Ход канём у “базарных” умовах, або Музейная зала для пузана-самавара

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Кожны з нас нешта збіраў, калекцыяніраваў. У адных калекцыі сканчвалі сваё існаванне з сыходам захаплення, у другіх жа станавіліся важным складнікам жыцця, фанатычным хобі, на якое не шкада ні сіл, ні часу, ні грошай. Развіццё апошняга сюжэта - відавочнае і аднолькавае: дом з цягам часу перапаўняецца калекцыйнымі экспанатамі, якія забіраюць уcю жылую прастору, і сямейнікі ставяць пытанне рубам: "Мы ці калекцыя!" Вось тады, пэўна, і прыходзім да збіральніка рашэнне: музей!

/i/content/pi/cult/111/215/11.jpg

Стварыць музей, альбо знайсці для свайго збору годнае месца ва ўжо існуючым музеі — справа не пяціхвілінная. У першым выпадку трэба мець немалыя грошы на арэнду памяшкання ды на неабходнае для новага музея абсталяванне. У другім — усё залежыць ад паразумення, у тым ліку і грашовага, з кіраўніцтвам музея, дзе мяркуецца размясціць калекцыйны збор. Але якая дзяржаўная ўстанова зможа закупіць сёння калекцыю, скажам, з двух сотняў самых разнастайных самавараў розных часін? “Звычайна калекцыянеры прапануюць усю калекцыю цалкам, а не асобныя рэчы з яе, — патлумачылі нам у навукова-фондавым аддзеле рэчыўных помнікаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі (НМГіКБ), — а гэта вялікія грошы. Да таго ж, музей ужо можа мець у сваім фондзе некаторыя экземпляры, якія паўтараюцца ў зборы калекцыянера”. Таму, здараецца, асобныя значныя калекцыі асядаюць не ў дзяржаўных музеях, узбагачаючы захаваную спадчыну краіны, а ў тых ці іншых камерсантаў, у гандлёвых цэнтрах, іншых багатых установах і г. д. І прыкладаў таму, на жаль, нямала. Вось адзін з іх.

Калекцыя 72-гадовага былога вайскоўца, а сёння — музейнага рэстаўратара, Мікалая Шаўцова пачалася з расійскай глыбінкі, дзе аднойчы ён убачыў прыгожыя самавары, што здаваліся на металалом. Ён не дапусціў таго варварства, выкупіў упадабаныя рэчы. Так і пайшло: самавар за самаварам папаўнялася калекцыя — і набытымі, і падоранымі, і прынесенымі Шаўцову людзьмі, якія пашкадавалі выкінуць на сметнік нібыта ўжо непатрэбную ў сучасным інтэр’еры рэч. Так за сваё “вандроўнае” жыццё вайскоўца па абшарах СССР назбіралася ў Шаўцова звыш 200 самавараў. А пяць гадоў таму гэтая вялікая, па беларускіх мерках, прыватная калекцыя стала ўласнасцю гандлёвага цэнтра “Ждановічы”.

Мяркуючы па лічбах, якія даводзіцца сустракаць у прэсе, — каля 30-ці, 50-ці, 80-ці (столькі, напрыклад, у НМГіКБ) — самаварамі нашыя дзяржаўныя музеі валодаюць дастаткова. Бо самавар — сімвал не толькі расійскага мяшчанства, але і побытавы аксесуар заможнага беларускага шляхецтва. “Самавар характэрны для Беларусі гэтак жа, як і для Расіі. Кожная заможная беларуская сям’я лічыла за высокі ўзровень свайго дастаткумець у хаце самавар”, — пацвердзіла вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела рэчыўных помнікаў НМГіКБ Т.Дубоўская.

Аднак колькасць самавараў дзяржаўных музеяў у параўнанні з колькасцю вышэйназванага гандлёвага цэнтра — каля 250, асновай якога стала калекцыя М.Шаўцова, падаецца не надта ўнушальнай. Як расказваюць супрацоўнікі ждановіцкага музея, арганізаванага спецыяльна для гэтай калекцыі, Мікалай Сцяпанавіч пасля выхаду на пенсію і абуладкавання тут, у Мінску, пачаў усур’ёз задумвацца пра музей для сваёй калекцыі — сапраўдны музей самавараў. Аднак па тых ці іншых прычынах зрабіць яго атрымалася толькі ў гандлёвым цэнтры, кіраўніцтва якога выкупіла калекцыю цалкам і ў 2002 годзе адкрыла на сваёй плошчы, прызначанай для гандлёвых палатак ды буцікоў, бясплатны музей для сваіх пакупнікоў. Зараз толькі за адзін выхадны дзень яго наведваюць 600 і болей чалавек, якія мімахадзь у пакупніцкай мітусні з вялікім здзіўленнем натрапліваюць на шыкоўную выставачную залу ў 180 кв. м. з адпаліраванымі пузанамі-экспанатамі. Адному толькі богу гандлю Гермесу вядома, колькі каштуе плошча музея, куды ўваходзіць і памяшканне для рэстаўрацыйных работ, які размесціўся ў вялізным новапабудаваным гандлёвым цэнтры з еўрарамонтам. Аднак кіраўніцтва цэнтра вырашыла: няхай гэта і дорага, але мы жадаем стварыць для сваіх пакупнікоў своеасаблівы аазіс, дзе можна адпачыць душой і… з новымі сіламі працягнуць пошук патрэбнай рэчы на рынку.

