Стратэгія выжывання

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

“Трэба паспець узяць інтэрв’ю”, — такая асноўная задача паўстала перад супрацоўнікамі аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад час рэалізацыі новага беларуска-германскага праекта. Некаторыя падрабязнасці гэтай і іншых прац аддзела вучоныя паведамілі карэспандэнту “К”.

 /i/content/pi/cult/194/2158/Strategija1.jpg
 Лістоўка ЦК ЛКСМБ. 1942 г.
Напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў супрацоўнікамі вядзецца падрыхтоўка да міжнароднай навуковай канферэнцыі “Партызанскі рух у Беларусі і яго роля ў разгроме фашысцкіх захопнікаў у 1941 — 1944 гг.” — своеасаблівага падсумавання вынікаў даследаванняў апошніх гадоў. У прадстаўнічым форуме, што адбудзецца напрыканцы чэрвеня, возьмуць удзел вучоныя з Украіны, Расіі, Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Ізраіля. Праводзіцца канферэнцыя па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Як падкрэсліў загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксей Літвін, пад час будучай сустрэчы неабходна засяродзіць увагу навукоўцаў на многіх раней не даследаваных аспектах у гэтай галіне. У прыватнасці, пры вывучэнні дзейнасці чырвонаармейцаў і партызан у ваенныя гады гісторыкі сутыкаюцца з цяжкасцямі, выкліканымі адсутнасцю магчымасці сістэмна працаваць у адным пэўным фондзе, бо ў рэгулярнай арміі не было асобных беларускіх дывізій і нашыя суайчыннікі былі раскіданы па ўсёй лініі фронту. А некаторыя жыхары Заходняй Беларусі, прызваныя ў польскае войска ў 1939 годзе, змагаліся з фашызмам на баку заходняй Кааліцыі.

Наогул, па ацэнках гісторыкаў, ва ўсіх відах узброеных сіл у працэнтных суадносінах беларусы ў часы Вялікай Айчыннай вайны былі на трэцім месцы па колькасці асабовага складу як афіцэраў, так і сярод радавых.

Да 3 ліпеня мяркуецца выпусціць з друку кнігу “Беларусь у барацьбе з германскім фашызмам. 1941 — 1945”.

Па словах Аляксея Міхайлавіча, сёлета падыходзіць да завяршэння сумесны праект з Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук “1941 год. Краіна ў агні”, дзякуючы якому айчынныя вучоныя атрымалі допуск у расійскія архівы, дзе раней не было магчымасці даследаваць матэрыял, звязаны з Беларуссю. Вынікам праекта сталі знаходкі разнастайных каштоўных дакументаў, датычных першых месяцаў вайны. А пазнаёміцца з імі можна будзе ў аднайменнай кнізе, дзе прадставяць як аналітычны матэрыял, так і копіі архіўных дакументаў. У перспектыве часавыя межы праекта могуць быць пашыраны.

Яшчэ адной актуальнай работай аддзела, па словах Аляксея Літвіна, з’яўляецца праект “Вопыт прымусовай працы беларускіх грамадзян у час Другой сусветнай вайны”. Ён
 /i/content/pi/cult/194/2158/Strategija2.jpg

Нашыўка астарбайтэра.

ажыццяўляецца з верасня мінулага года сумесна з нямецкім фондам “Памяць, адказнасць, будучыня”. У бліжэйшы час плануецца зрабіць як мінімум 60 інтэрв’ю (у тым ліку і відэагутаркі) з людзьмі, якія працавалі ў шахтах, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, прамысловасці ў Германіі, а таксама на Беларусі.

Як адзначыў прафесар Літвін, гісторыя нашых прымусовых работнікаў перыяду Другой сусветнай вайны стала прадметам спецыяльных даследаванняў толькі ў 1990-х. Аналіз сучаснай гістарыяграфіі сведчыць толькі пра першыя крокі ў вывучэнні гэтых пытанняў. А маштаб фашысцкай аперацыі па вывазе беларусаў быў велізарны. Па апошніх падліках, 400 тысяч беларусаў было прыцягнута да прымусовай працы ў Трэцім рэйху. І гэта пры тым, што гісторыкі пакуль не маюць звестак аб такіх работах на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Сёння ў жывых засталося толькі дзесятая частка сведкаў тых падзей.

Адной з цэнтральных задач праекта з’яўляецца не толькі рэканструяванне гісторыі тых падзей, але і выяўленне рэгіянальнай панарамы выкарыстання беларускіх мірных жыхароў у якасці працоўнай сілы ў эканоміцы нацысцкай Германіі. У гэтым кантэксце асаблівае значэнне пад час рэалізацыі праекта надаецца стратэгіі выжывання чалавека ў кожным канкрэтным выпадку. Менавіта таму ў аснове вырашэння гэтай задачы — успаміны сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей. Часам бывала, што з вёскі забіралі па 50-60 чалавек 16-гадовага і больш сталага ўзросту.

Па выніках праекта запланавана правесці дзве міжнародныя канферэнцыі, а таксама выдаць кнігу з улікам аналізу нямецкіх архіваў.

Канстанцін АНТАНОВІЧ