Шэсць кніг на жыхара краіны

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

11 студзеня ўрачыста адкрылася ХVІ Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш “Кнігі Беларусі-2009”. Удзельнікамі яе сёлета з’яўляюцца больш за 600 экспанентаў з 25 краін свету. Ганаровымі гасцямі ў гэтым годзе сталі выдавецтвы Казахстана.

 /i/content/pi/cult/194/2148/6 knig1.jpg

Уладзімір Русакевіч (першы злева) і Бауржан Айтказін
(
у цэнтры) на стэндзе казахскіх выдаўцоў.

Ва ўступным слове на цырымоніі адкрыцця выстаўкі-кірмашу міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Русакевіч распавёў пра вынікі выдавецкай справы ў нашай дзяржаве за мінулы год:

— Беларусам ёсць што паказаць. Кнігавыданнем у нас займаюцца больш за 700 выдавецтваў. Мы выпусцілі летась каля 6 экземпляраў кніг і брашур на кожнага жыхара Беларусі. Гэта добры паказчык. Я з задавальненнем адзначаю, што і паліграфічнае выкананне нашай кніжнай прадукцыі паляпшаецца з году ў год.

Уладзімір Русакевіч выказаў упэўненасць, што ХVІ Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш “Кнігі Беларусі-2009” паслужыць збліжэнню культур, народаў, прапагандзе кнігі. Гэтую думку падтрымаў у сваім выступленні старшыня Камітэта па інфармацыі і архівах Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан, кіраўнік казахскай дэлегацыі Бауржан Айтказін, пажадаўшы, нягледзячы на няпростае эканамічнае становішча ў свеце, падтрымліваць і надалей міжнароднае братэрства выдаўцоў.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец лічыць, што на руінах эканомік многіх краін свету сёння ўсё вышэй уздымаецца кніга: “Яна дыктуе і раіць тэмы. Заглядвайце больш у яе!”.

У рамках Міжнароднай выстаўкі-кірмашу новыя кнігі прадставілі шматлікія айчынныя выдавецтвы. Напрыклад, “Беларуская Энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі вызначылася тым, што пачаставала гасцей стэнду нацыянальнымі стравамі, апісанымі ў навінцы — вялікай ілюстраванай кнізе “Беларуская кухня”. Мноства новых цікавых выданняў прадэманстравала “Мастацкая літаратура”. Ярка і змястоўна выглядаў стэнд выдавецтва “Беларусь”, чыя экспазіцыя найперш была прысвечана 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Выдавецтва “Белкартаграфія” здзівіла прадстаўленнем у сваёй экспазіцыі копіі старажытнай карты Вялікага княства Літоўскага.

Вялікі і арыгінальна аформлены стэнд дэманстраваў ганаровы госць сёлетняй выстаўкі Казахстан. Тут прадстаўлена значная колькасць кніг па казахскім мастацтве, гісторыі, творы літаратуры.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА