў. Не так і даўно пераехала Ганна Пятроўна ў райцэнтр на Палессі — на радзіму мужа — з Казахстана. І проста ўражвала, з якім жаданнемі з якой апантанасцю яна, па ўсім відаць, чалавек рускай культуры, імкнулася зразумець, прапусціць праз сэрца культуру тутэйшую, нібы прарасці ў ёй.

 /i/content/pi/cult/111/218/3.jpg
Маючы вопыт работы ў журналістыцы, Ганна Бандарэнка і нам захоплена пісала пра вясковую спявачку і стваральніцу гумарыстычных баек Настассю Якавец, пра аматарскі калектыў "Лунінецкія прымакі", таленавітага юнака Сашу Пташаца, пра мясцовы музей...

Яшчэ яна піша вершы і песні. Стварыла ў Лунінцы цікавы літаратурна-музычны клуб "Свечка". Час ад часу яе "Свечка" прываблівае гараджан чарговым прыгожым мерапрыемствам - абавязкова з паказам новай калекцыі жаночых строяў Ганны Бандарэнка ў стылі высокай моды і з арыгінальным сцэнарыем.

Адна з такіх імпрэз - выстаўка пад назвай "Тэатр знаёмых твараў" - у сярэдзіне сакавіка радавала лунінцаў, а літаральна нядаўна з поспехам прайшла ў Мікашэвічах. На ёй дэманстравалася каля 200 фотапартрэтаў 50 сучасніц, але ў нязвыклых вобразах і касцюмах. У галерэі вобразаў - імкненне ўзняцца над будзённасцю. Гераіні Ганны Бандарэнка чаруюць сваёй прыгажосцю, рамантызмам і загадкавасцю жаночай душы. Ды гэта не ўсё. "Тэатр знаёмых твараў" - не проста выстаўка, а выстаўка-канцэрт, у якім кожная з гераінь прадстаўляла свой нумар самадзейнасці.

Нядаўна Ганна Бандарэнка завітала ў рэдакцыю "К".

Першае маё пытанне было аб тым, што стаіць за яе здольнасцямі культарганізатара і творцы - прафесіяналізм ці аматарства?

- Ды, пэўна, - адказала Ганна Пятроўна, - і тое, і другое. Нарадзілася я ў маленькай вёсачцы ў Казахстане. Так здарылася, што маці мая амаль што адна выхоўвала пяцёра дзяцей. Таму прафесію трэба было атрымліваць больш практычную. Ды я на той час яшчэ і не разумела свайго, не пабаюся высокіх слоў, прызначэння на зямлі. Атрымала адукацыю эканаміста, працавала па спецыяльнасці на прамысловым прадпрыемстве ў Карагандзе, працавала ў сферы транспарта. І толькі ў 41 год рэзка змяніла сваё жыццё, адчуўшы, што нешта вельмі важнае і, мусіць, тое, для чаго я і нарадзілася, нібы адмірае ўва мне.

Я занялася соцыякультурнай дзейнасцю. У гады перабудовы, калі развальваліся прадпрыемствы, развальвалася краіна, часта не плацілі зарплату, я працавала начальнікам аддзела іміджавай дзейнасці і сацыяльных праграм пры абласной газеце. Насуперак неспрыяльным абставінам мы арганізоўвалі прыгожыя, з добрай энергетыкай, масавыя мерапрыемствы, шмат займаліся дабрачыннасцю. На жаль, газета "лопнула", не вытрымаўшы канкурэнцыі. Але менавіта 4 гады працы ў ёй я лічу лепшымі ў сваім жыцці.

- Што канкрэтна, апроч культмасавых мерапрыемстваў, мог зрабіць такі сацыяльна-дабрачынны аддзел?

