Волма: на хвалі перамен

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Волме, якая знаходзіцца за 36 кіламетраў на захад ад Мінска каля рачулкі Валмянкі, прытока Іслачы, у маляўнічай даліне Івянецкага ўзвышша. Уражаннямі і звесткамі, пачэрпнутымі ў гэтай паездцы, вырашыў падзяліцца з чытачамі “Культуры”. … У раннім сярэднявеччы Волму называлі Гарадком, і менавіта пад гэтай назвай упершыню згадваюць яе летапісы ў 1161 годзе, калі вяліся міжусобныя змаганні за Полацкае княства. У славутыя часы Вялікага княства Літоўскага, у другой палове XV стагоддзя, Волма належала ўжо віленскаму старасце Войцеху Манівіду, а з 1536 года — канцлеру ВКЛ Альбрэхту Гаштальду, затым — князям Радзівілам. На пачатку XVII стагоддзя тут панавалі ўжо Валадковічы, іх змянілі Філіповічы. Апошнія, дарэчы, — сваякі вядомага рэлігійнага дзеяча і асветніка Афанасія Філіповіча. Прыкладна з 1581 г. у дакументах згадваецца ўжо мястэчка Волма ў складзе Мінскага павета, а з інвентара 1651 г. робіцца вядомым і аднайменны маёнтак.

 /i/content/pi/cult/111/217/2.jpg

Сядзібны дом

На мяжы XVIII - XIX cтст. маёнтак Волма адышоў да прадстаўнікоў рода Ваньковічаў гербу "Ліс" і заставаўся іх уласнасцю аж да вядомых падзей лета 1939 г. А паселішча мела ўласны лёс. У 1921 г. па ўскраіне вёскі пралягла дзяржаўная мяжа, якая падзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю. З 1926 г. мястэчка Волма было цэнтрам гміны (войтаўства) Стаўбцоўскага павета. Будынак староства міжваеннага часу, на жаль, не захаваўся.

Сучасная Волма - цэнтр сельсавета ў складзе Дзяржынскага раёна. Найстаражытнай мясцінай паселішча можна лічыць узгорак ля скрыжавання вуліц Мінскай і Савецкай, дзе зараз стаіць касцёл св. Яна Хрысціцеля з лаканічнымі рысамі архітэктуры ХХІ ст. Упамінанне ж аб першым касцёле ў Волме датуецца 1472 г., з 1584 г. набыў вядомасць парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, фундаваны княжной Агінскай. У 1751 г. пасля пажару на тым жа месцы быў пабудаваны драўляны храм без адзінага цвіка. Пасля паўстання 1863 г. яго перадалі праваслаўнай царкве, але інтэр'еры і вонкавы выгляд пакінулі без змен. У 1918 г. касцёл вярнулі было каталікам, але ў пасляваенныя гады ён быў зачынены, а ў 1980-ыя яго ці то знеслі, ці то спалілі. За сучасным касцёлам бачны спарахнелы будынак пасляваеннай школы. Мясцовыя жыхары кажуць, што на гэтым месцы калісьці стаяла плябанія.

Калі па вуліцы Савецкай накіравацца ў бок суседняй вёскі Кавальцы, дык на штучнай выспе, што аддзяляе сядзібную панскую сажалку ад вытокаў Валмянкі, вас будзе чакаць цудоўнае вынаходніцтва сярэдзіны пазамінулага стагоддзя - драўляны вадзяны млын. Ён даўно стаіць без працы і страціў сваё кола: у савецкую эпоху яму на змену прыйшоў жалезабетонны шлюз. У больш-менш дагледжаным стане млын падтрымлівае дырэктар тутэйшай
школы і краязнаўца Наталля Доўгалапцева. Кладка цокальнага паверха будынка, у якой чырвоная цэгла чаргуецца з валунамі, утварае стылёвую мазаіку. На ўваходзе пазначана дата: 1859 год. У свае лепшыя часы млын належаў Ваньковічам. Гэта даволі цікавы помнік прамысловай архітэктуры.

Але найцікавым гістарычным аб'ектам Волмы, што надае ёй асаблівую прывабнасць, трэба лічыць сядзібна-паркавы ансамбль, створаны Ваньковічамі ў пачатку ХІХ ст. Ён амаль цалкам захаваў сваё аблічча. Сядзібазнаходзіцца непадалёк ад вёскі, ля самых вытокаў Валмянкі, на скрыжаванні шляхоў.

