“Візітка” на шэсць асоб

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Некалькі месяцаў брэстчане бурна абмяркоўваюць скульптурную кампазіцыю ў гонар 1000-годдзя горада, якое будзе адзначацца ў 2019 годзе. Наўрад ці сёння знойдзеш такога жыхара Брэста, тым больш прадстаўніка культурнай грамадскасці, хто б абыякава ставіўся да тых пытанняў, што, быццам снежны камяк, нарастаюць вакол шматфігурнага манументальнага твора скульптара Аляксея Паўлючука. Прычым абмеркаванні абвастраюць самі тэрміны ўзвядзення: ужо ў ліпені бягучага года на скрыжаванні вуліцы Савецкай і бульвара Гогаля павінен з’явіцца гэты знак, які ўвасобіць веліч і гонар старажытнага Брэста.

 /i/content/pi/cult/195/2166/Vizitka1.jpg

Як паведаміла нам у сваім лісце пазаштатны аўтар “К” з горада над Бугам Алена Капачова, “на працягу мінулага года помнік шматразова абмяркоўваўся на пасяджэннях Брэсцкага горадабудаўнічага савета. Змест манументальнай кампазіцыі разглядалі ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ідэю адлюстраваць у помніку самыя значныя падзеі кожнага стагоддзя ў гістарычнай хроніцы 1000-гадовага Брэста падтрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Аб гэтым на пасяджэнні паведаміў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў”.

На Каардынацыйным савеце Брэсцкага аблвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны быў вызначаны канчатковы спіс асоб, чые выявы годныя, каб адлюстраваць 1000-годдзе надбугскай сталіцы. “Першапачаткова запланаваны вобраз Афанасія Берасцейскага вырашылі не ўключаць у кампазіцыю з прычыны таго, што гэты вобраз дастойна ўвасоблены ў скульптуры на праспекце Машэрава... — працягвае А.Капачова. — Сур’ёзныя спрэчкі выклікала постаць вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Ягайлы, паколькі, на думку прадстаўнікоў праваслаўя, гэтая асоба пакінула па сабе нядобрую славу ў гісторыі гэтай канфесіі на Беларусі...

У выніку, у кампазіцыі засталіся выявы шасці гістарычных асоб. Гэта валынскі князь Уладзімір Васількавіч, пры якім у Бярэсці была пабудавана першая праваслаўная царква і старажытная абарончая вежа, вялікі князь Літоўскі Вітаўт, які разам з Ягайлам правёў у горадзе сустрэчу па выпрацоўцы стратэгіі Грунвальдскай бітвы з крыжакамі,берасцейскі стараста Мікалай Радзівіл Чорны. Побач з асобамі сівой мінуўшчыны размясціліся постаці XX стагоддзя: Герой Савецкага Саюза, адзін з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці Андрэй Кіжаватаў, першы Герой Беларусі ваенны лётчык Уладзімір Карват і вучоны-літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Калеснік. Трох’ярусную кампазіцыю вянчае анёл-ахоўнік”.

На мінулым тыдні быў прадстаўлены эскізны праект на заключнае абмеркаванне ў Рэспубліканскім мастацка-экспертным савеце па манументальным мастацтве. Старшыня Савета Міхаіл Баразна падкрэсліў, што гэтая памятная кампазіцыя — першая ў Беларусі, прысвечаная такой велічнай даце, таму да манумента гэткай значнасці ў краіне павінна быць асобае стаўленне.

— Таму мяне здзіўляе, што Брэсцкая вобласць правяла мастацкі конкурс, літаральна закрыўшыся ад усіх. У Рэспубліканскі экспертны савет работу прадставілі толькі на канчатковым этапе. Упэўнены, такое не павінна паўтарыцца: у журы значных для краіны конкурсаў неабходна прысутнасць вядучых дзеячаў культуры, архітэктуры і выяўленчага мастацтва ўсёй краіны.

На пасяджэнні былі выяўлены шматлікія супярэчнасці і недакладнасці твора Аляксея Паўлючука, якіх можна было б пазбегнуць яшчэ на пачатковым этапе працы. У прыватнасці, члены Савета адзначалі

 /i/content/pi/cult/195/2166/Vizitka2.jpg

неабходнасць больш сур’ёзна прапрацаваць пастамент, абыграць “вянец” калоны, падлічыць маштабы і прапорцыі кампазіцыі, каб у найлепшым свеце прадэманстраваць веліч выяўленых у мануменце асоб. Неабходна абдумаць і інфармацыйную нагрузку, каб, з аднаго боку, не ператварыць помнік у метадычны дапаможнік, а з іншага — данесці да гледача неабходныя звесткі пра выбраныя аўтарам постаці, назваць іх.

Творцы на абмеркаванні зазначалі, што Аляксей Паўлючук, параўнальна з першымі эскізнымі праектамі, зрабіў значны крок наперад у мастацкім вырашэнні кампазіцыі.

Прыкладам, мастацтвазнаўца Барыс Лазука адобрыў удалы аўтарскі ход змясціць у руцэ анёла лілею, якая ў праваслаўнай традыцыі заўсёды была сімвалам міру, дабра і шчаслівых вестак. Але неабходна папрацаваць над прапорцыямі самой фігуры, надаць ёй лёгкасці, каб візуальна анёл лунаў у небе. Для гэтага, магчыма, трэба крыху ўзняць помнік.

Члены Савета таксама ўказвалі на відавочныя поспехі скульптара, аднак прапаноўвалі яму звярнуць увагу на дэталізацыю, вобразнасць, пластычную ўзаемасувязь фігур. Міхаіл Баразна зазначыў, што аўтар, на жаль, не мае вопыту працы са шматфігурнымі кампазіцыямі.

Аб тым, што ва ўстаноўцы помніка няма ніводнай малаважнай дэталі, прадстаўнікам Брэста нагадала архітэктар Валянціна Назарава. На фотаздымках, прадстаўленых камісіі, было відаць: мемарыяльная кампазіцыя з абодвух бакоў будзе “падпяразана” дарогамі. Калі брэстчанін захоча разгледзець помнік ці сфатаграфавацца на яго фоне, то яму нічога не застанецца, як выйсці пад колы шчыльнага транспартнага патоку.

Значная кампазіцыя прыцягне сотні людзей, таму і месца вакол помніка павінна быць напоўнена неабходнай турыстычнай інфраструктурай. Аднак на сённяшні момант не запланаваны лаўкі для адпачынку, цалкам не прадуманы выгляд і функцыянальнасць плошчы. Па словах Валянціны Назаравай, у сусветнай практыцы такія пытанні абавязкова вырашаюцца комплексна.

Прадстаўнікі Брэста запэўнілі членаў Савета, што менавіта сімвал 1000-годдзя стане тым штуршком, які дазволіць ініцыяваць афармленне плошчы, зрабіць на ёй крамы, месцы для прагулак.

У выніку доўгага абмеркавання было вырашана праект прыняць з умовай, што заўвагі і прапановы будуць улічаны аўтарам. Міхаіл Баразна выказаў спадзяванне на тое, што слушныя заўвагі мэтраў манументальнага мастацтва і архітэктуры прыдадуць аўтару новых творчых сіл і імпэту ў выпраўленні недарэчнасцей, каб яго праца стала сапраўды гонарам брэстчан і візітоўкай горада.

Настасся ПАНКРАТАВА