Канцэпцыя з галаграмамі

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Цягам мінулага года вялася распрацоўка Канцэпцыі экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Рабочай групай пад кіраўніцтвам намесніка міністра культуры Віктара Кураша і дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандра Кавалені былі прааналізаваны лепшыя дасягненні ў галіне музейнай справы як у нашай краіне, так і за мяжой.

Як адзначыў на прэс-канферэнцыі з нагоды пачатку грамадскага абмеркавання праекта Віктар Кураш, Канцэпцыя новага музея будзе ўключаць шэсць перыядаў: ад разгляду першабытнага грамадства, эпохі Сярэднявечча да развіцця краіны на сучасным этапе. Сваё ўвасабленне знайшлі такія раздзелы, як сацыяльна-эканамічнае развіццё, міжнародныя адносіны, спорт, культура, адукацыя, медыцына, навука.

Што да рэалізацыі праекта, то ў снежні мінулага года Канцэпцыя Нацыянальнага гістарычнага музея была зацверджана Міністэрствам культуры і Нацыянальнай акадэміяй навук. Атрыманы таксама станоўчыя водгукі вядомых навукоўцаў з БДУ і БДПУ імя Максіма Танка.

Усяго ж, як адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, у распрацоўцы Канцэпцыі прымаў удзел 31 спецыяліст у галіне гісторыі і музейнай справы. Пры гэтым была зроблена апора на багаты музейны матэрыял, які сёння назапашаны ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. У той жа час, па словах яго дырэктара Сяргея Вечара, вельмі важна, каб новая ўстанова грунтавалася на сур’ёзнай і высакаякаснай матэрыяльна-тэхнічнай базе. І гэтаму, бясспрэчна, павінен паспрыяць новы корпус музея, першую чаргу якога плануецца запусціць прыкладна праз год. Тады ж адбудзецца і паступовы пераезд экспанатаў. Канчатковая ж здача аб’екта, дзе сярод іншага будзе прадстаўлены экспазіцыйны раздзел “Беларуская традыцыйная культура”, запланавана на 2012 год. Да таго ж, паводле рашэння рабочай групы, асноўная экспазіцыя застанецца ў старым будынку музея. Там жа замест каштоўных прадметаў, звязаных з нашай краінай, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі, плануецца стварыць галаграфічныя выявы.

У бліжэйшы час плануецца прыцягнуць шырокую грамадскасць да абмеркавання Канцэпцыі. І, як запэўніў намеснік міністра культуры Віктар Кураш, усе меркаванні будуць улічаны і абагулены на выніковай навукова-практычнай канферэнцыі. А ўжо цяпер пазнаёміцца з Канцэпцыяй можна на сайце музея.

Канстанцін АНТАНОВІЧ