Што трэба ведаць аб дзяржаўнай пошліне за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г


Палажэннем аб гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 г. № 259 “Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці” (далей — Палажэнне), устаноўлена, што ажыццяўленне гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, за выключэннем выпадкаў, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца, забараняецца.
Для атрымання пасведчання суб’ект гастрольна-канцэртнай дзейнасці звяртаецца з заяўкай ва ўпраўленні культуры абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў (далей — упраўленне культуры) па месцы правядзення мерапрыемства.
Да заяўкі прыкладаецца дакумент, які пацвярджае выплату дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчання (за выключэннем выпадкаў, калі дзяржаўная пошліна за яго выдачу не спаганяецца), а пры арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчнага мерапрыемства ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам ці ў памяшканні таксама рашэнне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб дазволе правядзення масавага мерапрыемства.
Пытанні выплаты дзяржаўнай пошліны рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне”.
Плацельшчыкамі дзяржаўнай пошліны (далей — плацельшчыкі) прызнаюцца арганізацыі і фізічныя асобы. Згодна з пунктам 2 артыкула 13 Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь да арганізацый адносяцца юрыдычныя асобы, але не іх структурныя падраздзяленні. Такім чынам, калі, напрыклад, палац культуры з’яўляецца структурным падраздзяленнем прадпрыемства, іншай юрыдычнай асобы, то дзяржаўную пошліну будзе выплачваць юрыдычная асоба, а не палац культуры.
Стаўкі дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства вызначаны ў дадатку 9 да Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне”.
Памер дзяржаўнай пошліны залежыць ад праектнай умяшчальнасці сцэнічных пляцовак або спецыяльна не прызначаных для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў месцаў (пры адсутнасці праектнай умяшчальнасці — ад плануемай для рэалізацыі колькасці білетаў).
Законам прадугледжаны наступныя стаўкі дзяржаўнай пошліны.
З 1 студзеня 2009 г. Дзяржаўная пошліна на сцэнічных пляцоўках або ў спецыяльна не прызначаных для гэтых мэт месцах пад адкрытым небам альбо ў памяшканні пры адсутнасці праектнай умяшчальнасці і рэалізацыі ўваходных білетаў устаноўлена ў памеры 3 базавых велічынь.
Пры арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў сіламі ўласных калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў або беларускіх калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў памер дзяржпошліны за выдачу пасведчання складае 10 працэнтаў ад устаноўленай стаўкі, а пры арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў для дзяцей — 5 працэнтаў ад устаноўленай стаўкі.
Дзяржаўная пошліна выплачваецца па стаўцы і (або) у памеры базавай велічыні, устаноўленым на дзень паступлення заяўкі аб выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства ва ўпраўленне культуры альбо на дзень адпраўлення яе праз аддзяленне паштовай сувязі.
У выпадку змены стаўкі дзяржаўнай пошліны і (або) памеру базавай велічыні пад час разгляду заяўкі даплата дзяржаўнай пошліны не ажыццяўляецца.
Калі дзяржаўная пошліна за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства выплачана менш за ўстаноўлены памер, даплата дзяржаўнай пошліны ажыццяўляецца па стаўцы і (або) у памеры базавай велічыні, устаноўленым на дзень звароту.