- Аднойчы звярнуўся да нас вядомы ў Карагандзе гітарыст, у якога дактары дыягнаставалі рак пляча, а грошай на лячэнне не было. Мы правялі творчы вечар гэтага гітарыста і расказалі пра яго бяду. І чытачы адгукнуліся. Мы сабралі даволі значную суму. Адправілі гітарыста на Грушаўскі песенны фестываль і там яму сабралі яшчэ больш. Потым ён у Санкт-Пецярбургу вылечыў лазерам сваё плячо. А неяк прыйшла жанчына, якая мела тры вышэйшыя адукацыі і не магла знайсці работу. Але Яна непрывабна выглядала. Давялося вучыць яе, як апранацца, карыстацца касметыкай. Жанчына тая пайшла ад нас і вельмі хутка працаўладкавалася.

- Вяртаючыся да вашых лунінецкіх праектаў. Якім чынам вы падбіралі гераінь для выстаўкі "Тэатр знаёмых твараў"?

- Я друкавалася ў мясцовай прэсе. І гэтыя жанчыны - альбо гераіні маіх публікацый, альбо тыя, хто ўдзельнічае ў праектах клуба "Свечка".

- Цікава, чым сталася гэтая выстаўка ў жыцці яе гераінь?
 /i/content/pi/cult/111/218/5.jpg
 

- Увесь праект задумваўся так, кааб ён стаў падзеяй і ў жыцці горада, і ў жыцці гераінь гэтых партрэтаў, і ў маім жыцці, як аўтара праекта і прадстаўленых вобразаў. Калі, да прыкладу, выхавацелька дзіцячага садка, якую ўсе прывыклі бачыць сціплай і строгай, не толькі глядзіцца прыгажуняй на фота, але яшчэ і выконвае падчас канцэрта арабскі танец, дык гэта тое, што абавязкова запомніцца.

Пры стварэнні вобраза другой жанчыны (а працую я над тым, кааб яны сябе ў гэтых вобразах натуральна адчулі, іншым разам цэлы дзень, і толькі пасля гэтага фатограф робіць здымак) я ўвесь час сачыла за тым, кааб былі схаваны, задрапіраваны яе напрацаваныя рукі без манікюру. Затое здымкі так уразілі мужа гэтай жанчыны, што ён адразу даў ёй грошы і адправіў набываць прыгожае адзенне, касметыку, рабіць прычоску і манікюр.

За яшчэ адной маёй гераіняй больш сталага ўзросту два месяцы, пакуль ішла падрыхтоўка да выстаўкі, усюды хадзіла "группа падтрымкі" з 6 жанчын-равесніц. Разам яны шукалі тканіну, абдумвалі фасон сукенкі для выступлення, выбіралі песню. Пасля выстаўкі я запыталася ў жанчыны: "Ці задаволена "група падтрымкі"?" "Так! - адказала яна. - Адно толькі, у чаканні майго выступлення (а выступала яна пад нумарам 22) усе так хваляваліся, што пілі карвалол".

- Пытанне, якое, мусіць, цікавіць кожнага, хто мае дачыненне да прафесійнай работы ў культуры. На стварэнне такіх калекцый патрэбны грошы. Адкуль яны?

- Я ствараю іх, у асноўным, за свой кошт. Насамрэч, сродкаў патрэбна не так і шмат. Лён, да прыкладу, ці тое, што Яго імітуе, я набываю, самае таннае, па 800 рублёў за метр. У краме, якая гандлюе шторамі, гардзінамі, мне даюць абрэзкі тканін. Выкарыстоўваю ўсё, што стала непатрэбным ва ўласным доме, што прыносяць сябры і знаёмыя. Карацей, галоўнае - не грошы, а ўменне. Прыбыткаў гэтая дзейнасць таксама не прыносіць. Затое колькі прыносіць радасці!

Калекцыя "Колеры Палесся" была больш затратнай. У яе стварэнні, таксама як і ў рэалізацыі майго праекта "Палешукі", дапамог раённы Савет дэпутатаў. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто паверыў у мяне, хто падтрымаў. А найперш - старшыні райсавета Яўгену Богдану, начальніку аддзела культуры райвыканкама Уладзіміру Гапко. Як і Наталлі Казанковай і ўдзельніцам тэатра моды "Дзіва" з СШ № 4, тэатру эстрадных мініяцюр Юрыя Гімбатава, спявачкам Наталлі Мурко, Людміле Давыдчык, Ніне Ераміевіч, мастачкам Галіне і Аліне Трысцень - яны ўвесь час працуюць са мной у клубе "Свечка".

