Леанід РАПАПОРТ, дырэктар Камунальнага унітарнага прадпрыемства “Бабруйсккіно”:

№ 5 (873) 31.01.2009 - 06.02.2009 г

"Глядзім “Кіно маёй краіны”!"

 /i/content/pi/cult/193/2141/Rapaport.jpg
— У адпаведнасці з пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2007 года, рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ад 8 лютага 2008 года №3-6 праведзена рэарганізацыя камунальнага унітарнага прадпрыемства “Магілёўаблкінавідэапракат”. Цяпер кінавідэаабслугоўванне насельніцтва вобласці ажыццяўляюць Магілёўскае абласное вытворчае унітарнае прадпрыемства “Кінавідэапракат”, 20 раённых кінавідэаарганізацый у складзе аддзелаў культуры гар-, райвыканкамаў і камунальнае унітарнае прадпрыемства “Бабруйсккіно” з фільмабазай, двума кінатэатрамі, вясковай кінавідэасеткай. Штатная колькасць КУП “Баруйсккіно” складае 111 адзінак. Для арганізацыі кінавідэапаказаў у населеных пунктах Бабруйскага раёна, якія не маюць стацыянарных кінаўстановак, выкарыстоўваюцца тры мабільныя кінавідэакомплексы, у функцыі якіх уваходзіць абслугоўванне маланаселеных і аддаленых вёсак.
Паводле вынікаў працы за 2008 год, камунальным унітарным прадпрыемствам “Бабруйсккіно” выканана заданне па платных паслугах на 141,1% да ўзроўню мінулага года. Доля ўласных сродкаў склала 77,8%. Выдаткі грошай на паслугі кіно ў разліку на 1 жыхара ў сярэднім склалі 2281 рубель, што вышэй за сярэднеабласны паказчык на 156 рублёў.
Несумненна, што рэарганізацыя кінавідэапракатных арганізацый нашай вобласці дазволіла перавыканаць усе даведзеныя эканамічныя паказчыкі. Пры наладжванні кінавідэапаказаў кінавідэапрадпрыемствы больш сталі ўлічваць рэгіянальныя асаблівасці і ўмовы, запыты насельніцтва, больш адказна і рознабакова падыходзіць да абслугоўвання жыхароў вёскі, выконваючы даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прыняўшы кінаарганізацыі ў раённую і гарадскую камунальную ўласнасць, на працу кінавідэаарганізацый сталі звяртаць увагу гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты, рэальна дапамагаць у правядзенні сацыяльна-значных мерапрыемстваў, рабоце з арганізаваным гледачом і, перш за ўсё, ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Можна з упэўненасцю сказаць, што ў Магілёўскай вобласці кожная раённая кінавідэасетка ў складзе аддзелаў культуры ўлілася ў народнагаспадарчы комплекс раёнаў і гарадоў.
Важна і тое, што ў 2008 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ініцыявала, а Кіраўніком дзяржавы была падтрымана распрацоўка рэгіянальных праграм развіцця кінавідэапракатных арганізацый рэспублікі. Такая праграма зацверджана і ў Магілёўскай вобласці, мерапрыемствы якой пачалі ўкараняцца летась. У адпаведнасці з мерапрыемствамі праграмы рамантуюцца кінатэатры, набываецца кінавідэатэхналагічнае абсталяванне і аўтатранспарт, абсталяванне для абслугоўвання вёскі.
Плануецца, што на рэалізацыю мерапрыемстваў Праграмы развіцця кінематаграфічнай дзейнасці Магілёўскай вобласці да 2010 года будзе накіравана больш за 10 млрд. рублёў. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць стварыць годныя ўмовы для працы і кінавідэаабслугоўвання гарадскога і вясковага насельніцтва.
Пасля вырашэння арганізацыйных пытанняў захаваліся найважнейшыя змястоўныя накірункі працы камунальнага унітарнага прадпрыемства “Бабруйсккіно”. Сярод самых значных мерапрыемстваў, што былі наладжаны ў 2008 годзе, можна назваць такія, як “Штрыхі да партрэта”, прысвечанае 70-годдзю У.Высоцкага, “Рамантык з Люцынкі”, прысвечанае 200-годдзю нашага земляка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, абласную кінаакцыю “Кіно маёй краіны”, якая ў красавіку стартавала ў Магілёве пры падтрымцы Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і стала новым этапам у папулярызацыі беларускага кінематографа. У межах кінаакцыі ў 2008 годзе ў Бабруйску і аграгарадках былі арганізаваны прэм’ерныя паказы мастацкіх фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”: “Чаклун і Румба”, “Радзіма або смерць”, “Шчыт Айчыны”, “На спіне ў чорнага ката”, “Зграя”. З вялікім поспехам прайшоў кінатыдзень ў межах ХV Міжнароднага Мінскага кінафестывалю “Лістапад”. “Візітоўкай” кінапракатчыкаў Магілёўшчыны з’яўляецца Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”. У Бабруйску і аграгарадках Бабруйскага раёна адбыліся тэатралізаваныя прадстаўленні з дэманстрацыяй лепшых анімацыйных фільмаў ХІ фестывалю з 13 краін свету. У 2009 годзе прадпрыемства “Бабруйсккіно” актыўна ўключылася ў правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У 2008 годзе значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база прадпрыемства. За кошт сродкаў абласнога бюджэту набыты кінавідэатэхналагічнае абсталяванне і новы аўтамабіль “Рэно-Кангу” для арганізацыі кінавідэапаказаў на вёсцы.
Неабходна адзначыць, што поспехаў у працы нельга дасягнуць без зладжанай і стабільнай работы кадраў кінатэатраў і кінаўстановак. У 2008 годзе 5 працаўнікоў прадпрыемства “Бабруйсккіно” прайшлі перападрыхтоўку і атрымалі кваліфікацыю кінамеханіка.
У сваю чаргу, у арганізацыі кінавідэаабслугоўвання насельніцтва ёсць і некаторыя праблемныя пытанні, якія патрабуюць рашэння на рэспубліканскім узроўні:
— арганізацыя падрыхтоўкі кінавідэаінжынераў з вышэйшай адукацыяй;
— забеспячэнне кінапракатных арганізацый дзіцячым рэпертуарам і навучальным кінавідэаматэрыялам беларускай вытворчасці для навучальных устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў;
— павелічэнне выпуску новай прадукцыі Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Беларускі відэацэнтр”, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, якая сёння запатрабавана пры правядзенні сацыяльна-значных мерапрыемстваў і выканання Дзяржаўных праграм;
— арганізацыя вытворчасці беларускага відэапраекцыйнага і іншага кінатэхналагічнага абсталявання.