У адпаведнасці з артыкулам 10 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства вызваляюцца:
дзяржаўныя тэатральна-відовішчныя арганізацыі і дзяржаўныя арганізацыі кінематаграфіі, дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры, г. Віцебск”, дзяржаўная культурна-дасугавая ўстанова “Цэнтральны Дом афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія,закрытыя акцыянерныя таварыствы “Другі нацыянальны тэлеканал” і “Сталічнае тэлебачанне” пры ажыццяўленні імі гастрольна-канцэртнай дзейнасці; установы культуры і адукацыі пры ажыццяўленні імі гастрольна-канцэртнай дзейнасці сіламі работнікаў прафесійных калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, якія знаходзяцца ў штаце дадзеных устаноў, створаных імі аматарскіх калектываў, а таксама пры арганізацыі гастролей беларускіх калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў; тэатральна-відовішчныя арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пры арганізацыі імі гастролей беларускіх калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.
У выпадку, калі плацельшчык вызваляецца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, аб гэтым робіцца адзнака на заяўцы з указаннем, на падставе якой нормы Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне” плацельшчык вызваляецца ад выплаты дзяржаўнай пошліны (падпункты 8.30.1 — 8.30.3 пункта 8 артыкула 10 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай пошліне”).
Дзяржаўная пошліна выплачваецца да падачы заяўкі аб выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства ў адпаведны бюджэт па месцы выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства.
Факт выплаты дзяржаўнай пошліны шляхам унясення наяўных грашовых сродкаў пацвярджаецца арыгіналам квітанцыі банка і (або) небанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі, арганізацыі сувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Факт выплаты дзяржаўнай пошліны шляхам пераліку сумы дзяржаўнай пошліны з рахунка плацельшчыка пацвярджаецца дадатковым экземплярам плацежнага даручэння з адзнакай плацельшчыка на адваротным баку плацежнага даручэння “Выканана” з указаннем сумы пропісам. Указаная адзнака завяраецца подпісамі адказнага выканаўцы, галоўнага бухгалтара банка або яго намесніка (асобы, упаўнаважанай ажыццяўляць дадатковы кантроль) і замацоўваецца адбіткам пячаткі банка з прастаўленнем даты выканання плацежнага даручэння.
Плацежныя дакументы, што пацвярджаюць выплату дзяржаўнай пошліны, захоўваюцца ва ўпраўленнях культуры, якія ажыццяўляюць выдачу пасведчанняў на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, і пры наяўнасці заяў, скарг або іншых дакументаў, па якіх выплачана дзяржаўная пошліна, далучаюцца да іх.
Дзяржаўная пошліна можа выплачвацца ў замежнай валюце плацельшчыкамі, якія не з’яўляюцца падатковымі рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. У дадзеным выпадку дзяржаўная пошліна выплачваецца ў памеры, устаноўленым на дзень выплаты, і па курсе замежнай валюты ў адносінах да беларускага рубля, устаноўленым Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь на дзень выплаты.
Вяртанне плацельшчыку поўнасцю або часткова выплачанай сумы дзяржаўнай пошліны за выдачу пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Агульнай часткай Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі:

