Нобелеўская прэмія — самая прэстыжная ў свеце. Першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі стаў у 1901 годзе немец Вільгельм Конрад Рёнтген за адкрыццё апарата, які атрымаў імя свайго вынаходніка. Праз 99 гадоў — у 2000-ым — Нобелеўская прэмія ў галіне фізікі была прысуджана Жарэсу Іванавічу АЛФЁРАВУ. Будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў беларускім горадзе Віцебску. А назвалі яго такім далёка не беларускім імем у гонар заснавальніка французскай сацыялістычнай партыі Жана Жарэса. На адной з навуковых канферэнцый у Францыі здарыўся казус: арганізатары зарэгістравалі вучонага пад прозвішчам Жарэс, палічыўшы, што Алфёраў — такое славянскае імя.
— Апошні раз я быў тут больш за трыццаць гадоў таму: раней усё не надараўся выпадак. Жарэс Іванавіч і яго жонка Тамара Георгіеўна распрануліся ў агульным гардэробе, адмовіўшыся ад прапановы пакінуць паліто ў кабінеце дырэктара.
— Нічога, нічога, мы — як усе. У нядзелю ў музеі было шматлюдна. Гасцей суправаджалі два акадэмікі: Анатоль Дастанка, старшыня праўлення Міжнароднага Алфёраўскага фонду падтрымкі адукацыі і навукі, і першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі Пётр Віцязь. Мы падняліся на другі паверх, і Жарэс Іванавіч радаваўся, як дзіця, што пасля доўгага расстання вярнуўся літаральна ў родны дом.
— Ведаеце, — па-змоўніцку паведаміў ён, — мая жонка — унучатая пляменніца мастака Фёдара Васільева.
У экспазіцыі была карціна Васільева “Крым. 1873 год”. Алфёравы сфатаграфаваліся на фоне твора.
— Глядзіце: коні Клодта, копія такіх, як на Анічкавым мосце ў Піцеры. Калісьці беларус Павел Паўлавіч Кабека са сваім сябрам Анатолем Пятровічам Аляксандравым, будучым прэзідэнтам АН СССР, вяртаючыся пасля вечарыны ў рэстаране, залезлі на коней, пакуль іх не зняла адтуль міліцыя.
Ля карціны Валянціна Волкава “Глеб Глебаў, Аскар Марыкс і Уладзімір Уладамірскі” Жарэс Іванавіч затрымаўся і ўзгадаў:
— Я ніводнага спектакля Купалаўскага тэатра не прапускаў... Цудоўны музей. З вялікім задавальненнем яго аглядаю. Класіка, шмат беларускага мастацтва. Я не ведаў, што велізарную ролю ў аднаўленні і развіцці музея адыграла жонка кампазітара Мікалая Аладава, якая шмат гадоў была дырэктарам установы. А з сынам яе мы разам у школе вучыліся. Я сёння ж абавязкова патэлефаную Вальмену.
Паход па залах музея нагадваў спатканне з добрымі сябрамі.
— Мінская сярэдняя школа № 42, на плошчы Свабоды. Мы яе называлі “гвардзейская”, “непрамакальная”. Там былі цудоўныя выкладчыкі.
Адзін Якаў Барысавіч Мельцэрзон, настаўнік фізікі, чаго варты! Яго ўрокі былі фантастычныя! Ваенную падрыхтоўку нам выкладаў Дзмітрый Фролікаў, які 3 ліпеня 1944 года першым на “трыццацьчацвёрцы” ўварваўся ў Мінск.
Мы ў школе былі вельмі дружныя. За адным сталом сядзелі Ігар Атраховіч, сын Кандрата Крапівы, Александроўскі і я. Наша настаўніца называла нас “неразлучныя тры “А”.
Школьныя гады Жарэса Алфёрава — стартавая пляцоўка ў навуку. Як важна маладому чалавеку вызначыць правільны шлях у жыццё!
— Якаў Барысавіч настойліва патрабаваў, каб я паступаў у Ленінградскі фізіка-тэхнічны інстытут. Паступленне для мяне цяжкасцей не складала: я скончыў школу з залатым медалём, і быў прыняты ў інстытут без экзаменаў.
Жарэс Іванавіч гарэзліва ўсімхнуўся і, паказаўшы на сабор, намаляваны на карціне, сказаў:
— Паўз гэты сабор мы з Ігарам Атраховічам хадзілі ў школу. Было сярод нас, хлопцаў, павер’е: калі сустрэнеш святара — трэба ўзяцца за гузік. Ідзём, глядзім — поп нам насустрач! Мы — хоп за гузікі! А поп убачыў гэта і... сплюнуў!
— Жарэс Іванавіч, ці адчуваеце вы сябе чалавекам Свету? — пытанне задала Надзея Усава, намеснік дырэктара музея.
— Я адчуваю сябе ленінградцам і беларусам. Мінск і Беларусь — гэта маё! Я сюды прыязджаю ў родныя мясціны да родных людзей. Мой тата быў начальнікам трэста цэлюлозна-папяровай вытворчасці, і яшчэ школьнікам браў мяне з сабой у паездкі па рэспубліцы. Я аб’ездзіў з ім амаль усю Беларусь. Мне было 15 — 16 гадоў. Аднойчы машына зламалася, давялося заначаваць у вёсцы. Да гэтага часу памятаю жанчыну, якая нас прытуліла, стала завіхацца ля печы — гатаваць бульбу. Мы ж зусім незнаёмыя ёй, а яна прывеціла нас! Ну як не любіць Беларусь?!
А цяпер? Не краіна — казка! Уехалі мы з Тамарай нядаўна ў Бешанковічы. Горад-сад — увесь у кветках. А дарогі паміж вёскамі — лепшыя, чым шаша Масква — Санкт-Пецярбург!
Экскурсія прадоўжылася ў новым корпусе музея, дзе пад шклом выстаўленыя слуцкія паясы. Унікальныя творы беларускіх майстроў, на жаль, не маюць беларускай прапіскі: прывезлі іх з Масквы, дзе яны захоўваюцца ў запасніках Гістарычнага музея.
— Не справа гэта, — сказаў Жарэс Іванавіч, калі даведаўся, што ў Беларусі няма ніводнага цэлага слуцкага пояса, — абяцаю пагаварыць з міністрам культуры Расіі пра гэта. Мы з ім добрыя знаёмыя. Няхай падорыць брацкаму народу.
— Мы прапанавалі б што-небудзь узамен, — падхапіла ідэю Надзея Усава.
— Я заўсёды кажу: Беларусь — самая сапраўдная еўрапейская краіна, безумоўна. Чыстая, цывілізаваная, сучасная. А музей які! Павінны быць у вас слуцкія паясы!
Разам з намі быў народны мастак Беларусі Іван Міско. Ён прыглядаўся да Жарэса Іванавіча прафесійным поглядам скульптара і, не давяраючы сваёй памяці, фатаграфаваў знакамітага фізіка плёначным “Алімпусам”. Жарэс Іванавіч, заўважыўшы старанні Івана Якімавіча, заўважыў:
— Я ў профіль дрэнна атрымліваюся. — І ў адказ на прапанову скульптара папазіраваць у майстэрні, дадаў: — Летам, у чэрвені, прыеду ў Мінск — тады і сустрэнемся.
* * *
Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара
Фота аўтара