І ўсё ж пытанне вымагае дыспуту...

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Па задумцы арганізатараў, усе яны, мастакі, кіруюцца прынцыпамі старога і добрага рэалізму. Інакш кажучы, экспазіцыя гэта сталася як бы нейкім супрацьпастаўленнем тым найноўшым мастацкім плыням, якія сёння існуюць у культурнай панараме жыцця. Але, але…

 /i/content/pi/cult/195/2172/Realism2.jpg

У.Уродніч. “Гераічны матыў”.

Выстаўка для мяне абсалютна не адказала на вечныя пытанні: дык што ж такое — рэалізм, за які так змагаюцца прадстаўленыя жывапісцы? Калі гэта прытрымліванне традыцый школы рускіх перасоўнікаў ці мэтраў сацрэалізму,— гэта адно. Калі рэалізм — не столькі, уласна кажучы, запраграмаваны стыль, кірунак, колькі— вобраз фігуратыўнага мыслення, суб’ектыўны погляд мастака на свет у яго візуальных, часам самых разнастайных сімволіка-фантастычных формах, — гэта іншае. Па вялікім рахунку, рэалістамі былі і старажытныя грэкі і рымляне, і “адраджэнцы”, і класіцысты, і імпрэсіяністы, і Ван Гог з Гагенам, і раннія Пікаса з Малевічам, і Шагал з Суціным, і Далі, і Фальк, і Ларыёнаў… Усе яны бачылі Свет — у Вобразах, яны былі далёкія ад натуралізму і “капіравання” жыцця: што бачу, аб тым і пяю. Яны бачылі, адчувалі свет і разважалі ў фарбах наконт убачанага.

Што тычыцца “рэалізму” ХХІ ст.— гэта вельмі складаная рэч, і тут адным артыкулам, адной размовай не абысціся. Як і па тэрміну “сучаснасць”…

Спрэчкі на гэты конт ідуць даўно. Але, у асноўным, у мастацкіх кулуарах. І канчатковага адказу няма, ды, думаю, ніколі і не будзе. Таму што тэрміны “традыцыя” і “сучаснасць” вельмі жывыя, і ў кожную эпоху маюць свой асаблівы “партрэт” — часта супярэчлівы, няпэўны, неазначаны і неадназначны. Думаю, і рэалізм (у яго дыялектычным, не стагнацыйным, разуменні), і постмадэрнізм, і абстрактны экспрэсіянізм, і “канцэптуалізм”, і неарэалізм, і іншыя “ізмы” маюць права на існаванне, калі гэта ўсё зроблена прафесійна, дасканала і сумленна.

Выстаўка, якая складзена прыблізна напалову з рэтраспекцыі (нават з гучнымі імёнамі) і “свежымі” творамі, якія як бы прэтэндуюць на “сучаснасць”, — сваёй місіі не выканала: занадта многа шэрых, выпадковых работ, нягледзячы на “актуальную тэму”.

Удалыя творы ў экспазіцыі, выкананыя ў савецкі час, адзінкавыя і нешматлікія, хаця яркіх “каменьчыкаў” у мазаіцы беларускага жывапісу сённяшняга перыяду значна больш.

Аднак выстаўка гэтая мае, на мой погляд, і пазітыўнае значэнне як нейкі факт, які дае добрую магчымасць аднойчы сабрацца жывапісцам-“традыцыяналістам” і
 /i/content/pi/cult/195/2172/Realism1.jpg

Р.Ландарскі. “Вячэрні звон”.

“авангардыстам”, крытыкам, культуролагам, музейшчыкам, педагогам і паспрабаваць пагаварыць пра гэтыя самыя “традыцыі” і “сучаснасць”: хто мы сёння ёсць, куды і навошта ідзем і што ўсё ж такі патрабуе ад творцы наша сучаснасць на старце ХХІ стагоддзя. І наогул — чаму знікае зараз “шырокафарматная” карціна-сімфонія, якая была б насычана напружанай эмацыянальнай энергіяй, духоўнай глыбінёй і вобразнымі знаходкамі? Ды і пра сучаснае няпростае жыццё жанраў партрэта, пейзажа, нацюрморта, пра іх “узаемапранікненне”, г. зн. жанравае змяшэнне, ёсць нагода паразважаць...

Вось пра што я падумаў, калі прайшоўся па зале гэтай выстаўкі. І яшчэ падумаў, што традыцыя — гэта і ёсць жывая пераклічка ідэй і вобразаў, стылістычных пошукаў і паэтычнай мовы, жыццёвых і рамантычных мараў. Вось дзе павінны сысціся пачаткі і канцы. Але такую эвалюцыю — традыцыі ў сучаснасці — я, на жаль, тут не ўбачыў.


Барыс КРЭПАК