- Апроч сродкаў на стварэнне калекцый, патрэбна яшчэ памяшканне для рэпетыцый, для саміх мерапрыемстваў?

- Звычайна я запрашаю для ўдзелу ў сваіх праектах цікавых, творчых людзей і знаёмлю іх са сцэнарыем. Рэпеціруе кожны паасобку, потым - адна генеральная рэпетыцыя і само мерапрыемства, якое праходзіць альбо ў кавярні, альбо ў Доме культуры.

- Калі бачыш фотаздымкі з вашымі вобразамі па беларускіх матывах, дык робіць уражанне іх арганічнасць, само адчуванне беларускасці. Звычайна, каб такія рэчы разумець, трэба альбо з гэтым нарадзіцца, альбо доўга вучыцца. І тое, што вам удаецца гэтае адчуванне перадаць, выклікае пякучую цікавасць. Задавольце яе, калі ласка.

- Дык я беларуска! Я- Каліноўская! - нечакана і ў сваёй эмацыйнай манеры адказала Ганна Бандарэнка. - Мае продкі па маці пераехалі ў Казахстан у 1905 г. Пераехалі з этнічнай мяжы беларусаў і ўкраінцаў. Сёння месца, дзе яны жылі,- на Украіне. Але мае бабуля і дзед гаварылі па-беларуску - дошчачка, бэрдзічка, попел, човен. У сям'і маці ганарыліся сваім прозвішчам. Дзядзька нават усур'ёз лічыў, што нашы продкі даводзіліся сваякамі Кастусю Каліноўскаму. Не ведаю, магло гэта быць, ці проста хацелася ў тое верыць. Але мае продкі Каліноўскія заўсёды радзелі за агульначалавечае шчасце, агульныя інтарэсы. Яшчэ яны былі вельмі працавітыя, усё-ўсё ўмелі рабіць, цудоўна гралі на скрыпках. А адзін з маіх сваякоў па-бацьку - вядомы балкарскі паэт старэйшага пакалення. Магчыма, усе гэтыя гены і выбухнулі ўва мне ў 41 год, змусіўшы ў пэўнай ступені змяніць жыццёвыя прыярытэты. Хаця ў нашай сям'і недарэмна лічаць, што і характар мой, і мае здольнасці - ад Каліноўскіх. Калі я чытала Коласаўскую "Новую зямлю", дык перада мной уставалі і лад жыцця, і мова дзеда і бабулі. Мае продкі прыехалі ў Казахстан у пошуках вольнай зямлі. І мне ўяўляецца лагічным тое, што праз 100 гадоў я вярнулася на іх гістарычную радзіму.

- Ганна Пятроўна, клуб з назвай "Свечка" быў у вас у Карагандзе, цяпер - у Лунінцы. Рубрыка, якую вы вялі ў мясцовай газеце, таксама называлася "Полымя свечкі". Чаму гэтае слова для вас такое важнае?

- Для мяне гэта - сімвал праваслаўнай духоўнасці. У якасці далейшага тлумачэння, дазвольце, працытую свой верш: И от стихов красоты, и мелодии - / Нужно лишь чуть подождать - / В месте любом и в любую погоду / Вспыхивает благодать./ И в этот миг ты почувствуешь сразу / Вместе сердца как стучат. /Воском прозрачным на тонкую вазу / Плачет от счастья свеча./ Уся справа, пэўна, у тым, што я працую свечкай! Не за зарплату, затое па прызванні.

Наталля РУСАК
Мастацкія вобразы Ганны БАНДАРЭНКА
ў фотаздымках Сяргея КАРПУКОВІЧА і Вячаслава БАНДАРЭНКІ