Праектавалася яна з улікам пагаркаватага рэльефу, галоўная яе частка займае шматкутную прыбярэжную тэрасу і часткова захавала абрысы параднага двара з панскім домам і гаспадарчымі пабудовамі. Сюды можна трапіць па дзвюх алеях. Яны сыходзяцца пасярод парку, прычым на галоўнай алеі стаяла калісьці брама. Да гэтых алей з паўночна-заходняга боку прымыкае фрагмент парку ў выглядзе яловага ляску. Абмежаваны акружнымі шляхамі, ён стварае ўтульны і ціхі куток перад сядзібай.

Дамінанта маёнтка - двухпавярховы сядзібны дом, пабудаваны ў першай палове ХІХ ст. Яго каменныя муры дасягаюць метровай таўшчыні. Будынак мае характэрны для класіцызму франтон на галоўным фасадзе. Да вайны парадны фасад з боку партэра ўпрыгожваў шыкоўны чатырохслуповы порцік, але ён знік у часы пасляваеннай адбудовы, што значна абядніла архітэктуру будынка. У эпоху прамысловага капіталізму Ваньковічы сталі выкарыстоўваць дом у гаспадарчых мэтах: на першым паверсе працаваў маслазавод, а на другім жылі найміты. Прыкладна ў гэты перыяд праваруч ад сядзібы ўздоўж тэрасы быў пабудаваны аднапавярховы дом з мансардамі, куды перасяліліся гаспадары маёнтка. Зараз яго займаюць навукоўцы-супрацоўнікі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя А.Д. Сахарава. Партэр перад домам цудам захаваў пасадкі мінулых стагоддзяў, сярод якіх на ўзвышшы пануе магутная ліпа, пасаджаная яшчэ пры Філіповічах, - ёй больш за 200 гадоў. Т

рэці каштоўны будынак - каменны аднапавярховы флігель-кухня. Гэты дом узвышаецца на высокіх падмурках, выкладзеных з валуноў, мае вузкія ваконныя праёмы і лёхі. Яго фасад упрыгожваюць пілястры. Па баках - два франтоны.

Бліжэй да вадаёмаў, у нізе тэрасы, знаходзіцца напаўкаменны дом для прыслугі, які яшчэ выкарыстоўваецца пад жытло. За ім - невялічкі масток, перакінуты праз стаў, вядзе нас у зарэчную частку старога парку. Пад шатамі старых ліп і дубоў пануе цішыня. На фоне гэтага рамантычнага краявіду вылучаюцца руіны эклектычнай капліцы Ваньковічаў. Такі сумны выгляд яна набыла ў савецкія часы, калі яе чырвоная цэгла спатрэбілася... каб класці печы.

Апошнім уладальнікам Волмы быў вельмі адукаваны Лявон Ваньковіч (1874- 1949). Яму належалі таксама Смілавічы на Ігуменшчыне.

Валмянскі маёнтак напаткаў незайздросны лёс. У пасляваенныя часы тут атабарыліся пчалаводы, з 1960-ых гадоў месцілася школа-інтэрнат, потым - запусценне... Але вось ужо 12 гадоў як былая панская сядзіба займела новых гаспадароў: на яе тэрыторыі знаходзіцца станцыя "Волма" навукова-адукацыйнага комплексу Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя А.Д. Сахарава.

"Сахараўцы" пастараліся надаць нягегламу будынку былой школы-інтэрната больш прывабны выгляд, прыстасаваўшы яго пад гасцінічны комплекс. Са слоў дырэктара навукова-даследчага інстытута экалагічных праблем у складзе універсітэта імя А.Д. Сахарава Сяргея Пазняка, у аднаўленне сядзібы за гэты перыяд укладзены вялікія сродкі.
Неўзабаве ахвотныя пазнаёміцца з гісторыяй і прыгажосцю тутэйшых мясцін атрымаюць магчымасць зняць нумары ў гасцінічным комплексе ў межах старога парку. Дарэчы, узімку гэтую вандроўку можна будзе спалучыць з наведваннем гарналыжнага комплексу "Якуты" ў суседняй вёсцы заднайменнай назвай.

Застаецца толькі спадзявацца, што ператварэнне Волмы ў добраўпарадкаваны турыстычны аб'ект не парушыць прыродную энергетыку гэтых цудоўных мясцін, а толькі дадасць утульнасці і прывабнасці даліне, дзе паміж узгоркамі паволі цячэ рачулка Валмянка.

Алег ФРАНЦУЗАЎ,
навуковы супрацоўнік
Нацыянальнага мастацкага музея
Рэспублікі Беларусь
Фота аўтара