Энцыклапедыя Дамбавецкага

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

Па ініцыятыве гісторыка-краязнаўчага клуба “Спадчына”, што дзейнічае ў Магілёўскай абласной бібліятэцы, адбылася вечарына “Энцыклапедыя жыцця Магілёўшчыны”, прысвечаная перавыданню кнігі “Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельско-хозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях, с двумя картами губернии и 17 резными на дереве гравюрами видов и типов”. Гэтае грунтоўнае навуковае выданне ў 3 тамах пад рэдакцыяй магілёўскага губернатара Аляксандра Дамбавецкага ўпершыню выйшла ў 1882 — 1884 гадах.

 /i/content/pi/cult/194/2163/Encyklapedyja.jpg
На працягу дзесяці гадоў Дамбавецкі збіраў матэрыялы, прыцягнуўшы да гэтай справы прадстаўнікоў мясцовай улады, землеўладальнікаў, сельскіх стараст, купецтва, заводчыкаў, прыватных асоб розных чыноў, апрацоўвалі ж інфармацыю 19 мясцовых спецыялістаў розных галін ведаў. У выніку з’явілася унікальная праца па гісторыі, эканоміцы, культуры, побыце жыхароў Магілёўскай губерні. На яе старонках можна знайсці адказ амаль на любое пытанне, датычнае жыцця Магілёўшчыны ХІХ стагоддзя.

Нельга не адзначыць: ні адна з губерняў Расійскай імперыі не мела такога выдання! У прыватнасці, у першай кнізе змешчаны гістарычны, фізіка-геаграфічны і этнаграфічны нарысы губерні. Апісваюцца рэкі, азёры, балоты, клімат, раслінны і жывёльны свет. Шырока прадстаўлены каляндар народных звычаяў і абрадаў. Апублікавана каля 500 беларускіх народных песень каляндарнага цыкла, вясельных, рэлігійных твораў. Прыводзіцца таксама апісанне спектакля батлейкі “Цар Ірад”. У 1884 годзе А. Дамбавецкім у якасці дадатку да першай кнігі выдадзены “Вясельныя песні беларускія”.

Змест другой кнігі складае гістарычнае апісанне гарадоў і мястэчак Магілёўшчыны. Найбольш падрабязныя звесткі прыведзены, вядома, пра сам губернскі горад. У трэцяй кнізе змешчаны статыстычныя даныя па паветах. Выданне добра ілюстравана, у ім ёсць фотаздымкі Магілёва, іншых гарадоў і некаторых мястэчак, карты, дапаможныя паказальнікі па батаніцы, разнастайныя статыстычныя табліцы.

У Магілёўскай абласной бібліятэцы захоўваецца першы том з аўтографам Дамбавецкага: “М.М. Арнольду, в знак искренней признательности за участие и содействие. 22 июня 1882 г. А.С. Дембовецкий”.

Гэта каштоўнае выданне даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю, і некалькі асобнікаў, што захаваліся ў абласным краязнаўчым музеі і абласной бібліятэцы, не маглі забяспечыць патрэбу навукоўцаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, аматараў гісторыі, таму пры падтрымцы колішняга старшыні Магілёўскага аблвыканкама, а цяпер — старшыні Савета Рэспублікі Барыса Батуры адбылося перавыданне кнігі.

Гэта вынік сумеснай даследчай і пошукавай дзейнасці супрацоўнікаў Магілёўскай абласной бібліятэкі і абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава. Асабліва важным бачыцца гэтае выданне ў Год роднай зямлі.

Тамара КАЛІНІНА,
загадчык аддзела беларускай
літаратуры
і краязнаўства
Магілёўскай абласной бібліятэкі