Душа гурта — дырэктар СДК Наталля Прус. Яна здолела згуртаваць і зацікавіць аматараў мясцовага фальклору. Адноўлены гістарычны летапіс паселішча, а таксама жаночы народны касцюм вёсак Мерабель і Прудок: 20 рэканструяваных жаночых мазырска-тураўскіх строяў выстаўлены ў СДК.
Склад калектыву змяняўся, але яго нязменнымі ўдзельнікамі засталіся Раіса Яшчыкоўская, Тамара Бачарова, Жанна Пашкоўская, Генадзь Птушанёнак... Як кажа Наталя Прус, гэта надзейныя, адказныя, добразычлівыя людзі, аб’яднаныя не толькі творчасцю, але і сваяцтвам. За гады творчай дзейнасці “Валошак” выраслі тры пакаленні ўдзельнікаў ансамбля, яны навучыліся ад старэйшых майстэрству вышыўкі, саломкапляцення, традыцыйным спевам, танцам...
У рэпертуары калектыву — песні каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, пазаабрадавыя ўзоры позняй традыцыі. Рэканструяваны старажытны звычай “Прысвячэнне” і рытуальныя дзеянні, звязаныя з ім (хлопчыкаў і дзяўчынак у шасцігадовым узросце “прысвячалі” да новай вопраткі).
Каля 13 гадоў кіруе “Валошкамі” Міхаіл Грынеўскі. Разам з удзельнікамі калектыву ён запісаў каля 200 мясцовых песень, танцаў, жартаў, легенд, паданняў, звычаяў і абрадаў. Большасць з іх набываюць сцэнічнае ўвасабленне.Ірына КАМАРЫСТАВА,
метадыст па этнаграфіі і фальклоры
Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці