Камп’ютэр памыляцца не ўмее...

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

Той факт, што пад час традыцыйнага штогадовага веча работнікаў культуры асаблівая ўвага была нададзена тэме інфарматызацыі галіны, сведчыць пра сур’ёзны да яе падыход. Гэта заканамерна — асабліва ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі дэбюракратызацыі ўсіх сфер кіраўнічай дзейнасці.

 /i/content/pi/cult/193/2146/Kampjuter.jpg
Але ж многія з удзельнікаў пасяджэння, мусіць, задавалі сабе пытанне: а якая ў гэтым карысць нам, работнікам культуры з рэгіёнаў? Адказ вельмі просты: “сяброўства з камп’ютэрам” дапаможа зэканоміць час — рэсурс, не менш важны за электраэнергію. Балазе клубнікі і бібліятэкары знойдуць на што яго патраціць і без карпатлівага складання справаздач — гэтай неабходнай “нагрузкі” да творчасці.
Папяровыя плыні, якія курсіруюць паміж установамі культуры краіны, немалыя: толькі для статыстычных справаздач штогод патрэбна каля 40 тысяч бланкаў. Кожны з іх трэба запоўніць, укласці ў канверт... А ў той самы час колькасць дрэў у свеце імкліва змяншаецца!
— Справаздачы на папяровых бланках — гэта ўчорашні дзень, — лічыць начальнік аддзела кантролю і справаводства Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр ГРУЗДОЎ. — У бліжэйшай перспектыве мы плануем увогуле ад іх адмовіцца. Было падлічана, што інфармацыйныя тэхналогіі і аўтаматызаваная сістэма перадачы даных дазваляе зменшыць затраты часу на складанне і дастаўку справаздач у 4-5 разоў. У гэтым я магу на ўласным досведзе запэўніць. Бо ўласнаручна абнаўляю даныя ў пашпарце Міністэрства культуры.
Каб не зацыроўваць “кадравыя дзіркі”
Такія пашпарты мусяць мець усе ўстановы культуры краіны — ад Міністэрства да сельскага клуба. Праграмна-інфармацыйны комплекс “Установа” дазволіў весці іх у электронным выглядзе. За лічаныя хвіліны ўведзеныя праз клавіятуру звесткі трапляюць у інтэграваныя базы даных. А потым — на рабочыя камп’ютэры тых, хто вызначае шлях развіцця галіны. Для іх інфармацыйная база мае стаць настольнай кнігай.
— Як гэта працуе на практыцы? — перапытвае Аляксандр Груздоў. — Зараз прадэманструю. Напрыклад, мне трэба даведацца пра кадравы склад работнікаў культуры Лельчыцкага раёна. Раней давялося б тэлефанаваць туды, адрываць людзей ад справы. А цяпер дастаткова націснуць пару клавішаў, і ўся інфармацыя — перад вачыма. Больш за тое: я лёгка магу параўнаць гэтыя звесткі з данымі па іншых раёнах і, прааналізаваўшы вынік, зрабіць адпаведныя высновы.
Камп’ютэр “ведае” не толькі колькасць работнікаў культуры і вольных вакансій, але і век ды адукацыю спецыялістаў. Таму зрабіўшы выбарку “Перадпенсійны ўзрост”, кіраўнік той ці іншай навучальнай установы здолее атрымаць пацверджаны лічбамі прагноз: якія спецыяльнасці будуць запатрабаваны ў рэгіёне праз пяць або дзесяць гадоў. І такім чынам карэкціраваць план прыёму абітурыентаў, прадухіляючы тым самым узнікненне “кадравых дзірак”, якія не так і проста потым будзе “зацыроўваць”.
— Важны складнік працэсу кіравання — разумнае размеркаванне фінансаў на аснове ведання сітуацыі, — адзначыў Аляксандр Груздоў. — Таму хуткі доступ да інфармацыі сапраўды вельмі важны. Як і яе дакладнасць.
Сінонім дэбюракратызацыі