— Наша галоўная задача — захоўваць і папаўняць, — абазначае крэда музея самавараў яго дырэктар Вольга Шкрэд. — Асновай нашага музея, вядома, стала калекцыя М.Шаўцова, аднак мы самастойна яе дадаём тымі відамі самавараў, якіх у нас няма. У тым ліку і з рыначнай барахолкі, дзе мы знаходзім і набываем унікальныя самавары. Кіраўніцтва нашага цэнтра нас заўсёды падтрымлівала і выдзяляла на гэта грошы. Сёння наш музей ведаюць і за межамі рынку, бо дзякуючы сваёй калекцыі мы сталі адным з самых буйных прыватных музеяў самавараў Еўропы. І, шчыра кажучы, вялікая заслуга ў гэтым Мікалая Сцяпанавіча, аўтара калекцыі, які з самаварамі “на ты”. Бо менавіта ён, працуючы тут як рэстаўратар, робіць з запэцканых, старых рэчаў бліскучыя, ці не новенькія экспанаты, дзень за днём адваёўваючы ў даўніны былы выгляд самавара літаральна па сантыметрах.

І сапраўды, музей займеў добрую славу далёка за межамі рынку. Ведаючы пра яго, прыязджаюць паглядзець на самавары і школьніцтва, і… кінастудыя “Беларусьфільм”, якая неаднаразова тут брала неабходныя ёй экспанаты для сваіх здымкаў. І гэтаму не варта здзіўляцца: у шыкоўнай музейнай калекцыі шмат каштоўных экспанатаў. Некаторыя падобны між сабой, але толькі характэрным сілуэтам самавараў-чарак, самавараў-слоікаў. Іншыя вырываюцца з агульнай карціны выставачнай залы сваім незвычайным выглядам: самавар-спадарожнік круглай формы на трох ножках, выпушчаны ў гонар першага савецкага спадарожніка, і тульскі самавар-велікан, зроблены невялікім тыражом да 25-га з’езда КПСС з выявай Ляўшы, што падкоўвае блыху. Звяртае на сябе ўвагу і адпаліраванае “Пасхальнае яйка”, якое ставілі толькі раз на год, і самавар Эдзісана… Аднак асабліва ганарацца супрацоўнікі музея сбіценікам — 250-гадовым продкам самавара, якіх таксама тут некалькі відаў

… Прыватныя музеі, з аднаго боку, вырашаюць важную для гісторыі і людзей праблему, зводзячы ў плены “шлюб” матэрыяльнае — выставачную плошчу, грошы — з духоўным — спадчынай, гісторыяй — у выглядзе той ці іншай значнай ва ўсіх сэнсах калекцыяй. Так яна хаця і не ў дзяржаўных музеях, але захоўваецца для нашчадкаў. Аднак пры ўсіх выдатных матэрыяльных умовах саюзу калекцыі і грошай відавочна бракуе галоўнага — каштоўных навуковых кадраў, якія маглі б граматна сістэматызаваць, вывучаць, супастаўляць, аналізаваць экспанаты калекцыі. Бо нават у найбуйным у Еўропе музеі самавараў, якім сябе пазіцыяніруе ждановіцкі, працуюць былыя работнікі гандлю, якія, як яны кажуць, прачыталі толькі некалькі кніг пра самавары. Таму і на канкрэтную даціроўку сваіх экспанатаў яны не прэтэндуюць, выстаўляючы прыблізную. Таму і экспанаты, згодна лозунгу музея, захоўваюцца і зберагаюцца, Але не аналізуюцца. Таму і ў экспазіцыйнай зале сустракаецца недарэчная безгустоўнасць у выглядзе незразумела да чаго прыстаўленага вялікагаконнага муляжа маштабу 1:1, ласёвых рагоў, прывінчаных ля ўвахода і іншых “прыгожых” рэчаў.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