1. дзяржаўная пошліна была выплачана ў большым памеры альбо не павінна была выплачвацца;

2. упраўленне культуры адмовіла плацельшчыку ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства. У адпаведнасці з пунктам 7 Палажэння падставамі для адмовы ў выдачы пасведчання з’яўляюцца:
неадпаведнасць зместу культурна-відовішчнага мерапрыемства асноўным задачам рэгулявання гастрольна-канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, указаным у пункце 3 Палажэння;
супадзенне тэрмінаў і месца правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства з іншым раней запланаваным мерапрыемствам;
наяўнасць абставін непераадольнай сілы, што перашкаджаюць правядзенню культурна-відовішчнага мерапрыемства;

3. плацельшчык, які выплаціў дзяржаўную пошліну, адмаўляецца ад атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства да падачы заяўкі ва ўпраўленне культуры;

4. пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, за выдачу якога выплачана дзяржаўная пошліна, прызнана судом несапраўдным.

Вяртанне дзяржаўнай пошліны ажыццяўляецца на падставе звароту плацельшчыка з мясцовага бюджэту падатковым органам той вобласці, у бюджэт якой яна паступіла.
Заява аб вяртанні (заліку) залішне выплачанай сумы дзяржаўнай пошліны можа быць пададзена плацельшчыкам у падатковыя органы не пазней за тры гады з дня выплаты ўказанай сумы.
Да заявы плацельшчыка аб вяртанні (заліку) дзяржаўнай пошліны дадаюцца арыгіналы дакументаў, якія пацвярджаюць выплату дзяржаўнай пошліны, у выпадку, калі дзяржаўная пошліна падлягае вяртанню ў поўным памеры, а ў выпадку, калі яна падлягае вяртанню часткова, — копіі ўказаных арыгіналаў дакументаў. Таксама да заявы аб вяртанні дзяржаўнай пошліны дадаецца пісьмовае распараджэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў альбо ўпаўнаважаных імі асоб з указаннем прычын вяртання дзяржаўнай пошліны.
Залішне выплачаная дзяржаўная пошліна, калі яе выплата ажыццёўлена ў выніку няправільнага прымянення ўпраўленнем культуры норм заканадаўства Рэспублікі Беларусь альбо дапушчанай імі арыфметычнай памылкі, падлягае вяртанню з налічэннем на яе працэнтаў па стаўцы, роўнай 1/360 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, што дзейнічала на дзень вяртання плацельшчыку гэтай сумы, за кожны дзень, пачынаючы з дня, наступнага за днём выплаты дзяржаўнай пошліны, да дня прыняцця рашэння аб вяртанні плацельшчыку залішне выплачанай сумы дзяржаўнай пошліны.
Адказнасць за правільнасць збірання ў бюджэт дзяржаўнай пошліны нясуць службовыя асобы ўпраўленняў культуры.

Алена ВЕШТАРТ,
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

 

 

З пошты рубрыкі

Згодна з матэрыялам у газеце “Культура” — “Працягласць водпуску дзяржаўнага служачага” — просім растлумачыць, ці будзе павялічана працягласць водпуску бібліятэкарам публічных бібліятэк.

З павагай, калектыў Гродзенскай раённай бібліятэкі.

У адпаведнасці з артыкулам 155 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь працягласць асноўнага водпуску не можа быць меншай за 24 каляндарныя дні.
Пералік арганізацый і пасад, а таксама катэгорый работнікаў з працягласцю асноўнага водпуску больш за 24 каляндарныя дні, умовы прадастаўлення і канкрэтная працягласць гэтага водпуску ўстанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 студзеня 2008 г. № 100 “Аб прадастаўленні асноўнага водпуску працягласцю больш за 24 каляндарныя дні” ўстаноўлены пералік арганізацый і пасад педагагічных работнікаў, працягласць асноўнага водпуску якіх складае больш за 24 каляндарныя дні, і пералік катэгорый работнікаў, працягласць асноўнага водпуску якіх складае больш за 24 каляндарныя дні.
Такім чынам, устаноўлены толькі пералік пасад педагагічных работнікаў, працягласць асноўнага водпуску якіх складае больш за 24 каляндарныя дні.
Працягласць асноўнага водпуску іншых работнікаў, у тым ліку і бібліятэкараў, складае 24 каляндарныя дні. На сённяшні дзень якіх-небудзь змен заканадаўства ў частцы працягласці водпускаў не плануецца.


Піша вам выкладчык музыкі ДМШ. З 01.01.2009 абяцалі ўзнавіць 56 каляндарных дзён водпуску выкладчыкам ДМШ і ДШМ. Ці выйшла
гэтае палажэнне? Калі не, ці выйдзе? Хачу ўзяць чарговы водпуск да водпуску па цяжарнасці і родах, таму і задаю такое пытанне.

Працягласць асноўнага водпуску больш за 24 каляндарныя дні педагагічных работнікаў устаноўлена пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 студзеня 2008 № 100.
8 верасня 2008 г. у названую пастанову пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1308 унесены змяненні і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў усіх профіляў і тыпаў атрымалі права на водпуск працягласцю 56 каляндарных дзён.
Трэба мець на ўвазе, што названыя змяненні ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2009 г.


З пошты рубрыкі

Паважаныя чытачы!

Калі ў вас ёсць пытанні, звязаныя з “юрыдычнымі тонкасцямі” ў галіне культуры, накіроўвайце іх на адрас рэдакцыі: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, або на электронную скрыню: kultura@tut.by .