“Пад руку” з навукай

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

6 лютага ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся “круглы стол”, прысвечаны пытанням навуковага суправаджэння развіцця культуры.

Яго арганізатар — Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі — запрасіў да ўдзелу не толькі навукоўцаў, якія працуюць па названым профілі, але і ўсіх зацікаўленых: прадстаўнікоў міністэрстваў культуры і інфармацыі, вядучых устаноў культуры і мастацтва, сталічных ВНУ, што рыхтуюць творчыя кадры…

Падчас “круглага стала” дасягненнямі падзяліліся прадстаўнікі амаль усіх сектараў ІМЭФ. Але выступленні іх, якія маглі б ператварыцца ў справаздачу, пазбеглі гэтага: акрамя аб’ектыўнай долі “пазітыву”, кожны з выступоўцаў закранаў актуальныя праблемы, рашэнні якіх мусяць мець істотнае значэнне для далейшага развіцця галіны культуры.

Скразной лініяй сустрэчы стала размова пра неабходнасць больш шчыльнага супрацоўніцтва фундаментальнай навукі і рэальнага сектару культуры.

Вынікам “круглага стала” была рэзалюцыя, дзе яго ўдзельнікі вызначылі ў якасці прыярытэтных накірункаў далейшай дзейнасці сярод іншага ўзмацненне прыкладных даследаванняў праз інавацыйныя і гаспадарчыя дамовы; распрацоўку актуальных пытанняў развіцця сучаснай архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; вывучэнне агульных рысаў, рэгіянальных і лакальных асаблівасцей культуры Беларусі, яе разнастайнасці на сучасным этапе; распрацоўку пытанняў пераемнасці мастацкіх традыцый, узаемадзеяння і ўзаемаўплываў народнай і прафесійнай культур; актывізацыю работы ў галіне мастацкай крытыкі па ўсіх відах і жанрах прафесійнага і народнага мастацтва; аказанне садзеяння ў распрацоўцы і прасоўванні фільмаў, якія адлюстроўваюць гісторыю і сучаснасць Беларусі і ствараюцца майстрамі нацыянальнага мастацтва; ажыццяўленне актуальных даследаванняў сямейнага і грамадскага побыту, сучасных этнічных працэсаў, правядзенне паслядоўнай работы па захаванні і папулярызацыі помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі; развіццё і ўмацаванне навуковых школ, што склаліся ў краіне, павышэнне патрабаванняў да ўзроўню і якасці дысертацыйных даследаванняў, стварэнне сумесных з ВНУ навуковых і вучэбных цэнтраў.