Дакладнасць звестак ад эканоміі часу зусім не пакутуе, наадварот: звядзенне статыстычных даных уручную нярэдка прыводзіць да банальных арыфметычных памылак — “чалавечы фактар” усё ж даецца ў знакі. А машына памыляцца не ўмее.
Да таго ж, такая спрошчаная схема дазваляе рабіць замеры не штогадова, а раз на месяц ці квартал. Адпаведна, і звесткі не паспяваюць надта састарэць. А ўжо ў найбліжэйшай будучыні камп’ютэр “навучыцца” аналізаваць даныя, адлюстроўваючы іх у выглядзе табліц, графікаў і дыяграм не толькі, як шматгадовыя тэндэнцыі развіцця культуры, што ён выконвае на падставе гадавых справаздач статыстычных назіранняў, але і становішча галіны пры аналізе і прыняцці аператыўных рашэнняў па яе кіраванню.
Чаму інфарматызацыя становіцца сінонімам дэбюракратызацыі? Аляксандр Груздоў патлумачыў гэта на прыкладзе:
— Раней была такая завядзёнка: калі работнікам цэнтральнага апарата Міністэрства былі патрэбны тыя або іншыя звесткі, яны тэлефанавалі ў абласныя ўпраўленні культуры, якія, у сваю чаргу, “напружвалі” раёны, і г.д. У выніку шлях атрымання адной або дзвюх лічбаў мог быць вельмі доўгім і пакручастым. Таму ў рамках выканання Дырэктывы № 2 мы забаранілі кіраўнікам запытваць ва ўстановах тую інфармацыю, якая даступна праз банк даных. А работнікам культуры, у сваю чаргу, — забаранілі гэтую інфармацыю даваць.
Прагалы ў банку даных
Мэтанакіраваная праца па інфарматызацыі кіравання культурай вядзецца ўжо з 2001 года. І паводле атрыманых вынікаў (хай сабеяшчэ толькі “прамежкавых”) можна смела сцвярджаць, што галіна не толькі не пляцецца ў хвасце прагрэсіўных тэндэнцый, але, наадварот, выходзіць у лідэры.
З нядаўняга часу дзелавая перапіска паміж установамі культуры вядзецца пераважна праз ведамасную электронную пошту. Дзякуючы ўкараненню гэтай інавацыі, стасункі сталі хутчэйшымі і таннейшымі, не кажучы, зноў жа, пра эканомію часу.
Важны этап інфарматызацыі — стварэнне інтэграванага банка даных устаноў культуры. Гэтая доўгая і карпатлівая праца была выканана лабараторыяй інфарматыкі і сістэмнага аналізу колішняга Інстытута праблем культуры на чале з Уладзмірам Бастраковым (“К” пісала пра гэта ў № 13 за 2006 г.).
— Сёння сістэма ахоплівае ўстановы культуры ўсіх тыпаў, уключна з сельскімі клубамі, — распавядае Аляксандр Груздоў. — Першасная інфармацыя трапляе з устаноў у раённыя базы даных, тыя, у сваю чаргу, — у абласныя...
Але ж сёння ўзнікаюць і сякія-такія праблемы: некаторыя ўстановы марудзяць з абнаўленнем звестак пра сябе ў банку даных, некаторыя — і наогул у ім пакуль што адсутнічаюць. Увогуле ж, начальнік аддзела кантролю і справаводства тлумачыць “замінкі” ў справе інфарматызацыі ўсё тым жа “чалавечым фактарам” — нізкай “камп’ютэрнай пісьменнасцю” многіх работнікаў культуры.
— Хаця, паверце, засвоіць патрэбныя навыкі зусім не складана, — дадае ён.
...Рэзюмуючы выступленне А.Груздова пад час нарады ў Нацыянальнай бібліятэцы, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук адзначыў, што інфармацыйныя тэхналогіі патрабуюць укаранення ў дзейнасці ўстаноў культуры ўсіх узроўняў. Бо час і высілкі, аднойчы ахвяраваныя на засваенне новых тэхналогій, акупяцца потым стокроць.
Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА