Наталля ПЯТКЕВІЧ: “Зыходзіць з трыадзiнства правоў, абавязкаў i адказнасцi”

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

5 лютага, напярэдадні ўступлення ў сілу новага Закона аб сродках масавай інфармацыі, адбыўся “круглы стол” на тэму “Заканадаўства аб СМІ як фактар развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы”. У зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сабраліся прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі, міжнародных арганізацый, кіраўнікі найбуйнейшых дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

 /i/content/pi/cult/195/2164/Pyatkevich.jpg
Асноўнымі накірункамі гутаркі сталі правы і адказнасць прэсы, новы закон аб СМІ, узаемаадносіны ўлады, журналістаў і грамадства. Важным аспектам “круглага стала” стала абмеркаванне закона аб СМІ, які ўступае ў дзеянне з 8 лютага.

“Новы закон аб СМI не накiраваны ў прынцыпе на так званую зачыстку медыйнай прасторы. Нiколi гэта мэта не стаяла, яна i не будзе стаяць”, — адзначыла першы намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь Наталя Пяткевiч. Таксама яна падкрэсліла, што гэты закон трэба не дамысліваць, а чытаць, што ў ім напісана. Такім чынам, паводле слоў Н.Пяткевіч, магчыма пазбегнуць ажыятажу вакол гэтага закона па надуманых, цалкам штучных прычынах.

Пры падрыхтоўцы новага закона быў выкарыстаны вопыт Беларусі і замежных краін. Мiнiстр iнфармацыi Уладзiмiр Русакевiч падкрэсліў, што “пры прыняццi новага закона былi разгледжаны i ў большасцi выпадкаў улiчаны прапановы грамадскiх арганiзацый, якiя маюць розныя погляды на праблему”.

Н.Пяткевіч таксама паведаміла, што распрацаваны дакумент, які рэгламентуе дзейнасць прэс-служб і прэс-сакратароў органаў дзяржаўнай улады. Ён пашырыць поле кантактаў улады і прэсы.

Каменціруючы заўвагi, звязаныя з доступам да iнфармацыi, яе распаўсюджваннем, акрэдытацыяй журналiстаў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта сказала: “Як чыноўнiк, якi мае ў падпарадкаванні пэўных асоб, я лiчу, што гэта абсалютна правiльна, калi людзi, якія займаюць нiжэйстаячыя пасады, маюць права каменціраваць толькi па ўзгадненнi з кiраўнiцтвам. Не для таго, каб забаранiць, а таму што яны не валодаюць усёй iнфармацыяй і часта не могуць выдаць аб’ектыўную, дакладную iнфармацыю...” Яна зрабiла акцэнт на тым, што закон скiраваны не на абмежаванне доступу да iнфармацыi, а на ўпарадкаванне яе распаўсюджвання.

Удзельнікамі пасяджэння была асобна адзначана роля нядаўна створанага Грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы сродкаў масавай інфармацыі. Як падкрэсліў яго старшыня, галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия” Павел Якубовіч, гэты Савет дае магчымасць шукаць ісціну ў дыскусіях і пазбягаць канфрантацыі.

Як адзначыла Н.Пяткевiч, “тая карысць або шкода, якую можа прынесцi прэса, непараўнальная нi з якiм iншым iнструментарыем, што патэнцыяльна можа быць задзейнiчаны дзяржаўнай уладай. Загаловак навіны можа ўдарыць куды мацней, чым любое рашэнне органа дзяржулады”. Н.Пяткевіч падкрэсліла: “Мы павiнны зыходзiць з трыадзiнства правоў, абавязкаў i адказнасцi”.

На здымку: пасяджэнне “круглага стала”.
Фота Генадзя ЖЫНКОВА, БелТА